Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшні “Дзень Саюзнай Дзяржавы” – бадай што самы палітызаваны элемэнт сёлетняга фэстывалю мастацтваў.

З нагоды “Дня Саюзнай дзяржавы”, які традыцыйна ўваходзіць у праграму фестывалю з 2003 году, прайшла прэсавая канфэрэнцыя Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы П.Барадзіна і прадстаўнікоў дэлегацыі Саюзу Беларусі і Расеі.

Павал Барадзін падкрэсьліў, што фэстываль “Славянскі базар у Віцебску” спрыяе працэсу яднаньня народаў Беларусі і Расеі і выказаў меркаваньне, што яго фінансаваньне зь бюджэту Саюзнае Дзяржавы на наступны год трэба павялічыць.

Пра тое, што “Славянскі базар” – гэта ня толькі вялікая канцэртная, але і палітычная пляцоўка, заявіла журналістам Тацяна Маскалькова, намесьніца старшыні Камітэту Дзярждумы па справах Садружнасьці Незалежных Дзяржаў і сувязях з суайчыньнікамі.

Гаворачы пра пэрспэктыўныя пляны і супольныя праграмы, адказны сакратар Парлямэнцкага сходу Саюзу Расеі і Беларусі Сяргей Стрэльчанка паведаміў пра верагоднае стварэньне агульнасаюзнай моладзевай грамадзкай арганізацыі і пра заснаваньне моладзевага друкаванага выданьня адпаведнага накірунку.

Амаль што ўсе выступоўцы зазначылі, што стварэньне Саюзнай дзяржавы адбываецца пад супярэчным узьдзеяньнем фактараў міжнароднай палітыкі. Тым ня менш, паводле меркаваньня Паўла Барадзіна, Саюзная дзяржава з часам стане настолькі моцным і аўтарытэтным утварэньнем, што ў яго маюць папрасіцца ня толькі асобныя эўрапейскія краіны, але і ўвесь Эўрасаюз цалкам.

Таксама спадар Барадзін прапанаваў у перспектыве зрабіць Віцебск сталіцай Саюзнае Дзяржавы.

Да сёлетняга фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ўрадавая дэлегацыя Саюзнае дзяржавы падрыхтавала ўзнагароды для ўдзельнікаў конкурсных праграм: 4 дыплёмы будуць уручаныя “За творчае ўвасабленьне ідэй сяброўства народаў Беларусі і Расеі”, і яшчэ 2 дыплёмы “Надзея Саюзнае дзяржавы” атрымаюць самыя юныя выканаўцы, якія бяруць удзел у дзіцячым музычным конкурсе. Таксама падчас урачыстага закрыцьця фэстывалю адмысловымі прызамі ўзнагародзяць “Лепшага выканаўцу эстраднай песьні ад Рэспублікі Беларусь” і “Лепшага выканаўцу эстраднай песьні ад Расейскай федэрацыі”.
XS
SM
MD
LG