Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў рэгіёнах Беларусі адбыліся першыя паседжаньні акруговых выбарчых камісіяў. Удзельнічалі ў іх працы больш як 30 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў.


На Берасьцейшчыне — 16 акруговых камісіяў. У шасьці зь іх пачалі працу прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл. У складзе камісіі Берасьцейскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2 працуе сябра партыі БНФ Рыгор Бакіевіч.

“У прынцыпе, упершыню за ўсе апошнія выбарчыя кампаніі ў Берасьці ў склад акруговай камісіі ўключаны прадстаўнік партыі БНФ. Гэта падаецца добрай навіной. А далей — паглядзім, бо я добра ведаю, на што здольная ўлада. Сёньня чыноўнікі ўключаюць, а заўтра могуць зьмяніць сваю думку”.

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, які мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты, ня мае асаблівага аптымізму ў сувязі з уключэньнем апазыцыянэраў у акруговыя камісіі.

“Гэтыя вынікі вельмі ўмоўныя. Бо ўсе фальшаваньні будуць адбывацца на ўзроўні ўчастковых камісіяў. І натуральна, што адзіным паказчыкам празрыстасьці гэтых выбараў для мяне як патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты будзе ўключэньне ва ўсе ўчастковыя камісіі людзей, якім я давяраю”.

Сёньня назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Мікола Воран прысутнічаў на першым паседжаньні Гарадзенскай сельскай выбарчай акругі № 52. Яго ўражаньні:

“Практычна склад камісіі не зьмяніўся ад папярэдніх выбараў у мясцовыя саветы і ў парлямэнт. Наступнае паседжаньне адбудзецца толькі пасьля 20 ліпеня. Кідаецца ў вочы, што ўсё гэта загадзя арганізавана. Як пры раскладзе пасьянсу — кожны ведае сваю ролю ў гэтай гульні”.

У Віцебскай вобласьці ў 14 акруговых камісіях шэсьць прадстаўнікоў апазыцыі: па адным ад БНФ і АГП, па два — ад БСДП (Грамада) і ПКБ.

Сытуацыю камэнтуе віцебскі актывіст Хрыстафор Жаляпаў:

“Я зараз узгадваю словы Калякіна, які казаў, што ў “палатку” прапусьцяць аднаго-двух апазыцыянэраў, але самых “незубастых” — якія ня будуць уздымаць рэзкія пытаньні. Такое сама адчуваньне ў мяне было, калі “прапускалі” апазыцыянэраў у камісіі: у гэты сьпіс ня трапілі нашы палітычныя “зубры” — Селівашка, Смолікаў, Кудлацкая, Нагорны... Гэта значыць, што на выбарах улада будзе рабіць так, каб усё прайшло ціха.

Але я хачу сказаць, што ў Віцебскай вобласьці ёсьць пэўная колькасьць дэмакратычных кандыдатаў з моцнымі камандамі, зь вялікім жаданьнем пазмагацца, і там людзі будуць сур’ёзна адстойваць дэмакратычнасьць выбараў”.


XS
SM
MD
LG