Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя стварае свой банк дадзеных


У выбарчай кампаніі адначасова адбываюцца некалькі этапаў: утвараюцца ўчасткі для галасаваньня, патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы. А ў нядзелю, 20 ліпеня, пачынаецца і вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты.


Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сказаў “Свабодзе”, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ўжо ствараюць агульную базу дадзеных аб прэтэндэнтах на працу ва ўчастковых камісіях:

“Мы ўзялі на сябе такія абавязкі — да 30 ліпеня мець першы варыянт. Ну, і ў нас яшчэ застанецца тыдзень, каб усё ўтрэсьці. Будзем зацьвярджаць кандыдатаў як мінімум на прэзыдыюме АДС”.

Кіраўніца прававога аддзелу Цэнтравыбаркаму Надзея Кісялёва кажа, што дакладная лічба выбарчых участкаў стане вядомая толькі пасьля 26 ліпеня:

“Дакладна зараз мы й ня можам сказаць. Хіба што калі параўнаць з апошнімі мясцовымі выбарамі? Тады было 6527 участкаў”.

Пачуўшы гэтую лічбу, спадар Карняенка рэагуе:

“Ой, не, ва ўсе ўчасткі мы вылучаць ня будзем. Паводле нашых разьлікаў, будзем да 1500 участкаў ахопліваць”.

Каардынатар кажа, што цяпер вырашаецца, на якіх камісіях сканцэнтраваць людзкія рэсурсы дэмсілаў:

“Зараз думаем. Гэта залежыць ад таго, які банк дадзеных мы назьбіраем. Спачатку палічым нашы рэсурсы. А потым будзем глядзець, як іх выкарыстаць. Ад гэтага ўсё і будзе залежаць”.

24 ліпеня адбудзецца паседжаньне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Лідэры апазыцыі вырашаць, як рэагаваць на дзеяньні ўладаў, якія не ўключылі ў шмат якія акруговыя выбарчыя камісіі вылучэнцаў АДС. Прапановы выказваюцца розныя — ёсьць нават варыянт зьняцьця кандыдатаў у дэпутаты ад дэмсілаў у тых акругах, дзе ў акруговых камісіях няма прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў.

На Гомельшчыне ў склад 17 акруговых выбарчых камісіяў уключаны 12 прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў. Гэта — своеасаблівы рэкорд. Раней у камісіі такога ўзроўню ўключалі аднаго-двух прадстаўнікоў, а то й наагул абыходзіліся бязь іх.

Сябры кааліцыі дэмакратычных сілаў рэгіёну лічаць, што ўключэньне ў акруговыя камісіі сталася вынікам моцнай інфармацыйнай кампаніі. Актывісты здолелі патлумачыць, што апазыцыя возьме ўдзел у выбарах толькі тады, калі рэгіянальныя актывісты будуць уключаныя ва ўсе акруговыя і ўчастковыя камісіі. Умовы гэтыя выкананы сёньня ў Гомельскай вобласьці толькі на дзьве траціны, а ў іншых рэгіёнах —нашмат меней.

Вылучэнец АДС, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе, рэгіянальны кіраўнік аргкамітэту стваранай партыі Свабоды й прагрэсу Пётар Кузьняцоў лічыць, што акруговыя камісіі, па сутнасьці, нічога не вырашаюць. Таму з-за гэтага ня варта адмаўляцца ад удзелу ў выбарах. Трэба пачакаць фармаваньня ўчастковых камісіяў:

“Гэта для мяне асабіста не зусім зразумелы манэўр улады, бо ў іншых абласьцях мы бачым зусім іншую карціну. Але функцыі акруговай камісіі цяпер зьведзены да нейкай такой перадатачнай інстанцыі, кур’ерскай службы, якая перадае пратаколы ад участковых камісіяў Цэнтральнай выбарчай. Таму ня вельмі важна, як яны сфармаваныя. Усе справы вырашаюцца менавіта ў дзьвюх камісіях — участковай і цэнтральнай. Я падпісваў абавязкі ўдзельніка АДС і буду надалей дзейнічаць адпаведна рашэньням Аб’яднаных дэмакратычных сілаў”.

Прэтэндэнт ад АДС на дэпутацтва ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе Артур Цурбакоў (у ягонай акрузе таксама ў акруговую камісію не ўключылі прадстаўніка апазыцыі) лічыць, што на невыкананьне ўмоваў прадстаўнікоў АДС павінна быць адпаведная рэакцыя — адмова ад удзелу ў выбарах. Але ў пэўны час:

“Я лічу, што сваіх словаў трэба прытрымлівацца, кіравацца абяцаньнямі й заявамі. Галоўнае для мяне, каб АДС выпрацавала канцэпцыю, калі й як зьняцца. Зручна зараз зарэгістравацца, каб была афіцыйная нагода займацца агітацыяй. І пасьля, у апошні дзень, я мог бы вельмі проста зьняцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG