Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: праваабаронцы абскарджваюць склад выбаркамаў


Магілёўскі праваабарончы цэнтар мае намер абскардзіць зацьверджаны аблвыканкамам і прэзыдыюмам абласнога савету дэпутатаў склад трынаццаці акруговых выбарчых камісіяў Магілёўшчыны. Праваабаронцы вінавацяць чыноўнікаў і дэпутатаў у парушэньні працэдуры фармаваньня выбаркамаў. Адпаведная скарга накіраваная ў Генэральную пракуратуру, урад, Палату прадстаўнікоў ды Цэнтравыбаркам Беларусі.


14 ліпеня на сумесным паседжаньні аблвыканкаму і прэзыдыюму абласнога савету, на якім зацьвярджаўся склад акруговых выбарчых камісіяў, прысутнічаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён сьцьвярджае, што чыноўнікі і дэпутаты парушылі шэраг працэдураў выбарчага кодэксу і закону Беларусі “Аб мясцовым самакіраваньні”:

“На паседжаньні не абіраўся ні старшыня, ні сакратар. Не называўся колькасны склад аблвыканкаму і прэзыдыюму аблсавету, таму немагчыма вызначыць, ці быў на паседжаньні кворум. У залі паседжаньня прысутнічала шмат запрошаных; хто яны й каго прадстаўлялі, таксама не агучвалася. Фактычна не праводзілася галасаваньня па складзе выбаркамаў. Вядучы паседжаньня старшыня аблвыканкаму Барыс Батура сказаў: “Хто за, хто супраць”, і ніхто нават рукі не паднімаў, а потым сказаў: “Зацьверджана”. Не называліся сябры зацьверджаных акруговых камісіяў і арганізацыі, якія іх вылучалі. Фактычна гэтая інфармацыя ад прысутных была ўтоеная”.

Учора ў сваім камэнтары нашаму радыё старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына зазначыла, што яна незадаволеная працай магілёўскага аблвыканкаму па фармаваньні акруговых выбарчых камісіяў Магілёўшчыны:

”Я была на сэмінары ў Магілёўскай вобласьці. Ну, і паўшчувала аблвыканкам: “Што ж вы так?” Я настойліва рэкамэндавала ўсім, каб хаця б адзін прадстаўнік апазыцыйнай палітычнай партыі ўвайшоў у акруговую выбарчую камісію. І гэтую маю пазыцыю ведаюць усе мясцовыя ўлады”.

Магілёўскі аблвыканкам і прэзыдыюм аблсавету зацьвердзіў у складзе трынаццаці камісіяў 169 чалавек. Зь іх у камісіі патрапілі толькі двое прадстаўнікоў апазыцыі: старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валер Беразіенка й вылучэнец руху БНФ “Адраджэньне” Пётар Мігурскі. Апазыцыйныя арганізацыі вылучалі 20 сваіх прадстаўнікоў. Усяго на месцы ў камісіях прэтэндавалі 240 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG