Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За паўтара месяца да пачатку новага навучальнага году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, якім канчаткова замацаваны 11-гадовы тэрмін навучаньня ў сярэдніх школах.


Гэтаксама будзе захаваны 6-дзённы навучальны тыдзень — па суботах са школьнікамі будуць весьці выхаваўчую працу і ладзіць “фізкультурна-аздараўляльныя імпрэзы”. Зь якімі выдаткамі адмовы ад 12-гадовай адукацыі давядзецца сутыкнуцца дзецям і выкладчыкам?
Усё, што было зроблена на працягу апошніх 10 гадоў, усё перакрэсьлена адным махам

Хоць фармальна прэзыдэнцкі дэкрэт яшчэ павінен ухваліць Савет рэспублікі, у ягонай канчатковай вэрсіі ніхто не сумняецца. То бок ужо сёлета, ад 1 верасьня 2008 году, у Беларусі стартуе чарговы экспэрымэнт — з 11-гадовым навучаньнем у агульнаадукацыйных школах. Пратэсты адмыслоўцаў супраць пасьпешлівасьці рашэньня, якое супярэчыць эўрапейскай практыцы, плёну ня мелі.

Менскі выкладчык Сяргей Русецкі кажа, што фактычна тым самым скасоўваецца ўсё, што было напрацавана за апошнія 10 гадоў. Так, у адпаведнасьці з дэкрэтам, заняткі ўва ўсіх агульнаадукацыйных установах будуць праводзіцца на базавым узроўні паводле адзіных праграмаў. Для навучэнцаў, якія выяўляюць асаблівую цікаўнасьць да канкрэтных дысцыплінаў, прадугледжваюцца толькі факультатыўныя заняткі:

“Нават савецкая школа ў прынцыпе ішла шляхам прафіляваньня, які мы сёньняшнімі навацыямі перакрэсьліваем. Бо тая ж савецкая школа была арыентаваная на падрыхтоўку інжынэра ўжо са школьнай парты. То бок нават школьная савецкая адукацыя ўжо ўтрымлівала профіль. Сёньня, калі наша краіна пайшла шляхам трохступенчатай мадэлі навучаньня розным прадметам у школе — маецца на ўвазе базавы ўзровень, профільны ўзровень, паглыблены ўзровень — усё гэта перакрэсьлена. Усё, што было зроблена на працягу апошніх 10 гадоў — новыя праграмы, новыя падручнікі — усё перакрэсьлена адным махам”.

Ужо праз год Беларусі давядзецца перажыць выпускны бум — школу адначасна скончаць вучні, пад якіх закладалася 12-гадовае навучаньне, і тыя, хто выйдзе з ужо ўзаконенай як выпускная 11-й клясы. Адпаведна, чакаецца вялікі конкурс у ВНУ.

Як узгадвае былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў, у 1966 годзе ён сам стаў ахвярай адукацыйнага экспэрымэнту, калі ў адзін год са школы выходзілі выпускнікі 11-ці клясаў і скарочанай дзесяцігодкі. Аднак тады дзяржава павялічыла колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ, і праблема збольшага вырашылася (хоць конкурс усё роўна быў нашмат вышэйшы за папярэднія гады). У цяперашніх умовах, як кажа спадар Паўлаў, Міністэрства адукацыі можа разьвязаць праблему нашмат прасьцей:
Калі сам настаўнік ня ведае, што яму рабіць, дык якім можа быць навучаньне дзяцей?

“Я параіў бы ўладам усе платныя месцы ў ВНУ трансфармаваць у бюджэтныя. А народ якраз і паглядзіць — наколькі ў нас сацыяльная дзяржава і сацыяльна арыентаваная ўлада? Гэта будзе адзін з крытэраў таго, што яны ўвесь час дэкляруюць. Вось калі будзе так вырашана, значыць, пра нешта яны думаюць. А калі проста хочуць павялічыць колькасьць платных месцаў, то грош цана такой рэформе. Трэба вырашаць вельмі хутка, бо ўжо другая палова ліпеня, а падпісваецца толькі дэкрэт. А навучальныя пляны, а праграмы? Вось тут я бачу праблемы. Каб у Міністэрстве адукацыі зь перапалоху насьпех не наламалі дроў — менавіта з дапаможнікамі, з навучальнымі плянамі, праграмамі. Ня так гэта ўсё проста робіцца, а часу не застаецца — 1 верасьня ўжо праз паўтара месяца”.

Паводле розных ацэнак, цяпер незапатрабаваным можа застацца кожны пяты настаўнік у краіне. Па зьвестках дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Здановіча, ад пераходу на 11-гадовае навучаньне вызваліцца каля 9% ад агульнай колькасьці работнікаў сярэдніх школаў — каля 20 тысяч чалавек. У сваю чаргу, намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарына паабяцаў, што кожнага настаўніка мусяць працаўладкаваць.
Добрыя настаўнікі ўжо даўно пакінулі школу

Выкладчыца з 55-гадовым стажам Яўгенія Дудко, маці экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, лічыць, што цяперашняя школа арыентаваная ня столькі на атрыманьне дзецьмі ведаў, колькі нясе ў сабе ідэалягічны складнік:

“Калі вось такія хістаньні ў школе, калі сам настаўнік ня ведае, што яму рабіць, дык якім можа быць навучаньне дзяцей?”

Карэспандэнт: “Ёсьць меркаваньне, што будзе шмат лішніх настаўнікаў...”

“Ня будзе лішніх, таму што іх ужо няма. Добрыя настаўнікі ўжо даўно пакінулі школу. Я як працавала апошнія гады выхавацелькай у школе-інтэрнаце, даводзілася вельмі шмат бываць на ўроках у настаўнікаў. І я прыходзіла ў жах — якія яны давалі дрэнныя ўрокі. Дзяцей трэба вучыць, каб яны мелі цьвёрдыя веды. Але няма цяпер ні вучобы, ні выхаваньня. Усё сабой замяніла прапаганда — як навокал добра. Скачам, сьпяваем і ні аб чым ня думаем. Такі ўжо сумбур у галовах, што нічога не зразумела. Але калі вырашылі 12 гадоў вучыць, значыць — 12-гадовае навучаньне і павінна быць. І павінны мы таксама ісьці гэтак жа, як уся Эўропа, увесь сьвет”.

XS
SM
MD
LG