Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас запалохваюць перад выбарамі”


Сёньня ў Калінкавічах быў выкліканы ў міліцыю актывіст стваранага руху “За свабоду”, сябра АГП Дзяніс Рабянок. А ў Гомелі ў абласную міліцыю выклікалі рэгіянальнага кіраўніка стваранай партыі “Народная Грамада” Юрася Захаранку.


Позву Дзянісу Рабянку падпісаў участковы інспэктар Эдуард Драбышэўскі. Гаворыць спадар Рабянок:

“Драбышэўскі дапытваў мяне ў якасьці сьведкі па справе выбуху ў Менску ў Дзень незалежнасьці. Я даводжу, што ня быў у Менску. Участковы, у сваю чаргу, адказвае, што выклікаюць усіх, хто падобны да фотаробата. Пярэчу: да гэтага фотаробата падобная палова жыхароў Калінкавічаў. Ён: “Мы вырашылі вас дапытаць”.

Драбышэўскі задаў першае пытаньне: “Ці служыў я ў войску і ці меў справу зь мініраваньнем, разьмініраваньнем, з выбуховымі рэчывамі?” Адказваю: “Служыў у такой частцы, дзе ня меў ніякага дачыненьня да выбуховых рэчываў”.

І другое пытаньне: “Дзе я быў 3 ліпеня і хто гэта можа пацьвердзіць?” Я сказаў, што быў дома. Пацьвердзіць гэта можа маці”.

У абласную ўправу ўнутраных спраў сёньня быў выкліканы праз тэлефон рэгіянальны кіраўнік стваранай партыі “Народная Грамада”, былы афіцэр-дэсантнік Юрась Захаранка.Супрацоўнік УУС, які назваўся Віктарам Чыкуновым, паведаміў, што выклікаецца спадар Захаранка “па вядомых падзеях”.

У Захаранкі таксама дапытваліся пра выбух у Менску падчас сьвяточнага канцэрту. Прапаноўвалі нават узяць адбіткі пальцаў, але Юрась ад такой працэдуры адмовіўся.

“Міліцыя й спэцслужбы пайшлі самым лёгкім шляхам. Пытаюцца, дзе хто служыў, ці мелі дачыненьне на службе да выбуховых прыстасаваньняў. Але ж гэтая інфармацыя адкрытая, усё гэта ёсьць у ваенкаматах.

Карыстаючыся нагодай, яны тузаюць людзей зь Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, “Белага легіёну”, з апазыцыйных палітычных партыяў. Проста запалохваюць перад выбарамі”.
XS
SM
MD
LG