Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ пяцёра на волі


Ігара Корсака сустракала жонка Вольга Цяцёркіна

Ігара Корсака сустракала жонка Вольга Цяцёркіна

Сьледчыя ў справе выбуху 4 ліпеня затрымліваюць і дапытваюць людзей, якіх немагчыма абвінаваціць. Потым іх адпускаюць без нейкага выніку і прабачэньняў. І шукаюць новых. ТЭМА ДНЯ.


Выйшаў на волю лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў.

Таксама вызвалены моладзевы актывіст Міхаіла Шарамета.

Прыблізна ў 15.40 на волю выйшлі затрыманыя па справе аб выбуху 4 ліпеня былыя актывісты “Белага легіёну” Сяргей Чыслаў, Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак. Крыху раней выпусьцілі Міраслава Лазоўскага.


Фотарэпартаж


Усяго па гэтай справе было затрымана паводле розных ацэнак 50—70 чалавек. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасьць затрыманых няма.

У мінулую суботу на волю былі адпушчаныя першыя з затрыманых Аляксандар Сергіенка, Сяржук Высоцкі, Павал Кур’яновіч, а пазьней – грамадзянін Расеі студэнт Уладзімер Бялонін, учора – студэнтка БДУ Тацяна Пякун і некаторыя іншыя.

Тым часам КДБ затрымала новых падазраваных Юрася Карэтнікава, нягледзячы, што тое з 29 чэрвеня па 6 ліпеня быў у Францыі, і Міхаіла Шарамета.

Фактычна людзей затрымліваюць па прынцыпу “там разьбяруцца”.

У часе выбуху 4 ліпеня, калі на канцэрце з нагоды Дня незалежнасьці спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне, пацярпела 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваны.

Крымінальнае справа была заведзеная паводле артыкулу 339 частка 3 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).

А 15 гадзіне на волю выйшаў Міраслаў Лазоўскі


Яго затрымалі 7 ліпеня, але сьледчы ў пастанове напісаў 8 ліпеня як дзень афіцыйнага адліку тэрміну затрыманьня. На кватэры Лазоўскага зрабілі ператрус, пасьля чаго ён трапіў у сьледчы ізалятар.




АДС патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня

“Хваля рэпрэсіяў супраць дэмакратычнай апазыцыі падчас выбарчай кампаніі ня толькі не спыняецца, але выходзіць на новы ўзровень”, - гаворыцца ў заяве Прэзыдыюма Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

“16 ліпеня пасьля ператрусу ў сваёй кватэры арыштаваны і зьмешчаны ў турэмны ізалятар Юрась Карэтнікаў, сябра Сойму Партыі БНФ, які ўключаны ў адзіны сьпіс прэтэндэнтаў у кандыдаты ад АДС на парлямэнцкіх выбарах.

Гэты крок уладаў азначае, што яны не пажадалі прыслухацца да рэкамендацыяў дэмакратычных сіл не выкарыстоўваць выбух 4 ліпеня для палітычных рэпрэсіяў”.

У заяве АДС зьвяртаецца ўвага на непрафэсійны падыход супрацоўнікаў спэцслужбаў у дачыненьні да затрыманьня Юрася Карэтнікава. “Затрыманы імі Юрась Карэтнікаў па запрашэньні Рады Эўропы ўдзельнічаў у працы Летняга Ўнівэрсытэту Дэмакратыі і знаходзіўся ў Страсбуры з 29 чэрвеня па 6 ліпеня”.

Прадстаўнікі АДС падкрэсьлілі, што гатовыя пераглядзець фармат іх далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, і заклікалі міжнародныя арганізацыі, якія зьдзяйсьняюць назіраньне за выбарамі, увязваць канчатковае рашэньне аб сваім прыедзе ў Беларусь са спыненьнем палітычных рэпрэсіяў.


М. Грыб: “Гэта імітацыя дзейнасьці сьледчых”

Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб рэзка крытыкуе тое, як вядзецца сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Менску. Спадар Грыб кажа, што ён не хацеў бы параўноўваць тое, што адбываецца цяпер, з 1937 годам.




Лідэра "Вольнай моладзі" выклікаюць ў КДБ


Лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Вольная моладзь” Мікіту Краснова выклікаюць на допыт у КДБ. Допыт прызначаны на 15 гадзінаў.

У сьледчым ізалятары КДБ , так званай “амэрыканцы”, ад учорашняга дня ўтрымліваюць паплечніка Мікіты Міхася Шарамета. У амэрыканцы таксама знаходзіцца лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў, які, нагадаем, ад 29 чэрвеня па 6 ліпеня быў у Страсбуры.

С.Высоцкі: “У КДБ нават ня выбачыліся”

Лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды Сяргей Высоцкі — адзін з тых, каго дапытвалі па справе аб выбуху 4 ліпеня.





БХК прапануе дапамогу неапраўдана затрыманым


Старшыня Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак заклікае ўсіх, каго неапраўдана затрымалі па справе выбуху 4 ліпеня, бараніць свае правы і абяцае дапамогу юрыстаў БХК.

КДБ паабяцаў адпусьціць Ю.Карэтнікава

Сяброў палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага і Валянціну Палевікову, а таксама актывіста БНФ Аляксандра Шарафановіча выклікалі ў галоўнае сьледчае ўпраўленьне КДБ. Яны мусяць даць паказаньні адносна затрыманага лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрася Карэтнікава.



У КДБ не рэагуюць на крытыку

Ва ўпраўленьні КДБ Беларусі па Менску і Менскай вобласьці адмовіліся паведаміць колькасьць затрыманых па справе 4 ліпеня. А таксама адрэагаваць на крытыку іх дзейнасьці. Там спаслаліся на тое, што камэнтары па гэтай справе дае толькі прадстаўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў.

Аднак і спадар Надтачаеў адмовіўся адказаць на крытыку і прэтэнзіі ў грамадзтве ў адносінах да мэтадаў вядзеньня сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня.


Ігара Корсака могуць выпусьціць сёньня


Жонцы Ігара Корсака Вользе ў сьледчым упраўленьні паведамілі, што пытаньне, ці выйдзе яе муж сёньня на волю, будзе разгледжанае пасьля 14-ай гадзіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG