Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Вадзім Зайцаў ахоўваў мяжу каля Пінску?


Беларускія памежнікі згадваюць пра службу разам з Вадзімам Зайцавым, якога Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём КДБ.

У першай палове 1990-х гадоў Вадзіма Зайцава, які раней камандаваў заставай на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласьці, накіравалі камандаваць толькі што створаным Пінскім памежным атрадам. Нагадаю, да 1991 году дзяржаўнай беларуска-ўкраінскай мяжы не існавала. Паводле цяперашняга намесьніка камандзіра Пінскага памежнага атраду Аляксандра Макарэвіча, менавіта Вадзіму Зайцаву давялося наладжваць сыстэму аховы мяжы, якая дзейнічае дагэтуль. Памежнік мяркуе, што з гэтай задачай ягоны былы калега ўправіўся выдатна.

“Калі б выявіў сябе дрэнна, яго б Радзіма адтуль не накіравала вучыцца ў Акадэмію Генэральнага штабу. Былі і першыя добрыя вынікі. Уявіце — наладжваць нейкую новую справу -- гэта сапраўднае выпрабаваньне. Наколькі мне вядома, ужо празь некалькі год Пінскі памежны атрад стаў адным з найлепшых і паказваў добрыя вынікі ў затрыманьні парушальнікаў памежнага рэжыму”.

Асаблівасьцяў на Пінскім кавалку беларуска-ўкраінскай мяжы некалькі. Гэта ня толькі адсутнасьць “калючага дроту”, але і прыродны фактар — у адны й тыя ж мясьціны тут у грыбы і ягады хадзілі жыхары вёсак з таго і другога боку мяжы. Паводле былога калегі Вадзіма Зайцава, той знаходзіў выйсьце з самых складаных сытуацый:

“Што яшчэ можна адзначыць? Ён у добрым сэнсе знаходзіў кампраміс, бо ўкраінцы ішлі да нас у журавіны, па той жа лес. А ён умеў не даводзіць справу да вялікага канфлікту. Уявіце, украінская бабулька ўсё жыцьцё хадзіла да нас у журавіны, а мы ёй -- пра мяжу. Ды яна адкрытым тэкстам кажа, што “накласьці хацела на гэтую мяжу”! Вось яму даводзілася сустракацца зь людзьмі, дамаўляцца”.

Пра Вадзіма Зайцава мой суразмоўца сказаў, што гэта “выдатны прафэсіянал і сапраўдны афіцэр, без пазіраваньня”.

Вадзім Зайцаў нарадзіўся ва Ўкраіне, у Жытомірскай вобласьці. Як сталася, што ён апынуўся ў Беларусі, і чаму тут прайшла ўся ягоная служба?

Пасьля заканчэньня Маскоўскай памежнай вучэльні Вадзіма Зайцава накіравалі служыць у Берасьцейскі памежны атрад, а адтуль у Гарадзенскі, дзе даручылі камандаваць заставай імя Сівачова. Застава лічылася ўзорнай. Паводле Тадэвуша Гавіна, былога афіцэра Гарадзенскага памежнага атраду, афіцэры на заставах паходзілі выключна зь іншых рэспублік СССР.

“З афіцэраў на заставах амаль усе былі расейцы. Яны ўсе пазвальняліся і зьехалі. Беларусаў увогуле амаль не было. Калі я пачаў там служыць у 1987 годзе, нас было 2—3 чалавекі. А так усё былі расейцы, украінцы. Такая была кадравая палітыка ў войсках КДБ СССР, каб беларусаў паслаць служыць у Расею, расейцаў прыслаць служыць тут. Гэтак і цар рабіў, не дазваляючы мясцовым служыць тут. Адпраўляў служыць у Сыбір, а з Сыбіры прысылаў сюды”.

Паводле Тадэвуша Гавіна, афіцэры на заставах жылі замкнёна, сваім колам і асабліва з тутэйшымі людзьмі не кантактавалі. “Толькі каб наладзіць сетку сваіх агентаў”, — заўважыў былы памежнік Тадэвуш Гавін пра службу на Гарадзеншчыне, зь якой пачынаў сваю кар’еру цяперашні старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG