Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паменее ў Магілёве вуліц з савецкімі назвамі? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Магілёве зноў спрачаюцца, як пераназваць Савецкую плошчу, над якой цяпер узвышаецца адбудаваная ратуша. Ратушу ўрачыста адкрылі сёлета трэцяга ліпеня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тапанімічная камісія гарвыканкаму прапануе два варыянты пераназваньня: альбо плошча Славы, альбо Герояў. Месяц таму як варыянт прапаноўвалася й назва Ратушная, цяпер яна ня згадваецца. Камісія прапануе называць новыя магілёўскія вуліцы імёнамі вядомых беларускіх дзеячаў. Пра перайменаваньне цэнтральных вуліцаў гораду, назвы якіх спрэс савецкія, гаворкі няма.


Пытаньне, як пераназваць Савецкую плошчу, зьбіраюцца вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне. Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме прапануе Савецкую плошчу перайменаваць у плошчу Славы альбо Герояў. Гаворыць намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка:

“Мы прапануем і вэтэранам, і дэпутатам, і наагул грамадзкасьці гораду праз сродкі масавай інфармацыі паўдзельнічаць у абмеркаваньні. Можа, нехта прапануе больш цікавыя назвы”.

Наагул жа над пытаньнем, як пераназваць Савецкую плошчу, гарвыканкам думае другі год. Летась, калі пачалася адбудова ратушы, чыноўнікі не наважыліся на перайменаваньне ў плошчу Герояў. Тады спаслаліся на тое, што грамадзкая думка супраць і гарсавет не дае згоды. Сёлета перад адкрыцьцём ратушы была яшчэ адна спроба. Прапаноўвалася пераназваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, альбо ў Ратушную. Цяпер сярод варыянтаў Ратушнай плошчы няма.

Гістарычная назва плошчы — Гандлёвая. Так яна называлася да прыходу ў Магілёў расейцаў. Да кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту плошчу называлі Губэрнатарскай. Савецкай плошча стала за бальшавікамі. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял “Барацьбітам за Савецкую ўладу”.

Тапанімічная камісія, акрамя перайменаваньня Савецкай плошчы, прапануе называць вуліцы ў новых гарадзкіх раёнах імёнамі славутых беларускіх дзеячаў.

“Будуць у нас сьветлыя прыгожыя шырокія вуліцы — канечне, такія ня сорамна назваць імёнамі Янкі Купалы альбо Якуба Коласа. У нас сур’ёзнае будаўніцтва ў горадзе вядзецца і будзе весьціся ў пэрспэктыве. Мы будзем імкнуцца ўвекавечыць найперш імёны нашых славутых беларусаў-землякоў”, зазначае Фёдар Міхеенка.

Што да вуліцы імя Янкі Купалы, то такая ў Магілёве ёсьць. Знаходзіцца яна ў адным са спальных гарадзкіх раёнаў і хутчэй нагадвае райцэнтраўскі завулак з прыватных драўляных будынінаў. Шыльды вуліцы напісаныя па-расейску.

Пра перайменаваньне цэнтральных вуліц гораду, назвы якіх спрэс савецкія, гаворкі няма. Ленінская, Піянэрская, Першамайская, імя Дзяржынскага, Карла Маркса — гэта назвы цэнтральных магілёўскіх вуліц. Кажуць, што існуе нібыта забарона на іх пераназваньне. Ці так гэта? Адказвае дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў:

“Я за тое, каб вярнулі гістарычныя назвы ў цэнтры гораду. Я ня чуў ніводнага разу, што ёсьць нейкая афіцыйная забарона на тое, каб іх не пераймяноўваць нейкі час. Рэч у тым, што прэцэдэнту такога вялікага, маштабнага ў Магілёве на перайменаваньне не было. І такіх адказаў са спасылкай на мараторый таксама не было”.

Што павінна адбыцца, каб цэнтральным вуліцам пачалі вяртаць іхнія гістарычныя назвы? Адзін з ініцыятараў збору подпісаў магілёўцаў за адбудову ратушы Зьміцер Салаўёў кажа, што павінна зьмяніцца ўлада, якая трымаецца савецкіх каштоўнасьцяў:

“Беларускія каштоўнасьці яны ня могуць узяць з палітычных прычын, таму трымаюцца за савецкія. Прыйдуць новыя людзі — беларусы паводле сьвядомасьці -- і назвы пачнуць мяняцца. Гэтае пытаньне павінны вырашаць навукоўцы, пісьменьнікі, гісторыкі, якія маюць гонар называцца нашай элітай”.

З гістарычнымі назвамі цэнтральных вуліц сытуацыя супярэчлівая. Напрыклад, пешаходная вуліца Ленінская да прыходу ў Магілёў у 1772 годзе расейцаў звалася Ветраной. Яна заўжды прадзьмуваецца ветрам, адсюль і назва. Расейцы ж пераназвалі яе ў Вялікую Садовую. Дык якая зь іх больш гістарычная — Ветраная альбо Вялікая Садовая? Цяпер перавага аддаецца апошняй, і менавіта яна фігуруе ў якасьці гістарычнай на беларускамоўных шыльдах на вуліцы Ленінскай.

На фота: магілёўская вуліца імя Янкі Купалы.


На фота: шыльды на вуліцы імя Янкі Купалы — па-расейску.

XS
SM
MD
LG