Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэгеран выпрабоўвае ракеты, Вашынгтон ставіць шчыт


На гэтым тыдні сярод міжнародных палітычных навінаў адным з галоўных было паведамленьне аб выпрабаваньнях Іранам ракет вялікай і сярэдняй дальнасьці.

Паводле паведамленьняў іранскага дзяржаўнага тэлебачаньня, 9 ліпеня элітарная частка Вартавых іслямскай рэвалюцыі правяла пускі дзевяці ракетаў зь неназванага пустыннага палігону. Гэтыя пускі ўлучалі і ракету „Шагаб-3”, якая можа дасягаць мішэняў на адлегласьці да 2000 кілямэтраў.
Выпрабаванні ракетаў можна лічыць адказам Тэгерану на зьвесткі, што Ізраіль гатовы да ўдару па ядзерных аб'ектах Ірану з мэтай не дапусьціць прадукцыі іранскай ядзернай бомбы. Такім чынам, Ізраіль апынуўся ў радыюсе дзеяньня іранскіх ракетаў.
Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс лічыць, што іранскія ракеты прадстаўляюць сапраўдную небясьпеку для дзяржаваў, якіх гэтая іслямская дзяржава прызнае за сваіх ворагаў.
„Выпрабаваньне іранскіх ракетаў зьяўляецца для мяне доказам, што ракетная пагроза з боку Ірану — зусім ня ўяўная,” — сказала Кандаліза Райс падчас візыту ў Баўгарыю. — „А тыя, хто кажуць, што няма іранскай пагрозы, супраць якой мы будуем антыракетную абарону, павінны, відаць, пагаварыць зь іранцамі пра гэта, як і пра радыюс ды дальнасьць ракетаў, што яны выпрабоўвалі”.
Скептыкі, якіх Райс не назвала, несумненна ўключаюць Расею. Расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў даў гэта зразумець і на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, дзе ён паўтарыў, што Масква ня бачыць патрэбы ў разгортваньні гэтак званага амэрыканскага проціракетнага шчыта ў Эўропе.
Тымчасам дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс 8 ліпеня ў Празе падпісала дамову аб пабудове радару ў Чэхіі, які будзе элемэнтам сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе. Другі істотны элемэнт — ракеты-перахопнікі — мае знаходзіцца ў Польшчы.
Але польскі міністар замежных спраў Радэк Сікорскі сказаў сёньня ў інтэрв’ю для Радыё Свабода, што яшчэ няма дамовы паміж Варшавай і Вашынгтонам у гэтай справе.
„Польшча цяпер разважае аб разьмяшчэньні 10 ракет-перахопікаў у сыстэме супрацьракетнай абароны, але гэта яшчэ не прадвызначаная справа. Перамовы працягваюцца, апошнім часам мы дасягнулі прагрэсу ў Вашынгтоне, але пагадненьня пакуль няма,” — сказаў Сікорскі падчас свайго візыту ў Малдове.
Паводле ацэнак амэрыканскіх экспэртаў, праз два-тры гады Іран будзе мець ракеты з такой дальнасьцю, якая дазволіць яму дасягнуць любой мішэні ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG