Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек, якіх падазраюць у вырабе бомбы, якая выбухнула падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня. Сярод затрыманых — студэнты, некалькі апазыцыянэраў, рабочыя і так званыя “нядобранадзейныя” элемэнты — людзі, якія раней былі асуджаныя за злоснае хуліганства. Сьледчыя не называюць дакладнай лічбы затрыманых. Сёньня выйшлі на волю тыя, каго затрымалі 7 ліпеня.


Сваякам затрыманых сьледчыя і адміністрацыя ня казалі дакладнага часу, калі затрыманыя выйдуць пасьля 10-суткавага знаходжаньня ў камэры на волю. Бацькі студэнтаў чакалі іх каля турэмнай брамы ад 14 гадзіны.

У камэрах ізалятара часовага ўтрыманьня знаходзяцца студэнты, якія наведвалі хімічны гурток. Сёньня на волю выйшла студэнтка біялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Тацяна Пякун.

Дзяўчына праходзіла як сьведка ў крымінальнай справе, распачатай летась у зьвязку з вырабам самаробных пэтардаў. У ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзіцца яшчэ адзін фігурант той справы, студэнт унівэрсытэту Алег Шэлег, якога тады пакаралі ўмоўна.

Менавіта студэнты-хімікі першымі трапілі ў сьпіс падазраваных. Пазьней ва ўсіх супрацоўнікаў інстытутаў хіміі Акадэміі Навук, у студэнтаў і выкладчыкаў хімічных факультэтаў унівэрсытэтаў сьледчыя ўзялі адбіткі пальцаў. Навукоўцы катэгарычна сьцьвярджаюць, што зрабіць такую бомбу ў хатніх умовах немагчыма. Немагчыма яе таксама зрабіць і на працы. Яны кажуць, што адукацыі хіміка дзеля гэтага недастаткова.

Супрацоўнік Акадэміі Навук, навуковец-хімік са шматгадовым стажам, які пажадаў захаваць ананімнасьць, апавёў “Свабодзе”:

“У хатніх умовах ні студэнту, ні навукоўцу такую бомбу зрабіць немагчыма. Такая праца патрабуе адмысловага абсталяваньня, неабходных рэактываў. Рэактывы мы набываем толькі па безнаяўным разьліку. Яны ўсе ўлічваюцца. Прасачыць, хто набываў тое ці іншае рэчыва, не складае цяжкасьці. Акрамя таго, трэба ведаць шмат нюансаў, бо калі іх ня ведаць, то можна ўзарвацца на сваёй кухні.

Што ж тычыцца лябараторыі, то ў нас немагчыма зрабіць тую ці іншую працу непрыкметна, бо ходзяць супрацоўнікі, і калі пачаць закрывацца ад усіх, то гэта будзе выглядаць падазрона. Хімічная навука ў нашай краіне вельмі дэградавала. Сёньня ёй займаюцца альбо юнакі пасьля інстытуту, альбо пажылыя жанчыны”.

Хімікі кажуць, што ў бомбе верагодна ўжываўся перакіс ацэтону. Суразмоўца адказаў на пытаньне, наколькі лёгка можна здабыць гэтае рэчыва:

“Перакіс ацэтону выбухае ад маленечкага штуршка. Гэта можа скончыцца вельмі кепска. Акрамя таго, у хімічнай энцыкляпэдыі няма нават разьдзелу “перакісныя злучэньні”. У разьдзеле “ацэтон” ніякіх згадак пра перакіс ацэтону таксама няма. Хімік-прафэсіянал мог вырабіць толькі кампанэнты, сынтэзаваць нейкія рэчывы. Але дзеля таго каб сабраць бомбу, трэба мець абсалютна іншую адукацыю. Трэба ведаць, як прывесьці яе ў дзеяньне і пры гэтым застацца жывым. Гэта мог зрабіць толькі прафэсіянал. Людзі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, усе на ўліку”.

Чакаецца, што заўтра могуць выйсьці на волю затрыманыя па справе аб выбуху 4 ліпеня былыя актывісты “Белага легіёну” Сяргей Чыслаў, Міраслаў Лазоўскі, Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак — у выпадку, калі ім не прад’явяць абвінавачваньня.

Некалькі дзён таму на волю былі адпушчаныя: Аляксандар Сергіенка, Сяржук Высоцкі, Павал Кур’яновіч, а пазьней – грамадзянін Расеі Ўладзімер Бялонін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG