Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязынь: “Каторыя камсамольцы, тыя былі ўсе ў СД”


Калі пад’яжджаеш да мястэчка Вязынь, дык на мосьце праз раку Ільлю міжволі хочацца спыніцца і колькі хвілін пастаяць моўчкі. Настолькі тутэйшы пэйзаж нагадвае марскі. Запруджаная Ільля пераўтвараецца ў Вялейскае вадасховішча. Далёкі далягляд за кілямэтрамі воднай гладзі, крыкі чаек над блакітам вады.


Для паўнаты курортнага пэйзажу не хапае толькі белага ветразя. Некалькі мужчын зь берага ловяць рыбу. Адзін зь іх, моцны вусач гадоў 50, у добрым гуморы.

Карэспандэнт: “А з чаго зараз Вязынь жыве? Зь сельскай гаспадаркі?”

Спадар: “Зь сельскай. Больш тут нічога няма. Сьпіртзавод быў. Вялікая колькасьць людзей на сьпіртзаводзе занятая была. Там і разьлівачны цэх будавалі. Усё развалілася. Цяпер закрыта. Ахова там стаіць. Але патроху ўсё раскрадаецца. Лазьневы камбінат пабудаваны быў, усё разрабавалі. Кіраўнікі як пачалі мяняцца”.

Карэспандэнт: “А што-небудзь абяцаюць сёньня?”

Спадар: “Нічога абсалютна. Вось будуецца аграгарадок. Толькі платы па цэнтры зрабілі”.

Карэспандэнт: “Будуць выбары парлямэнцкія. Вы ўскладаеце на іх нейкія надзеі?”

Спадар: “Якія б выбары ні былі, мы спадзяемся, што нешта лепшае прынясуць. Каб адраджэньне вёскі было. Каб урад павярнуўся тварам да вёскі. Да любой вёскі. Вы ж бачыце, няма моладзі на вёсцы. А калі новыя кадры не растуць...”

Што праўда, то праўда. Платоў за апошнія гады набудавалі безьліч. Як правіла, уздоўж цэнтральных вуліцаў. Фарбуюць звычайна ў аднолькавы колер. Калі нейкае збудаваньне і вартае стаць сымбалем эпохі, дык гэта не лядовыя палацы і не дамкі аграгарадкоў, а даўжэзны плот. Не зьдзіўлюся, калі скласьці ўсе гэтыя сьвежыя беларускія платы ў адзін, што ён, цар-плот, абагне экватар. Зрэшты, у Вязыні плот — ня самая галоўная цікавостка. Толькі тут я ўбачыў, як можна выкарыстаць для аздабленьня вуліцы мёртвае дрэва. Пафарбаваўшы яго ў зялёны колер і прымацаваўшы да камля некалькі жалезных рамонкаў. Далібог, глядзіцца гэтая “ікэбана” больш эстэтычна за ўсе платы.





Спадарыні Ганьне засталося некалькі гадоў да пэнсіі. Па адукацыі яна аграном. Усё жыцьцё жыве і працуе ў Вязыні. Працавала на сьпіртзаводзе, аграномам у калгасе. Зараз — прыбіральшчыцай у школе.

Карэспандэнт: “Вы ведаеце, што ў нас увосень будуць парлямэнцкія выбары?”

Ганна: “Гэта мы ведаем”.

Карэспандэнт: “Толк ад іх будзе ці не?”

Ганна: “Людзі ўпэўненыя, што грошы своечасова атрымаеш, асабліва пэнсіянэры. І пэнсія ж большая ў маёй свацьці, чым у мяне заробак. Я за гэты месяц атрымала 253 тысячы. На пражыцьцё хопіць. А рэчы ня купіш. Карову трымаю, свіньні трымаю. Гэтым вёска і выжывае. Я пайду на пэнсію, я 400 тысяч атрымаю. Пэнсія ў мяне добрая будзе. Я ўсё жыцьцё працавала, ні адпускоў ня бачыла, нічога. А за 260 мне трэба дзень у дзень лётаць на работу”.

Карэспандэнт: “Карацей, людзі вашага веку чакаюць пэнсіі, як манны нябеснай”.

Ганна: “О! І я чакаю цяперака”.

Я да гэтае пары дзіўлюся з нашых працаўніц, якія гатовыя доўга наракаць на дробныя заробкі ў калгасах, але ніколі слова кепскага ня скажуць на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Ён для іх абсалютна беззаганны. І ён для іх не палітык, якога можна выбраць, а можна і не пераабраць. Ён не найманы чыноўнік. Ён нават не начальнік. Гэта хутчэй любоў. Звычайная бабская цяга да сапраўднага мужыка-гаспадара. Асабліва калі рэальны, твой уласны гаспадар даўно сьпіўся, гэты, віртуальны гаспадар з тэлевізара становіцца яшчэ больш любімым і надзейным. Таму якія б выбары ні былі, нашы самотныя гаспадыні будуць на ўсіх выбарах абіраць толькі яго.

Карэспандэнт: “Вы каму больш давяраеце, кандыдату ад улады ці кандыдату ад апазыцыі?”

Ганна: “Толькі ўлада. Лукашэнка мае рацыю. Падтрымаў калгасы. Я ўжо два гады не працую аграномам. Усю тэхніку даў для калгаса. Я карову штодня праганяю а сёмай гадзіне. У мяне баліць сэрца, што няма каму сесьці за гэты трактар. Згубілі. Няма каму сесьці. Каб гадоў восем назад. Усе б засталіся. А так мы спэцыялістаў згубілі. Я на сьпіртзаводзе працавала. Чаі свае выпускалі. Я срэбраны мэдаль атрымала на ВДНХ у Маскве за гэта. Сока-кола нас перамаглі. Сыпануў парашка, язык сіні, фіялетавы, жоўты. А вы ж ня бачыце, што ў вас у страўніку. А ў мяне ўсю натуральную прадукцыю закрылі”.

Карэспандэнт: “А што вы выпускалі?”

Ганна: “Чаі. Дадаткова ў нас у Вязыні былі чаі. 50 гектараў траў”.

Карэспандэнт: “А якія б былі вашы пажаданьні новаму парлямэнту?”

Ганна: “На сельскую гаспадарку зьвярнуць увагу. Пабудаваць домікі. Зрабіць аграгарадкі, і вам людзі будуць удзячныя да сьмерці”.

Ладную частку жыхароў Вязыні складаюць колішнія жыхары вёскі Рыбчына. Само Рыбчына пахаванае пад вадой Вялейскага вадасховішча. На беразе гэтага штучнага мора стаіць валун. На валуне шыльда з наступным тэкстам:

“Сьцёрся сьлед тваёй хаты вясковай,
Нібы з роду яе не было.
Памяць вёскі, затопленай морам,
Саграе успамінаў цяпло”.

Верш напісала колішняя рыбчанка, Раіса Філістовіч. Да апошняга часу спадарыня Раіса працавала дырэктаркай Вязынскай школы. Мы стаім на беразе. Сёньня цяжка ўявіць, што 30 гадоў таму літаральна за некалькі мэтраў ад берага кіпела жыцьцё.





Раіса: “На дне мора аказалася наша вёска. Як высялялі, не было з боку жыхароў такога супрацьстаяньня, што ня выселімся. Неяк паставіліся з разуменьнем да гэтай дзяржаўнай важнай кампаніі. Усе ведалі, што гэта трэба. Не было, каб нехта сказаў, што “я ўсё роўна адсюль ня выеду”. Станоўча аднесьліся да гэтай прапановы. Не было панікі”.

Кожны год сюды, на бераг Вялейскага мора зьяжджаюцца дзясяткі былых рыбчан. Каб успамінаць мінулае. Толькі ўспамінаць. Бо прайсьці па колішніх вуліцах ужо ня выпадзе ніколі.

Раіса: “Тут навокал былі лясы. А якія расьлі брусьніцы, як вішні. Усе віды ягад! Мама такі смачны кісель варыла з журавін, што нажом рэзалі. Такі чырвоненькі. Мясцовасьць маляўнічая была. Хаця, што зробіш. Мяняецца ўсё наўкола. А цяпер прыяжджаем сюды, як на сьвята.

Карэспандэнт: “Сьлёзы ліюцца?”

Раіса: “І мужыкі нават. Усё ж самае лепшае, вы ведаеце, у юнацтве ўсё самае шчымлівае. Самае радаснае, самае сьветлае. І першае каханьне. Мы ж улюбляліся ў гэтай вёсцы. А хлапцоў было, а дзяўчат! Прыгожыя такія. У нас пявучая вёска была. Вельмі ў нас сьпявалі добра. І цяпер, як прыяжджаем, мы заўсёды ўспамінаем усе песьні. Перапяём. Ператанцуем. Баяністы прыяжджаюць. Ну. Настолькі весела тут заўсёды. Душой адпачываеш”.

Але адыдзем ад шчымлівых успамінаў. У спадарыні Раісы ёсьць сваё пажаданьне будучым народным абраньнікам.

Раіса: “Экспэрымэнты надакучылі. Хаос. Не хацелася б, каб на дзецях. Будзе мой унук паступаць, дзесяць клясаў скончыў. За год яны праграму сярэдняй школы прайсьці. Гэта складана. Я, як бабуля, пра сваіх ужо ўнукаў задумваюся. Каб пра будучыню нашых дзяцей маглі гаварыць, што спакойныя”.

Самая старая жыхарка Вязыні, Ядвіга Палачанская, жыве свой доўгі, амаль 90-гадовы, век зусім адна. Ні мужа, ні дзяцей у яе не было. Жыве яна недалёка ад невялікага зграбнага касьцёла сьвятой дзевы Марыі, куды кожную нядзелю ходзіць на малітву. Пры поглядзе на старую Ядвігу ўзьнікае толькі адна асацыяцыя. Перад вамі Баба-Яга. З кручкаватым носам, з запалымі вачыма, зь нядобрым голасам.





Ядвіга: “Каторыя былі камсамольцы, самыя актывісты пры савецкай уладзе, гэтыя былі ўсе ў СД”.

Карэспандэнт: “Пры фашыстах?”

Ядвіга: “Так. А мы пацярпелі. Наша сям’я. Была рэвалюцыя — пацярпелі. Бацьку выклікалі. Былі немцы, пацярпелі. Два браты зьніклі, застрэлілі”.

Карэспандэнт: “Як жылося за Польшчай?”

Ядвіга: “Быў памешчык. Вельмі добры стары пан быў. Дзісевіч. Ён быў у царскай Думе. На ўсе грошы, што былі, ён касьцёл гэты пабудаваў. У 1908 годзе”.

Старая Ядвіга таксама любіць Лукашэнку. Але яе любоў асаблівая.

Карэспандэнт: “Вы пражылі доўгае жыцьцё. Яно становіцца лепшым?”

Ядвіга: “У нас бацька добра камандвае. Ён не паддаецца нікому. Маладзец. Я яго адабраю”.

Карэспандэнт: “А вы ведаеце, што будуць выбары ў нас?”

Ядвіга: “Ведаю. Каб усё добра было. Каб яго ізноў на чацьвёрты тэрмін”.

Карэспандэнт: “А што вы думаеце пра апазыцыю?”

Ядвіга: “Апазыцыя дурная. Чаго яна лезе паўсюль? Дзяцей узялі напаілі. Гэта добра зрабілі? Адзін уцёк у Амэрыку, а другога пасадзілі. Пяць гадоў атрымаў”.

Карэспандэнт: “А вам не шкада Казуліна?”

Ядвіга: “Трэба было ня лезьці. Рэктарам ці кім ён быў? Іх трэба гэткіх павесіць! Як немцы вешалі! Як Хусэйна павесілі...”





Скажу шчыра, у мяне прабеглі дрыжыкі, калі вязынская Баба-Яга выказвала свае пажаданьні наконт лёсу апазыцыі. Гэта не было ніякай алегорыяй. Як вешалі немцы, бабуля, мяркуючы па запале, памятае добра. Таму я з радасьцю пакінуў яе змрочны дом з мутнымі вокнамі. І яшчэ чвэрць гадзіны любаваўся заходам сонца над Вялейскім морам. Спрабуючы ўцяміць, як могуць спалучацца пілігрымкі да папы рымскага, малітвы да Езуса і вось такое шчырае жаданьне сьмерці. Зрэшты, Хусэйна, сапраўды, шкада...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG