Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чыноўнікі возяць Лукашэнку толькі туды, дзе можна пусьціць пыл у вочы...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 ліпеня 2008 году.


Выбух у Менску 4 ліпеня, наступныя масавыя арышты актывістаў апазыцыі, гучныя адстаўкі высокапастаўленых чыноўнікаў — вось на якім тле пачалася ў Беларусі чарговая выбарчая кампанія, якую ўлада паабяцала правесьці ў адпаведнасьці з найвышэйшымі дэмакратычнымі стандартамі.

На гэтую тэму — большасьць лістоў у нашай пошце апошняга тыдня. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь іх. Вось што піша Валянціна Каліноўская са Смаргоні:

“Мне здаецца, што гэтая бомба зьявілася невыпадкова — яе падклалі пад апазыцыю, каб тая была паралізавана перад сапраўдным Днём незалежнасьці, які адзначаецца 27 ліпеня. Цяпер улады маюць важкую прычыну, каб забараніць любыя шэсьці апазыцыі і пры гэтым прывабна выглядаць перад Эўропай.

Хто ў нас пашкадуе простых людзей, якія пацярпелі ад выбуху? Скажуць: гэта ж не сьмяротна? Гайкі дасталі — усе жывыя. Цяпер шукаюць падрыўніка, распачалі крымінальную справу. Усё выглядае праўдападобна. Тым больш што і праз тэлебачаньне просяць паведаміць любыя зьвесткі пра магчымых злачынцаў, якія падклалі бомбу.

Але я чамусьці ўладзе не давяраю”,
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Каліноўская са Смаргоні.

Да 27 ліпеня апазыцыя не рыхтавала і не рыхтуе маштабных грамадзкіх акцыяў, спадарыня Каліноўская. А вось парлямэнцкія выбары, прызначаныя на восень, — важная палітычная кампанія і для ўлады, і для апазыцыі. Калі б ці тым, ці другім удалося пераканаўча давесьці выбарцам, што выбух — справа рук палітычных супернікаў, — гэта магло б стаць важкім чыньнікам у змаганьні за людзкія сымпатыі.

На тэму выбуху і ягоных наступстваў выказваецца і наш слухач Ігар Сьцябуля зь Менску. Ён піша:

“Вельмі ўразіла бездапаможнасьць афіцыйных уладаў, якія на працягу многіх гадоў хваліліся так званай “стабільнасьцю”. Вось ён, сапраўдны ўзровень прафэсіяналізму міліцыі і спэцслужбаў. Што яны рабілі там у ачапленьні вакол натоўпу, калі бандыт спакойна пранёс магутную бомбу (як цяпер выяўляецца, і не адну)?

Але хто возьме на сябе адказнасьць за гэты выбух каля стэлы? Пра такіх нешта пакуль не чуваць.

Для Беларусі гэты выбух 4 ліпеня — як для Злучаных Штатаў Амэрыкі атака тэрарыстаў 11 верасьня 2001 году. Але ў ЗША знайшлі вінаватых у тых тэрактах. А вось ці знойдзе бандытаў беларуская ўлада?

Што яшчэ зьвярнула на сябе ўвагу, дык гэта пераможныя сьвяточныя рэляцыі афіцыйных мэдыяў на наступную раніцу пасьля выбуху. Усе пачыналі галоўныя навіны з таго, як весела і ўрачыста прайшло сьвята, а пра выбух, дзе пацярпелі больш як 50 чалавек, — мімаходзь, напрыканцы праграмы. Вось гэта, на маю думку, — цынізм найвышэйшага гатунку”,
— гэтак лічыць Ігар Сьцябуля зь Менску.

Удакладню, Ігар, што на другія суткі пасьля выбуху афіцыйныя мэдыі ўсё ж адумаліся: зьявіліся рэпартажы са шпіталяў, перасталі прымяншаць колькасьць пацярпелых. А вось дзеяньні спэцслужбаў, міліцыі і мэдыкаў на дзяржаўных тэлеканалах працягвалі хваліць аж да таго моманту, пакуль прэзыдэнт Лукашэнка не наладзіў публічны разнос міністрам і ня звольніў сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана і кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.

Уласную вэрсію выбуху 4 ліпеня выказвае ў сваім лісьце на “Свабоду” Барыс Каваль з Гомеля. Слухач піша:

“На маю думку, у гэтага выбуху, хутчэй за ўсё, — расейскі сьлед. Якія маштабы набыў крымінал у Расеі — усяму сьвету вядома. А тут пад бокам незгаворлівы Лукашэнка, ня хоча аддаваць за бесцань дзяржаўныя прадпрыемствы.

У той дзень, калі былі гэтыя гульбішчы, я сядзеў ля тэлевізара — і, ведаеце, было нейкае прадчуваньне, што ўсё скончыцца кепска. Вакол — тысячы п’яных твараў. На сцэне — расейская папса, якой адвалілі сотні тысяч даляраў народных грошай. У небе — бясконцыя фаервэркі. Гэта гарэлі ясным полымем старэчыя льготы, пэнсіі, студэнцкія стыпэндыі. А Аляксандар Рыгоравіч прытанцоўваў, супакоены тым, што Шэйман яму далажыў пра тое, нібы ўсю плошчу ўздоўж і ўпоперак па-пластунску прапаўзьлі агенты КДБ. Баяцца, маўляў, няма чаго”, —
напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Барыс Каваль з Гомеля.

Адметна, што самога Віктара Шэймана ў тую ноч на месцы выбуху не было. На гэтай дэталі асабліва акцэнтаваў увагу Аляксандар Лукашэнка, заяўляючы пра адстаўку аднаго са сваіх нямногіх паплечнікаў, якія засталіся ў ягоным блізкім атачэньні з часу першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Уласныя меркаваньні наконт апошніх гучных падзеяў, зьвязаных з выбухам, выказвае і наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Менскі выбух прагрымеў на ўвесь сьвет. Людзі зьдзіўляюцца: калі гэта ажыцьцявіў вораг улады, дык чаму бомбу не падкладалі туды, дзе былі высокапастаўленыя начальнікі? Каму спатрэбілася калечыць ні ў чым не вінаватых людзей, якія проста прыйшлі паглядзець на канцэрт і на прэзыдэнта?

А ўвогуле, трэба хадзіць у царкву, а не на такія гульбішчы — тады і Бог вас будзе сьцерагчы.

Пэнсіянэры цяпер гавораць галоўным чынам пра цэны ў крамах. Дапытваюцца адзін у аднаго: калі ж будзе падвышэньне пэнсіяў? Я на гэта звычайна нагадваю, што хутка — выбары. Вось і спытайце ў тых лукашыстаў, якія зноў будуць лезьці ў дэпутаты, што яны зрабілі, каб цэны не расьлі, а пэнсіі было дастаткова, каб пражыць. Пакуль уладу ня зьменім — дабра не чакай. А ня хочаце мяняць уладу — дык і не наракайце”
, — гэтак лічыць Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Той, хто сплянаваў выбух у Менску, разьлічваў, як і любы іншы тэрарыст, на гучны грамадзкі розгалас, на запалохваньне і паніку, на тое, што будзе мноства ахвяраў і пачнецца пошук вінаватых. Пра гэты выбух як пра замах на нейкую канкрэтную палітычную асобу цяпер у Беларусі не гаворыць практычна ніхто.

Наступны ліст — на тэму парлямэнцкіх выбараў. Наш слухач Віктар Семянчук лічыць, што гэтым разам улада прайграе кампанію. Ён піша:

“Усе мае знаёмыя, з кім ні размаўляў, — на выбарах не зьбіраюцца галасаваць за тых начальнікаў, якіх вылучыць улада. З чаго я раблю выснову, што выбары гэтыя ўлада прайграе. Няма ўжо ў людзей ёй веры. Льготы адабралі, цэны ніхто нават не спрабуе стрымаць. Раней Лукашэнка хаця б біў па руках тых чыноўнікаў, якія адважваліся чапаць цэны на хлеб і малако. Цяпер тут — поўная стыхія. Гандляры робяць што хочуць, а бедныя людзі галадаюць. Калі з пэнсіі заплаціш за кватэру — застаецца толькі на хлеб і малако. Мяса — хіба толькі па вялікіх сьвятах.

Думаю, Лукашэнка проста адарваўся ад простага народу. Раней ён часта сустракаўся зь людзьмі, ведаў, як насамрэч мы жывем. А цяпер чыноўнікі возяць яго толькі туды, дзе добра, дзе можна пусьціць пыл у вочы. Вось яму і здаецца, што ўсё наўкол квітнее, а людзі багацеюць і толькі дзякуюць яму за бацькоўскі клопат”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Семянчук зь Менску.

Ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў, спадар Семянчук, зыход выбараў залежыць ня столькі ад таго, як у сапраўднасьці людзі галасуюць, колькі ад таго, хто і як падлічвае выбарчыя бюлетэні. Пакуль у Беларусі ня створана дэмакратычная выбарчая сыстэма — чакаць паразы ўлады на выбарах, відавочна, заўчасна.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — Ігар Высоцкі зь Ліды — распавядае адметную гісторыю пра тое, як дзейнічае палітычная цэнзура адносна самадзейных творчых калектываў на ўзроўні рэгіёнаў. Слухач піша:

“Хацеў бы выказацца наконт свабоды творчасьці, дакладней — наконт таго, як яе ўціскаюць. Я граю ў рок-гурце “Дзеці панядзелка” ў родным горадзе Лідзе. На Дзень моладзі нас запрасілі ўдзельнічаць у сьвяточным канцэрце, што меўся адбыцца на плошчы. Мы дамовіліся з арганізатарамі пра колькасьць песень — усё было добра. Аднак за дзень да канцэрту нам паведамілі, што аддзел па справах моладзі нечакана “зарэзаў” адну нашу песьню — пад назваю “Свабода”. У тэксьце ёсьць словы пра міліцыянтаў. Яны абгрунтавалі сваё рашэньне тым, што нібыта “каля сцэны будуць знаходзіцца міліцыянты, ды ім будзе непрыемна чуць такую песьню”.

Раней мы гралі яе на розных пляцоўках: усім падабалася...

Так я сутыкнуўся з праяваю “свабоды слова” з боку ўлады”.

З павагаю, баяніст гурта “Дзеці панядзелка” Ігар Высоцкі”.

Цікавая лёгіка ў чыноўнікаў з аддзела па справах моладзі. А калі гурт “Дзеці панядзелка” захоча засьпяваць, напрыклад, пра піянэраў, БРСМ альбо арганізацыю “Белая Русь” — ім таксама не дазволяць гэта зрабіць, бо хтосьці можа пакрыўдзіцца?

Няблага было б, спадар Ігар, пабачыць тэкст той забароненай лідзкімі начальнікамі песьні. Дашліце — мы разьмесьцім яго на сваім сайце.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG