Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік грамадзкіх пратэстаў: бэнзакалёнку пасунулі на восем мэтраў


У Магілёве на патрабаваньне жыхароў вуліцы Сіманава перанесьлі месца будаўніцтва бэнзакалёнкі.


Яе пачалі ўзводзіць сёлета 23 красавіка без папярэдняга грамадзкага абмеркаваньня. Узьведзеныя за два месяцы сьцены будаўнікам давялося дэмантаваць. У аб’яднаньні “Беларусьнафта — Нафтахімпраект”, якое распрацоўвала запраўку, прызнаюць, што прычынай перапляніроўкі сталі пратэсты жыхароў. За разьвіцьцём падзеяў сачыла й нашае радыё. 19 траўня на хвалях “Свабоды” прагучаў матэрыял на гэтую тэму.

Жыхары трох дзевяціпавярховых дамоў на вуліцы Сіманава перанос бэнзакалёнкі лічаць сваёй маленькай перамогай. Каб дамагчыся свайго, людзі цягам двух месяцаў пісалі скаргі, былі на прыёме і ў старшыні гарвыканкаму Віктара Шорыкава. Урэшце дайшлі да генэральнай пракуратуры:

“З генэральнай пракуратуры прыйшоў ліст, па разглядзе якога было прынятае рашэньне зьнесьці напалову ўзьведзены будынак аўтазаправачнай станцыі й перанесьці яго на восем мэтраў. Для нас восем мэтраў — дужа вялікая перамога. Наагул яна даказвае тое, што парушэньні былі”, — зазначае жыхарка дому Тацяна Васільеўна.

23 красавіка, як толькі пачалося будаўніцтва, актыўныя жыхары сабралі за два тыдні больш як трыста подпісаў сваіх суседзяў пад лістом пратэсту.

У перадачы, якая прагучала на хвалях “Свабоды” 19 траўня, эколягі ў сваіх камэнтарах расцанілі будаўніцтва запраўкі як парушэньне заканадаўства. Закон патрабуе на этапе плянаваньня праводзіць грамадзкія слуханьні. Канстытуцыя ж Беларусі гарантуе грамадзяніну права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе. Эколягі, аднак, прызнаюць, што беларускае экалягічнае заканадаўства мае шмат хібаў.

У тым, што беларускае заканадаўства недасканалае, упэўніліся цяпер і самі людзі:

“Мы паднялі санітарныя нормы й правілы будаўніцтва аўтазаправачных станцыяў і дужа зьдзівіліся, што там такія расплывістыя фармулёўкі. Калі б не было дзіраў у заканадаўстве, якімі можна маніпуляваць, а калі б яшчэ слуханьні з жыхарамі праводзіліся, то такога, вядома, не было б”, — мяркуе Тацяна Васілеўна.

У аб’яднаньні “Беларусьнафта — Нафтахімпраект”, якое распрацоўвала запраўку, прызнаюць, што зьнесьці часткова ўзьведзеную запраўку і перанесьці яе давялося з прычыны пратэстаў жыхароў суседніх дамоў:

“Перанос абумоўлены менавіта прэтэнзіямі жыхароў. Вырашылі павялічыць звыш нарматыўнага разрыву да жыльля. Зрабілі цяпер дапрацоўку праекту ў пляне яшчэ большага ўпарадкаваньня. Дадалі больш як у пяць разоў зялёнай высадкі на той вуліцы, дадалі пешаходных дарожак”, — паведаміў супрацоўнік аб’яднаньня.

Выдаткі, зьвязаныя з дэмантажом, аплаціць замоўца будаўніцтва запраўкі — аб’яднаньне “Магілёўаблнафтапрадукт”.

Што да жыхароў дому, то цяпер яны перакананыя, што за кожны мэтар сваёй бясьпекі трэба змагацца.

Цэгла з разбуранага будынку — напамін пра грамадзкі пратэст



XS
SM
MD
LG