Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб рэзка крытыкуе тое, як вядзецца сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Менску.

Спадар Грыб кажа, што ён не хацеў бы параўноўваць тое, што адбываецца цяпер, з 1937 годам.

“Калі тады хапалі, то ўжо нікога не выпускалі. Гэта ўжо вялікая розьніца. А тут узялі, затрымалі, праверылі і адпусьцілі... Я не лічу, што гэта добра. Гэта вельмі кепска. У першую чаргу для таго, каго затрымліваюць. А ў другую -- для сьледзтва. Сьледчым даводзіцца праводзіць вельмі шмат марнай працы, той, якая не прасоўвае да сапраўднага злачынцы”.

На думку спадара Грыба, праблема ў тым, што вярхоўнае кіраўніцтва дало ўстаноўку і паставіла задачу як мага хутчэй знайсьці, а гэта не атрымліваецца. Калі верх цісьне на сьледчых -- карысьці ня будзе,-- перакананы генэрал Грыб, сам у мінулым дасьведчаны сьледчы.

Цяпер сьледчыя заваленыя вялікай руціннай працай, ім нават няма калі падумаць, засяродзіць увагу на той ці і іншай вэрсіі,-- мяркуе спадар Грыб..

“Гэта ёсьць імітацыя бурнай дзейнасьці, каб паказаць кіраўніцтву: бачыце, як мы працуем, колькі людзей мы адпрацавалі”.

Пры гэтым спадар Грыб мяркуе, што сапраўды, пры расьсьледаваньні складаных справаў часам патрэбна ўцягнуць шмат людзей.

“Напрыклад, калі мы ў Віцебску расьсьледавалі забойствы жанчын, і шукалі аўтара ананімкі, які потым і апынуўся злачынцам, маньякам Міхасевічам, то каб да яго дабрацца, мы правялі графалягічную экспэртызу 600 тысяч узораў почырку. Але мы нікога не затрымлівалі. І тут жа ёсьць нейкі фотаробат, нейкія прыкметы, характарыстыкі”.

Мечыслаў Грыб кажа, што незаконнае затрыманьне зьяўляецца перавышэньнем улады, і можна яго абскарджваць ў судовым парадку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG