Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы самі праілюструюць кнігу

  • Тацяна Поклад

Другая кніга А.Мілна пра Віню-Пыха па-беларуску будзе называцца “Пухаў закуток” і выйдзе, як і першая, у суседняй Польшчы.

Як паведаміў Радыё Свабода перакладчык і выдавец Віталь Воранаў, які працягвае працу пасьля выданьня першай кнігі па-беларуску пра Віню-Пыха (А. Мілн. Віня-Пых. Познань. Выдавецтва “Белы крумкач”. 2007), цяпер ад чытачоў чакаецца актыўны ўдзел у афармленьні новай беларускай кнігі з прыгодамі Віні-Пыха і яго сяброў.

У першай кнізе пра Віню-Пыха па-беларуску зьмешчана дзіцячае фота самога перакладчыка зь яго дзіцячым мішкам на прызьбе вясковай хаты. У наступным выданьні маюць магчымасьць зьявіцца іншыя беларускія мішкі і чытачы без узроставага абмежаваньня.

Выдавецтва “Белы Крумкач” і “Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар у Познані” абвясьцілі конкурс здымкаў чытачоў разам зь іх плюшавымі мядзьведзямі і падрыхтавалі для удзельнікаў прызы. Вынікі конкурсу будуць падведзеныя ў жніўні і апублікаваныя на сайце кнігі www.vinia-pych.com

Як паведаміў В.Воранаў, фотаздымкі можна дасылаць самому Віню-Пыху на адрас vinia.pych@gmail.com да канца ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG