Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытня зноў дае працы судам


22 чалавекі — супрацоўнікі мытні і КДБ, а таксама бізнэсоўцы — пакараныя на розныя тэрміны, максымум 12 гадоў.

Працэс праходзіў у Беларускім вайсковым судзе. Супрацоўнікі мытні “Заходні Буг” і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні за хабар прапускалі празь мяжу дарагую бытавую тэхніку, а мыта бралі як за танныя будаўнічыя матэрыялы. Сярод асуджаных — намесьнік начальніка мытні “Заходні Буг”.

У прэсавай службе Мытнага камітэту прозьвішча асуджанага кіраўніка не паведамілі. Не сказалі таксама, колькі чалавек з 22 асуджаных працавалі ў мытні. “Я не ўпаўнаважаны камэнтаваць гэтыя зьвесткі”, — адказаў на маю просьбу кіраўнік прэсавай службы Уладзімер Пехцяраў.

Працэсы над супрацоўнікамі мытні сталі частай зьявай. Звычайна яны адметныя вялікай колькасьцю асуджаных і значнымі тэрмінамі пакараньня. Гэтак было нядаўна на працэсе над былым начальнікам управы арганізацыі мытнага кантролю Сяргеем Дзьмітрыевым, якога прызналі арганізатарам злачыннай групоўкі і асудзілі на 11 гадоў. Разам зь ім асудзілі болей за 10 ягоных калегаў.

Зараз у раённых судах Менску праходзяць яшчэ два працэсы над мытнікамі. У прыватнасьці, судзяць супрацоўнікаў мытні аэрапорту “Менск-2”. Паводле сьледчых органаў, яшчэ чакаюць накіраваньня ў суды справы, у якіх фігуруюць болей за 50 супрацоўнікаў берасьцейскай мытні.
XS
SM
MD
LG