Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: затрыманыя апазыцыянэр Хамайда і праваабаронца Левінаў


Барыс Хамайда знаходзіцца ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі, Павал Левінаў — у Перашамайскім райаддзеле.


Спадара Хамайду міліцыянты затрымалі каля так званага “сіняга дому” па вуліцы Леніна. Ён распавёў Радыё Свабода, што міліцыянты маюць да яго прэтэнзіі як да распаўсюдніка незалежнай прэсы.

Нагадаем, што толькі два дні таму Барыс Хамайда вызваліўся пасьля арышту, да якога ён быў асуджаны ў дзень адкрыцьця “Славянскага базару”. Паводле апазыцыянэра, супраць яго тады была зроблена правакацыя: незнаёмы мужчына кінуўся біцца. Аднак суд Чыгуначнага раёну пастанавіў, што вінаваты ў дробным хуліганстве 60-гадовы Барыс Хамайда.

Апазыцыянэр мяркуе, што праз арышт улады і міліцыя хацелі пазбавіцца ягонай непажаданай прысутнасьці ў цэнтры фэстывальнага Віцебску, і не выключае, што сёньняшняе затрыманьне абумоўлена тымі самымі прычынамі.

Арышт на 10 сутак быў каля месяца таму прысуджаны і праваабаронцу Паўлу Левінаву. Аднак спадар Левінаў цьвердзіць, што пастанова выносілася з парушэньнямі — яе не зачыталі ў ягонай прысутнасьці. Сваю пазыцыю ён выклаў у цэлым шэрагу скаргаў. Тым часам, паводле праваабаронцы, супрацоўнікі Першамайскага РАУС пачалі рабіць усе магчымыя захады, каб гвалтам даставіць яго пад арышт у ізалятар часовага ўтрыманьня. Сёньня Паўла Левінава прывезьлі ў пастарунак проста са шпіталя, куды ён трапіў пасьля чарговага сутыкненьня зь міліцыянтамі.

Нагадаем, што праваабаронцу таксама прысуджаны арышт нібыта за дробнае хуліганства: супрацоўнікі міліцыі засьведчылі ў судзе, што Левінаў нецэнзурна лаяўся пры затрыманьні 27 сакавіка, калі спрабаваў трапіць у кватэру да журналіста Вадіма Баршчэўскага, дзе праводзіўся ператрус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG