Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыльлёвую праблему магілёўцаў вырашыць Юйхуа


Магілёўскі гарвыканкам заявіў, што неўзабаве пяцьсот будаўнікоў з Кітаю пачнуць узводзіць у Магілёве жыльлё.

Гэта прадугледжвае падпісаны днямі пратакол аб намерах пра супрацоўніцтва з кітайскай будаўнічай кампаніяй “Юйхуа”. Паводле пратаколу, кітайцы бяруцца штогод здаваць 100 тысяч квадратных мэтраў жыльля. Ці патаньнее ў Магілёве жыльлё з прыходам кітайцаў на мясцовы рынак нерухомасьці? Ці ўсё ўлічылі магілёўскія ўлады на пачатку такога супрацоўніцтва?

Будаўнічая кампанія “Юйхуа”, паводле чыноўнікаў, — адна з найбуйнейшых у кітайскай правінцыі Хэнань. Яна гатовая камандзіраваць у Магілёў пяцьсот сваіх будаўнікоў і гарантуе, што штогод будзе здаваць сто тысяч квадратных мэтраў жыльля.

“Работнікі толькі іх будуць. Будуць працаваць круглыя суткі. Пакажуць нашым будаўнікам, як рабіць трэба”, — запэўніваў магілёўцаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Ціток.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, будаўнічая пляцоўка для “кітайскага кварталу” ў Магілёве ўжо нібыта вызначаная, і кітайцам яна спадабалася. Раней гэтая пляцоўка належала вайскоўцам, тут былі склады зь іхнай тэхнікай.
Пакажуць нашым будаўнікам, як рабіць трэба

У аддзеле эканамічных гарвыканкаму, аднак, зазначаюць, што пакуль падпісаны толькі пратакол аб намерах і ня болей. Ягоныя дэталі супрацоўнікі аддзелу камэнтуюць стрымана:

“Мы чакаем ад іх прыняцьця рашэньня. Цягам месяца яны там ужо падлічаць ды абмяркуюць. Ведаеце, пра тое, што яны прыедуць, я пакуль сказаць не магу. Пратакол аб намерах пра супрацоўніцтва падпісаны. Там ёсьць радок, што будаваць там кітайскімі сіламі за кошт сродкаў кітайскіх. Яны ж вязуць з сабою ўсё: вузлы, дэталі, мэханізмы. Гаворка вядзецца ня толькі пра людзей, гаворка вядзецца пра ўсю тэхналёгію”, — зазначае супрацоўніца аддзелу.
На фота: меркаваная пляцоўка, дзе неўзабаве пабудуюць “кітайскі квартал”. Раней тут месьціліся склады вайсковай тэхнікі.

Інфармацыі пра тое, што дасьць Магілёву супрацоўніцтва з кітайскімі будаўнікамі, акрамя новых жыльлёвых плошчаў, — няма. Невядома таксама, ці патаньнее жыльлё ў горадзе з прыходам сюды кітайскіх будаўнікоў. Цяпер адзін квадратны мэтар жыльля ў Магілёве каштуе ў сярэднім 1100 даляраў.

Кітай, паводле беларускага эканаміста Яраслава Раманчука, даўно ўжо экспартуе працоўную сілу ў розныя краіны сьвету, і Беларусь тут не выключэньне. Паводле эканаміста, падобнае супрацоўніцтва можа пазытыўна адбіцца, напрыклад, на цэнах на жытло альбо на падрыхтоўцы беларускіх спэцыялістаў для працы ва ўмовах глябальнага рынку. Эканаміст, аднак, засьцерагае:

“Чыноўнікі могуць палічыць за неабходнае залічыць свае нейкія адкаты ў сумы кантрактаў, і гэта павялічыць кошты. Чыноўнікі дбаюць не пра тое, каб мэтар квадратны жытла каштаваў шэсьцьсот даляраў, а пра тое, каб на такім кантракце зарабіць дзясятак-другі тысяч даляраў”.
Яны прыяжджаюць рабіць тое, што ўмеюць рабіць нашыя людзі.

Кіраўніца магілёўскай няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі і самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва сумняецца ў эканамічнай мэтазгоднасьці супрацоўніцтва з кітайцамі, бо ня ўпэўненая, што чыноўнікі пралічылі яго сацыяльныя наступствы. Ці гатовыя мы адразу прыняць такі наплыў замежнікаў, пытаецца яна:

“Інвэстыцыі. Вось у чым сакрэт, мне здаецца, і ў пагоні за ростам працэнту інвэстыцыяў мы іншага не пралічваем. Мяне гэта палохае. Да гэтага грамадзтва павінна быць гатовае. Тут дужа сьлізкая праблема. Яны прыяжджаюць рабіць тое, што ўмеюць рабіць нашыя людзі. Спадзяюся, што ня дойдзе да сутыкненьня. Аднак ці хопіць у нас розуму, а далікатнага падыходу — у нашых органаў правапарадку?”

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у чарзе на атрыманьне жыльля на Магілёўшчыне стаіць больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. Падлічана: штогод чарга павялічваецца прыкладна на пяць тысяч чалавек. Магілёўскія будаўнікі абяцаюць да 2009 году давесьці аб’ёмы будаўніцтва да 540 тысяч квадратных мэтраў. Эканамісты, аднак, падлічылі, што каб задаволіць попыт, неабходна будаваць штогод да 800 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG