Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горацкаму журналісту вярнулі канфіскаваны архіў


Рэдактару недзяржаўнай горацкай газэты “Ўзгорак” Эдуарду Брокараву сёньня вярнулі канфіскаваны 28 сакавіка архіў друкаваных выданьняў. Забралі яго былі супрацоўнікі камітэту дзяржаўнай бясьпекі Шэйнік, Грачоў ды Малашанка, патлумачыўшы гэта расьсьледаваньнем крымінальнай справы, распачатай па факце зьнявагі прэзыдэнта.


Паводле Эдуарда Брокарава, скрынку з выданьнямі прывёз супрацоўнік КДБ Дзяніс Грачоў.

Акрамя архіву, у прыватнай кватэры, якая выкарыстоўваецца як офіс рэдакцыі недзяржаўнай газэты “Ўзгорак”, супрацоўнікі КДБ 28 сакавіка канфіскавалі разам з архівам і сыстэмны блёк кампутара.

Дзяніс Грачоў, кажа Эдуард Брокараў, паведаміў, што сыстэмны блёк вернуць толькі тады, калі гаспадар прад’явіць на яго дакумэнты. Так нібыта пастанавіла генэральная пракуратура Беларусі.

Як удалося высьветліць, Эдуард Брокараў — адзіны на Магілёўшчыне, каму вярнулі частку канфіскаванага.

27 сакавіка сыстэмны блёк супрацоўнікі КДБ забралі ў магілёўскага журналіста Генадзя Судніка. Два кампутары, апэратарскую тэхніку й друкаваную прадукцыю канфіскавалі ў журналіста Вадзіма Аршынскага. Чатыры кампутары і друкаваную прадукцыю канфіскавалі і ў магілёўскім прыватным грамадзкім цэнтры.

У той жа дзень тры кампутары, мадэм ды калекцыю мастацкіх фільмаў канфіскавалі ў бабруйскага журналіста Андрэя Шобіна.

28 сакавіка ў грамадзкага актывіста з Асіповічаў Ігара Сімбірова канфіскавалі пятнаццаць найменьняў друкаваных выданьняў.

27 сакавіка паміж 8 і 9 гадзінамі ранку КДБ уварваўся на кватэры ўсіх журналістаў і аўтараў, якія працавалі ў Беларусі для тэлеканалу “Белсат”. У той самы час адбыліся ператрусы ў журналістаў радыё “Рацыя”, Эўрапейскага радыё для Беларусі ў Менску, Гомелі, Віцебску, Берасьці, Бабруйску, Бярозе, Горадні, Магілёве, Пінску. Усіх, хто прыходзіў у кватэры падчас ператрусу, затрымлівалі.

28 сакавіка журналісты ў рэгіёнах былі выкліканыя ў мясцовыя ўправы і аддзелы КДБ. На допытах супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці мелі журналісты стасункі з аўтарамі сатырычных мультфільмаў Андрэем Абозавым, Паўлам Марозавым і Алегам Мінічам. Праваабарончы цэнтар “Вясна” тады заявіў, што перасьлед журналістаў робіцца пад маркай крымінальнай справы, якая распачатая па факце зьнявагі прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG