Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абясшкоджваць тэрарыстаў — гэта не апазыцыю дручкамі ганяць...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 12 ліпеня 2008 году


Начны выбух у Менску 4 ліпеня, падчас наладжаных уладамі шматлюдных сьвяткаваньняў, якія скончыліся дзясяткамі пацярпелых і наступнымі гучнымі адстаўкамі высокапастаўленых чыноўнікаў — адна з галоўных тэмаў апошніх тыдняў, на якую мы працягваем атрымліваць водгукі.

Пачну сёньняшнюю размову з электроннага ліста на гэты конт, які даслала жыхарка Менску Сьвятлана Люцко. Яна піша:

“Сваіх дзяцей я перастала пускаць на шматлюдныя гульбішчы пасьля трагедыі на Нямізе, дзевяць год таму. Які шок тады мы ўсе перажылі! Але ці зрабілі належныя высновы? Я не перастаю зьдзіўляцца тым бацькам, якія так легкадумна ставяцца да таго, што іх дзеці бавяць час у гэтых страшэнных п’яных натоўпах, ды яшчэ ў цемры, уначы.

Апошнім часам адбывалася ўвогуле нешта жудаснае. Зьбіралі па некалькі сот тысяч людзей. Ніхто не кантраляваў, п’яныя яны ці цьвярозыя, адэкватныя ці вар’яты. Асабіста я падсьвядома ўвесь час адчувала: хутка нешта здарыцца. Ня можа гэтая вакханалія працягвацца бясконца.

Вельмі спачуваю і пацярпелым, і іхным бацькам. Але ўпэўнена, што ўсё будзе працягвацца па-ранейшаму. Чужыя беды хутка забываюцца. А рэальную бясьпеку на такіх імпрэзах наша міліцыя наладжваць ня ўмела і ня ўмее. Гэта ж не апазыцыю дручкамі ганяць”,
— гэтак лічыць Сьвятлана Люцко зь Менску.

І яшчэ адзін кароткі электронны ліст на гэту ж тэму, дасланы Юрасём Кобзікам. Слухач піша:

“Лукашэнка абяцаў, што выбух ня стане падставай для разгрому апазыцыі. А што мы назіраем? Арыштоўваюць і дапытваюць менавіта апазыцыянэраў. Шукаць сапраўдных бандытаў міліцыя і КДБ проста ня ўмеюць. Яны ж ужо чатырнаццаць год перасьледуюць толькі апазыцыянэраў. Прывыклі. А больш нікога і ня ведаюць”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Юрась Кобзік.

Калі слухаеш сьведчаньні пацярпелых 4 ліпеня, калі чуеш, як рэагуюць на драматычныя падзеі іншыя людзі, у тым ліку тыя, што былі ў тую ноч на сьвяце, але шчасьліва пазьбеглі раненьняў — уражаньне такое, спадарыня Люцко, што эпоха бесклапотных п’яных гульбішчаў, на якія ў Менску зьбіраліся статысячныя натоўпы, усё ж скончылася. Бо вельмі многія пасьля гэтага выпадку працьверазелі — асабліва бацькі. Дый улада вымушана будзе зрабіць пасьля гэтага сур’ёзныя высновы — ня толькі кадравыя. Калі міліцыя і спэцслужбы ня здольныя гарантаваць бясьпеку, калі яны ня могуць пракантраляваць гэтыя натоўпы — то ня маюць ні маральнага, ні юрыдычнага права зьбіраць іх на такія імпрэзы. Для многіх і ў грамадзтве, і ва ўладзе гэта сёньня відавочна.

Тэма, якая па-ранейшаму часта гучыць у лістах і тэлефанаваньнях на “Свабоду” — будаўніцтва ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі і небясьпека, якая можа напаткаць у сувязі з гэтым насельніцтва краіны. Наш даўні слухач Міхаіл Леках з Рыгі ў сваім лісьце нагадвае пра тое, што адна спроба будаўніцтва АЭС у Беларусі ўжо рабілася. Ён піша:

”Нягледзячы на тое, што ўжо былі праведзены вышукальныя працы і выбрана пляцоўка, што былі патрачаны сотні мільёнаў рублёў з агульнасаюзнага бюджэту — кіраўніцтва Беларусі не было цалкам упэўнена ў неабходнасьці і мэтазгоднасьці гэтага праекту. У той час у нас не было дэфіцыту электраэнэргіі, і пры гэтым уводзіліся новыя энэргаблёкі на Лукомскай электрастанцыі.

Супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі былі многія навукоўцы нашай Акадэміі навук, якія здолелі пераканаць кіраўніцтва Беларусі, што праект нанясе шкоду воднаму басэйну. Гэта мела месца на пачатку 70-х гадоў.

А вось кіраўнік суседняй Літоўскай ССР Сьнечкус прапанаваў ураду Савецкага Саюзу будаваць АЭС у Літве. І пабудавалі — побач зь мяжой Беларусі.

І вось вынік: і сёньня ў Літве няма праблемаў з электраэнэргіяй. Яна нават прадае лішкі, у тым ліку і Беларусі. А зараз спрабуе ў Эўразьвязе дамагчыся падаўжэньня працы дзейнага энэргаблёку”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Леках з Рыгі, з Латвіі.

Вашы зьвесткі, спадар Леках, не зусім дакладныя. У 1983 годзе ў Беларусі пачалі будаваць першую электрастанцыю, якая павінна была працаваць на ядзерным паліве — Менскую АТЭЦ. Яе магутнасьці былі разьлічаны на 2 млн. кВт. Адначасова рыхтавалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС магутнасьцю 6 млн. кВт. На галасы эколягаў тады ня надта зважалі. А Ігналінская АЭС на мяжы зь Літвой у той час якраз была запушчана.

Усе гэтыя пляны былі пахаваны ў 1986 годзе, пасьля чарнобыльскага выбуху. На тле грамадзкага абурэньня і пратэстаў эколягаў і апазыцыі, якая нараджалася ў тыя гады, будаўніцтва Беларускай АЭС так і не было пачата. А на базе Менскай АТЭЦ, якая да 1986 году была завершана на 70%, на пачатку 90-х пабудавалі Менскую ТЭЦ-5, якая дзейнічае і сёньня.

Ці варта спадзявацца на тое, што выбарчая кампанія, якая пачалася ў Беларусі, будзе адрозьнівацца ад папярэдніх, стане дэмакратычнай і свабоднай? Пра гэта разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва. Яна піша:

“Як можа кіраўнік дзяржавы публічна заяўляць, што ніводзін апазыцыянэр у парлямэнт ня пройдзе? Альбо што ён, прэзыдэнт, можа запусьціць у Палату прадстаўнікоў двух ці трох дэпутатаў ад апазыцыі? Дык на якія дэмакратычныя выбары нам у такім разе разьлічваць? Усё зноў загадзя вядома, як і раней. Яны зусім сьвядома ідуць на гэта, карыстаючыся сваімі пасадамі, злоўжываюць уладай. Але ж за гэта людзі павінны несьці адказнасьць у адпаведнасьці з законам, які прадугледжвае за гэта суровае пакараньне. Вось толькі калі гэта адбудзецца?” — напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва.

Так, спадарыня Галіна, наўрад ці гэта адбудзецца раней, чым у Беларусі зьменіцца ўлада. У савецкай Беларусі напрацавалі багаты досьвед псэўдавыбараў, калі ўсе загадзя ведалі і імёны пераможцаў, і нават дакладныя лічбы тых, хто прагаласуе “за”. Калі б на пачатку 90-х гадоў, у кароткі пэрыяд параўнальна дэмакратычнага ладу, тыя асобы, што былі адказныя за фальшаваньні, былі пакараныя — хто ведае, магчыма, цяпер не паўтарыўся б той адладжаны камуністычнай сыстэмай сцэнар.

У наступным лісьце — гісторыя шматгадовага змаганьня за справядлівасьць. Наша слухачка Ірына Генюк, якая жыве ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну, ужо на працягу доўгага часу спрачаецца з суседзямі і чыноўнікамі за межы свайго зямельнага ўчастку. Вось як яна піша пра вынікі змаганьня:

“Куды б ні зьвярталася — ніхто не пытаецца ў начальнікаў раёну, як так атрымалася, што мяне пакрыўдзілі. Усё вырашаюць грошы. Больш за 20 год цягнецца гэтая валакіта зь бюракратамі. Наш прэзыдэнт гаворыць пра дабрабыт чалавека, пра спакойнае і прыгожае жыцьцё, пра тое, што ўсе пытаньні можна вырашыць праз так званае “адно акно”. А насамрэч у рэальным жыцьці ўсё па-іншаму. Мясцовыя начальнікі душаць нас няпраўдай. Нашы звароты не разьбіраюць і не правяраюць, перасылаюць на раён — да тых, на каго мы скардзімся.

Куды я толькі ні зьвярталася — у пассавет, раён, вобласьць, Савет Міністраў, Міністэрства юстыцыі, дзяржаўныя газэты. У Адміністрацыі прэзыдэнта тройчы была асабіста, 12 разоў зьвярталася пісьмова. Усе мае звароты пераадрасоўваюцца ў раён — туды, дзе сядзяць страшныя людзі. Колькі страціла, змагаючыся за праўду, сілаў, здароўя, розуму, грошай і часу!

Можа, хоць праз вас наш прэзыдэнт пачуе і даведаецца, як нам жывецца на вёсцы, што з намі вырабляюць чыноўнікі”,
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Ірына Генюк з пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну.

Мяркуючы па тых дакумэнтах, якія даслала спадарыня Генюк у рэдакцыю, усе рашэньні мясцовай выканаўчай улады — не на яе карысьць. Ейныя патрабаваньні зьмяніць межы зямельнага ўчастку за кошт суседзяў прызнаны неабгрунтаванымі. А адміністрацыя прэзыдэнта пасьля шматлікіх зваротаў і адказаў увогуле заявіла, што спыняе далейшую перапіску ў гэтай справе, бо лічыць яе немэтазгоднай.

Гісторыя старая, складаная, заблытаная. На добры лад, такія спрэчкі варта вырашаць з дапамогай суду. Але і праз суд вырашыць яе праблематычна, калі няма ўсіх неабходных дакумэнтаў на зямлю, бо ў вёсках у ранейшыя часы суседзі звычайна вызначалі межы між сабой безь землямераў і папяровых дамоваў. Дый сёньня прававая культура грамадзянаў кульгае на абедзьве нагі. Высокі менскі начальнік у вачах многіх грамадзянаў мае куды большыя аўтарытэт і вагу, чым мясцовы суд. Таму і закідаюць людзі Адміністрацыю прэзыдэнта сотнямі тысяч скаргаў і просьбаў — у разьліку на тое, што менскі чыноўнік заменіць і землямера, і тэхнічны пашпарт, і дамову, і судзьдзю...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG