Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Учора уплывовае лёнданскае выданьне "The Times" паведаміла, што Расея ўпершыню пасьля заканчэньня "халоднай вайны" разважае пра магчымасьць нацэліць балістычныя ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі на Заходнюю Эўропу.


Маскоўскі карэспандэнт брытанскага штодзёньніку Марк Франчэці, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую з крыніц "блізкіх да Міністэрства абароны Расеі", цьвердзіць, што Масква сур’ёзна думае аб вяртаньні ядзерных ракетаў у Калінінградзкі анкляў Расеі, а таксама ў Беларусь.

Паводле газэты, гэткія захады Расея зьбіраецца рабіць у адказ на разгортваньне амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

"The Times" піша, што дэлегацыя расейскай Думы наведала Калінінград на пачатку ліпеня, каб разгледзець магчымасьць усталяваньня ў гэтай вобласьці новай генэрацыі расейскіх балістычных ракетаў.

"Адным з галоўных крокаў, якія цяпер абмяркоўваюцца, ёсьць вяртаньне ядзерных ракетаў у Калінінінград і Беларусь," — газэта цытуе ананімную крыніцу, зьвязаную з расейскім Міністэрствам абароны. — "Гэтыя ракеты меліся б быць нацэленыя на Эўропу. Гэта быў бы абсалютна законны крок. Калі Амэрыка хоча пашырыць свой вайсковы патэнцыял у Эўропе, мы маем права дзейнічаць адпаведна”.

"The Times" таксама цытуе неназванага заходняга дыплямата, які цьвердзіць, што ў гэтым расейскім намеры можа быць дамешак блефу, каб пастрашыць амэрыканцаў. "Крэмль робіць стаўку на адну рэч — каб проціракетны шчыт не пабачыў дзённага сьвятла перад адыходам прэзыдэнта Джорджа Буша зь Белага дому ў наступным годзе. Тады гэты праект можа быць пахаваны назаўсёды”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG