Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада дапусьціла апазыцыянэраў у акруговыя выбарчыя камісіі? Як улады вырашаць дылему паміж жаданьнем забясьпечыць патрэбны вынік выбараў і неабходнасьцю дабіцца іхняга прызнаньня на Захадзе? Ці існуе імавернасьць таго, што гэтыя парлямэнцкія выбары пройдуць ня так, як усе астатнія за апошнія 12 гадоў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітолягі Юры Чавусаў і Ўладзімер Мацкевіч.


Віталь Цыганкоў:
“Сёньня заканчваецца адзін з першых этапаў парлямэнцкай выбарчай кампаніі – фарміруюцца акруговыя выбарчыя камісіі. Нагадаем нашым слухачам, што ў Палаце прадстаўнікоў 110 дэпутатаў і адпаведна створана 110 акруговых камісіяў. І вось першыя сёньняшнія дадзеныя даюць даволі нечаканую для многіх карціну – ў многія акруговыя камісіі, якія фармуюцца на пасяджэньняў мясцовых аблвыканкамаў, ўключаныя прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Напрыклад, у Гомельскай вобласьці апазыцыянэры ўвайшлі ў 13 з 17 акруговых камісіяў, у Берасьцейскай – p 26 вылучаных прадстаўнікоў апазыцыі ў 16 акруговых камісіяў увайшлі 6.

Гэта, можа і няшмат, але нагадаем, што на мінулых парлямэнцкіх выбарах на ўсю краіну ў камісіі ўвайшло ўсяго некалькі прадстаўнікоў апазыцыі. Чаму ўлада пайшла на такі крок. Ці ёсьць імавэрнасьць таго, што гэтыя выбары могуць пайсьці ня так, як усе выбары за апошнія 10-12 гадоў?”

“Улады будуць імкнуцца зрабіць вынік задоўга да дня галасаваньня”

Уладзімер Мацкевіч:
“Цяпер улада вельмі зацікаўленая ў прызнаньні гэтых выбараў з боку Эўразьвязу. І таму яны будзе імкнуцца мінімізаваць фальсыфікацыі падчас падліку галасоў. Але ж выбары – гэта складаны тэхналягічны працэс. Яны робяцца ня ў дзень галасаваньня. Улады, карыстаючыся адміністрацыйным рэсурсам, маюць магчымасьць забясьпечыць патрэбны вынік выбараў задоўга да працэсу самога галасаваньня.

Таму трэба ўлічваць, што назіраньне і грамадзкі кантроль усе не вырашае, што гэта дзейнічае толькі ў момант галасаваньня. Улады будуць зараз выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс і ціск, каб зрабіць неабходны ім вынік задоўга да дня галасаваньня. Таму, я мяркую, яны і пайшлі нібыта насустрач патрабаваньнем Эўропы ўключыць апазыцыянэраў у акруговыя камісіі, бо гэта ім падаецца дастаткова бясьпечным. Бо яны плянуюць усё зрабіць да таго”

Цыганкоў: “Як улада разьвяжа гэтую дылему – з аднаго боку, паміж жаданьнем забясьпечыць неабходны вынік і стварыць падкантрольную Палату Прадстаўнікоў, а зь іншага боку – правесьці кампанію так, каб Захад прызнаў гэтыя выбары і склад новай Палаты?”

“Улада сапраўды пайшла насустрач”


Юры Чавусаў: “Вы цалкам слушна намалявалі гэтую дылему. Паміж двума гэтымі неабходнасьцямі ўлада і выпрацоўвае стратэгію выбарчай кампаніі.

Я б сказаў, што ўлада сапраўды пайшла насустрач патрабаваньням апазыцыі і яе заходніх партнэраў. Тут нельга сказаць, што гэта чыста дэкляратыўны крок. Гэта паказвае, наколькі важна для апазыцыі выпрацоўваць адзіны падыход і трымацца яго. Іншая справа, што наяўнасьць гэтых людзей у камісіях зусім нічога не гарантуе. Не гарантуе хоць нейкага адступленьня ад звыклага брутальнага спосабу правядзеньня выбарчай кампаніі.

Пакуль гэтае пасланьне для зьнешняга карыстаньня – маўляў, вы можам правесьці кампанію так, што яна можа вам спадабацца. Але гэта пакуль не азначае адступленьня ад ранейшага стылю”.

Ці хопіць апазыцыі рэсурсаў на ўсе камісіі?


Цыганкоў: “Юры, а наколькі важным будзе наступны крок – утварэньне участковых камісіяў? Бо менавіта там у дзень галасаваньня, як сьведчылі многія людзі, падкідваліся бюлетэні і назіральнік ня можа блізка пайсьці да стала падліку галасоў..”

Чавусаў:
“Як слушна адзначыў Уладзімер, выбары – гэта складаны тэхналягічны працэс. Нельга зусім адмаўляць і ролю акруговых камісіяў – роля гэта вельмі важна падчас агітацыйнай кампаніі. У сам дзень выбараў яны сапраўды, мала што значаць, але ў некаторых выпадках яны зьяўляюцца дадатковым мэханізмам карэкцыі. Напрыклад, калі з участковых камісіяў прыходзяць пратаколы, што не адпавядаюць загадзя заплянаваным лічбам.

Але, вядома, асноўны орган, які непасрэдна ажыцьцяўляе працэдуру галасаваньня – гэта ўчастковыя камісіі. Апазыцыйныя сілы зараз знаходзяцца перад даволі складанай задачай. Яны пайшлі ў накірунку прасоўваньня сваіх прадстаўнікоў у органы, якія праводзяць выбары, і дасягнулі тут пэўнага посьпеху. Наступны лягічны крок – гэткае ж масавае вылучэньне ва ўчастковыя камісіі.

Але вось у чым праблема – у апазыцыі ня хопіць людзкіх рэсурсаў на тое, каб адначасова ажыцьцяўляць моцную інфармацыйную кампанію (а гэта адна з мэтаў удзелу ў выбарах) і адначасова ахапіць усе ўчасткі сваімі вылучэнцамі. І тут мы зноў сустракаемся з праблемай вызначэньня “ударных акругаў”, куды можна кінуць усе людзкія, матэрыяльныя, арганізацыйныя рэсурсы. І гэта зараз вельмі складаная задача для апазыцыі”

Цыганкоў: “Нагадаем, што 10 ліпеня, Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай выбарам, падкрэсьліў сваё патрабаваньне, што выбарчая кампанія павінна быць максымальна адчыненай, дэмакратычнай і цалкам празрыстай. Можа проста ўлада на столькі сёньня не баіцца апазыцыі, што можа дазволіць сабе раскошу правесьці адносна свабодныя выбары?”

Мацкевіч: “Я ня бачу ніякіх зьменаў, якія далі б магчымасьць меркаваць, што гэтыя выбары будуць больш свабодныя чым папярэднія. Але тое, што ўлады сапраўды зараз правялі шчыльны маніторынг магчымасьцяў апазыцыі – гэта так. І наконт тых рэсурсаў, якімі апазыцыя сёньня валодае, яны, відаць, не памыляюцца.

І тут нават аб’яднаньне ўсіх рэсурсаў можа не заўсёды даць плён, бо мы прывязаны да прапіскі. Нават калі людзі ёсьць, іх немагчыма перакінуць з адной акругі на іншую. І гэта яшчэ больш ускладняе магчымасьці апазыцыі скарыстацца гэтай сытуацыяй”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG