Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброў палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага і Валянціну Палевікову, а таксама актывіста БНФ Аляксандра Шарафановіча выклікалі ў галоўнае сьледчае ўпраўленьне КДБ.


Яны мусяць даць паказаньні адносна затрыманага лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрася Карэтнікава.

Нагадаем, 16 ліпеня супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус на кватэры лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрася Карэтнікава. Пасьля допыту Юрася затрымалі як падазраванага ў справе выбуху 4 ліпеня падчас канцэрту да Дня незалежнасьці.

Між тым ад 29 чэрвеня да 6 ліпеня Ю.Карэтнікаў знаходзіўся па-за межамі Беларусі. Разам з А.Дабравольскім, В.Палевіковай і А.Шарафановічам ён браў удзел ва Ўсходнеэўрапейскай школе палітычных дасьледаваньняў у Страсбуры.

Аляксандар Дабравольскі сказаў, што на сустрэчы са сьледчым КДБ Паўлам Каранеўскім ён пацьвердзіў, што Ю.Карэтнікаў штодня знаходзіўся ў Страсбуры ад 29 чэрвеня па 6 ліпеня. Таксама палітык выказаў упэўненасьць, што Ю.Карэтнікаў ня схільны да гвалтоўных дзеяньняў. А.Дабравольскі спадзяецца, што сёньня ж Ю.Карэтнікава выпусьцяць на свабоду:

“Перад тым як арыштоўваць чалавека, у нармальнай краіне правяраюць, ці няма ў яго алібі. У Ю.Карэтнікава абсалютна дакладнае алібі. У яго ёсьць пашпарт, дзе маглі пабачыць штампы. Я думаю, што тут працуе ідэалягічная накіраванасьць супраць апазыцыі, а не прафэсіяналізм. Гэта несур’ёзна для спэцслужбаў і моцна зьніжае іх аўтарытэт. Кіраўнікі КДБ неяк дзіўна разумеюць пытаньне дзяржаўнай бясьпекі. Дзяржаўная бясьпека ня можа быць бясьпекай толькі аднаго чалавека ці нейкай групы людзей. Гэта бясьпека для ўсёй дзяржавы. І яна ня можа выкарыстоўвацца як падстава для таго, каб перасьледаваць людзей, якія ня згодныя ў нечым зь цяперашнім кіраўніцтвам. Бо яны патрыёты сваёй дзяржавы”.

Як сказала Валянціна Палевікова, супрацоўнікі КДБ паабяцалі, што Ю.Карэтнікава сёньня адпусьцяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG