Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні нечакана скараціліся пастаўкі расейскай нафты ў Чэхію. Скарачэньне наступіла пасьля таго, як Чэхія і ЗША падпісалі дамову аб пабудове радару — элемэнту амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.


Пастаўкі расейскай нафты трубаправодам "Дружба" ў Чэхію пачалі скарачацца адразу на другі дзень пасьля 8 ліпеня, калі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і чэскі міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг падпісалі ў Празе згаданую дамову.

Супроць пабудовы гэтай абароннай сыстэмы з самага пачатку выступала Расея. Расея аргумэнтуе, што ні ЗША, ні Эўропа ня мае ніякай неабходнасьці ў такой сыстэме, бо Іран — найбольш магчымы агрэсар у амэрыканскай трактоўцы — ня мае ракетаў, якія маглі б стаць сапраўднай пагрозай. Радыюс дзеяньня іранскіх ракетаў не перасягае 2000 кілямэтраў, што выключае Эўропу, ня кажучы ўжо пра ЗША, як магчымую мішэнь.

Зьмяншэньне ціску ў паўднёвай нітцы трубаправоду "Дружба", якой плыве нафта ў Чэскую Рэспубліку, Карэл Шварцэнбэрг акрэсьліў як маскоўскі "заклік да паслухмянасьці", скіраваны ў адрас Прагі ў сувязі з пабудовай амэрыканскага радару. Аднак чэскія палітыкі не выключаюць таксама, што скарачэньне паставак магло быць выкліканае і нейкай тэхнічнай праблемай.

Масква, пакуль што, не адказала, у чым прычына скарачэньня паставак. Аднак падаецца, што для расейскай прэсы гэтая прычына зусім ясная. Выданьне "Коммерсант", пішучы сёньня пра сытуацыю з пастаўкамі нафты ў Чэхію, назвала свой камэнтар "Расейская нафта абмінае амэрыканскі радар".

Чэхі прагназуюць, што з дамоўленых паставак 500 000 тон расейскай нафты ў ліпені яны атрымаюць каля 300 000 тон. Але запасаў нафты ў краіне больш чым на тры месяцы, да таго ж Чэхія падключаная да ніткі трубаправоду ў Нямеччыне, якім цячэ нафта зь міжземнаморскага рэгіёну. Так што пры неабходнасьці можна будзе павялічыць пастаўкі міжземнаморскай нафты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG