Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лябедзькі лекары зафіксавалі 5 гематомаў


Пасьля зьбіцьця спэцназаўцамі падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы старшыня АГП Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў 2-ю менскую лякарню.

Сёньня а 7-й раніцы да пад’езду палітыка пад’ехала міліцыя і быў званок у дамафон. Не дачакаўшыся адказу, міліцыянты зьехалі. Таксама Анатолю Лябедзьку даслалі позву, каб ён прыйшоў сёньня ў фінансавую міліцыю.

Першую палову дня палітык знаходзіўся дома, бо адчуваў сябе кепска пасьля ўчорашняга зьбіцьця. А.Лябедзька згадаў, што на самым пачатку разгону акцыі 14 ліпеня яго ўзялі ў так званую “каробачку” – акружылі з усіх бакоў:

“У мяне нават партрэта не было ў руках, бо не хапіла. Адразу мяне пачалі зьбіваць 5—6 спэцназаўцаў. Адзін удар быў нечакана моцны ў жывот, і я проста страціў кантроль, у вачах пацямнела. Потым яшчэ некалькі ўдараў, і мяне зьбілі з ног. І было яшчэ 4—5 удараў, калі я ўжо ляжаў. Потым я пачуў, што нехта сказаў: “Хопіць!”, і спэцназаўцы пабеглі далей. Калі мяне паднялі мае сябры па партыі, то я ня мог стаяць, бо дыханьне было забіта. Потым адчуў, што ў грудзях ёсьць непрыемныя адчуваньні. І мае калегі сказалі, што абавязкова трэба заехаць у шпіталь”.

А.Лябедзька зьвярнуўся ў 2-гі менскі шпіталь.

“На шчасьце, няма ўнутраных пераломаў. Але лекар сказаў, што цягам некалькіх дзён патрэбны спакой, прапісаў лекі. На целе зафіксавалі 5 гематомаў — на грудзях, жываце і на назе”.
"Зьвяртацца ў беларускую пракуратуру ці ў суд -тое ж, што зьвяртацца да слупа"

Палітык зьвязвае гэтае зьбіцьцё з тым, што якраз быў ініцыятарам акцыі салідарнасьці. Ён заклікаў кандыдатаў з адзінага сьпісу па Менску выйсьці на плошчу і прадэманстраваць сваю салідарнасьць з тымі, хто цяпер у турме. Анатоль Лябедзька кажа, што як патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ад самага пачатку кампаніі адчувае пільную ўвагу да сябе з боку ўладаў:

“Толькі за апошнія паўтара тыдні быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ кіраўнік маёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Аляксандар Сергіенка, які два дні правёў у сьледчым ізалятары КДБ. Якога пабілі, калі затрымоўвалі. У якога з кватэры скралі сьпісы моладзевай арганізацыі “Маладыя дэмакраты“, а таксама некалькіх нашых раённых менскіх арганізацый. Падчас раздачы ўлётак з маім фотаздымкам і з пасланьнем АДС да грамадзянаў Беларусі былі затрыманы два сябры нашай партыі Акавалгін і Пятроўскі. Іх пратрымалі тры гадзіны ў Цэнтральнай міліцыі, зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і забралі больш за 2 тысячы ўлётак. Трэцяе, што здарылася, — зьбілі непасрэдна мяне падчас учорашняй акцыі. Так што ўвагі больш чым дастаткова. І гэта толькі пачатак кампаніі, паглядзім, што будзе далей. Спадзяюся, што мы пройдзем гэтую кампанію жывыя і здаровыя”.

Падаваць скаргу па факце зьбіцьця на акцыі палітык не зьбіраецца, бо“зьвяртацца ў пракуратуру ці ў суд — гэта прыкладна тое ж самае, што падысьці да слупа і зьвярнуцца да яго”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG