Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца 10 чалавек, затрыманых паводле падазрэньня ў дачыннасьці да выбуху падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня. У пятніцу скончыўся тэрмін папярэдняга 72-гадзіннага затрыманьня, але сьледчыя працягнулі падазраваным тэрмін утрыманьня пад вартай да 10 сутак.

За кратамі ізалятара часовага ўтрыманьня знаходзяцца былыя актывісты “Белага легіёну”, арганізацыі, якая некалькі гадоў таму спыніла сваё існаваньне: Віктар Ляшчынскі, Сяржук Чыслаў, Міраслаў Лазоўскі і Ігар Корсак. Іх затрымалі 7 і 8 ліпеня, правёўшы ў іхніх кватэрах ператрусы.

9 ліпеня супрацоўнікі КДБ затрымалі актывіста кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паўла Кур’яновіча, актывіста незарэгістраванай арганізацыі “БУНТ” Антона Койпіша, актывіста АГП Аляксандра Сергіенку.

Пакуль дакладна невядома, дзе знаходзіцца моладзевы актывіст партыі БНФ Ільля Богдан. Яго затрымалі ўчора ўвечары супрацоўнікі КДБ, правёўшы на кватэры ператрус. Паплечнікі Ільлі ўпэўненыя, што хлопца затрымалі на 72 гадзіны як падазраванага ў выбуху 4 ліпеня. Адвакат Ільлі Павал Сапелка паведаміў “Свабодзе”, што Богдана няма ні ў “амэрыканцы”, ні ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. У спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна паведамілі, што да іх Ільлю таксама не прывозілі.

Сёньня супрацоўнікі КДБ затрымалі лідэра незарэгістраванай “Партыі Свабоды” Сержука Высоцкага.

Сярод затрыманых, якіх падазраюць у выбуху падчас сьвяточнага канцэрту, — толькі адна дзяўчына. Ні ў якую з моладзевых дэмакратычных арганізацый яна не ўваходзіць. Гэта студэнтка біялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Тацяна Пікун. Паводле вэрсіі сьледчых, у яе быў доступ да выбуховых рэчываў і яна магла мець дачыненьне да вырабу бомбы.

Крыху пазьней каля станцыі мэтро "Няміга" супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістаў АГП Міхася Пашкевіча, Кірыла Паўлоўскага і Віталя Стажарава. Іх не павезьлді на допыт у КДБ, а абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Пасьля складаньня пратаколаў хлопцаў завезьлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, каб судзіць паводле адміністрацыйнай справы.

Маці Антона Койпіша ня можа зразумець, чаму менавіта яе сына забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Гаворыць Валянціна Койпіш:

“4-га ён наагул нікуды не выходзіў. Можа, увечары на гадзінку. Учора ён мне патэлефанаваў пасьля абеду недзе гадзіне а 3-й. Кажа, што ў нас ператрус і відавочна, што яго затрымаюць. Лічу, што гэта зьвязана з гэтымі падзеямі. Гасподзь, гора такое! Разумееце? Я ня ведаю што будзе... Гэта мой сын, і я вельмі за яго перажываю”.

Ігар Корсак ад сёньняшняга дня распачынае галадоўку пратэсту супраць незаконнага ўтрыманьня пад вартай. Падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ знайшлі сярод інструмэнтаў пакунак з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі.

Кіраўнік сьледчага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня Генадзь Казакевіч адмовіўся даць якую-колечы інфармацыю пра тое, як ідзе сьледзтва і калі выйдуць на волю апазыцыянэры.

Усім затрыманым дазваляюць перадаваць харчы і адзеньне. У дзяжурнай частцы ізалятара часовага ўтрыманьня паведамілі:

“Цыгарэты, запалкі, мыла, паста, туалетная папера, сурвэткі. Забаронены колюча-рэжучыя прадметы, шкляная і мэталічная тара, вараная каўбаса і ўсё сыпучае — прыправы, кава, гарбата. Цукар ня трэба, бо гарбату ў нас і так раздаюць, а дадаткова ніхто даваць ня будзе. Усе іншыя прадукты харчаваньня — на ваш погляд”.

Паўла Кур’яновіча, Сержука Высоцкага і Аляксандра Сергіенку перавялі ў сьледчы ізалятар КДБ, так званую “амэрыканку”.

Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху з розных арганізацый не выключаюць, што ў крымінальнай справе, распачатай паводле артыкулу “злоснае хуліганства”, могуць цягам сутак зьявіцца новыя арыштаваныя зь іхнага асяродзьдзя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG