Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя лідэры апазыцыі — пра абяцаньні Лукашэнкі


Учора Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Менску заявіў, што парлямэнцкія выбары павінны прайсьці “максымальна адкрыта, дэмакратычна і абсалютна празрыста”. Вось як камэнтуюць гэтыя выказваньні актывісты апазыцыі ў рэгіёнах.

Зьвяртаюся да старшыні Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леаніда Марголіна.

Карэспандэнт: “Сёньня вы заявілі, што Лукашэнка не ўпершыню раздае шчодрыя абяцаньні...”

Ён як індыйскі факір: усё заклікае, каб выбары ў Беларусі сталі празрыстымі
Марголін: “Ён як індыйскі факір: усё заклікае, каб выбары ў Беларусі сталі празрыстымі, дэмакратычнымі, сумленнымі. А на мой погляд, гэта можна зрабіць проста і канкрэтна. Па-першае, дапусьціць партыйных і незалежных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Ня гнаць выбарцаў на датэрміновае галасаваньне. Замяніць скрыні для галасаваньня на празрыстыя, вырабіць іх з плястмасы. І пасьля гэтага ня будзе патрэбы ў нейкіх заклінаньнях”.

Так лічыць Леанід Марголін з Барысава. Далей — меркаваньне актывіста дэмакратычнага руху на Віцебшчыне Леаніда Гаравога:

“Роўныя ўмовы ў гэтай кампаніі будуць, калі ў кожную выбарчую камісію будуць уключаны прадстаўнікі ад дэмакратычных сіл. Сьпіс 110 кандыдатураў быў пададзены загадзя. Калі ўключаць, то нейкі шанец будзе на тое, што выбары могуць быць дэмакратычнымі.

Мяне вылучыла БСДП (Грамада) у акруговую выбарчую камісію. Сёньня якраз апошні дзень, у які аблвыканкам павінен прыняць рашэньне. Будзе бачна. А тое, што гучаць заявы на радыё і тэлебачаньні, то гэта проста размовы”.

Кіраўніка выбарчага штабу Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юры Новікава прашу патлумачыць: хто тыя 11 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і рухаў, якія вылучаны ў склад выбарчых акруговых камісіяў?

“Гэта даволі вядомыя людзі: выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, вядомыя грамадзкія дзеячы. Таму зьвінаваціць іх у некампэтэнтнасьці на гэты раз у прадстаўнікоў улады падстаў ня будзе. Па выніках гэтага паседжаньня можна ўжо будзе даваць папярэднюю ацэнку, у якім рэчышчы будзе праходзіць сёлетняя выбарчая кампанія, наколькі сапраўды ўлады гатовыя правесьці яе дэмакратычна”.

З Гомельскай вобласьці “Свабода” атрымлівае паведамленьні пра ціск на вылучэнцаў у акруговыя выбарчыя камісіі. Пра гэта кажа прадпрымальнік і грамадзкі актывіст са Жлобіну Анатоль Папоў:

“Я чуў выказваньне прэзыдэнта, што выбары будуць свабодныя і дэмакратычныя. Але ў гэта я ня веру. Бо на ўласным прыкладзе пераканаўся, што на месцах чыніцца вялікі ціск на людзей, якія жадаюць удзельнічаць у арганізацыі выбараў. Для адной катэгорыі грамадзянаў — адны ўмовы, для тых, хто паказвае адданасьць уладзе — зусім іншыя”.

Зьвесткі пра сытуацыю ў Горадні падае сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель:

Ніхто нас не дапусьціць нават да назіраньня за фармаваньнем камісій
“Я сёньня а 9-й раніцы хадзіў у аблвыканкам, каб даведацца, калі і дзе будуць фармавацца акруговыя камісіі. Начальнік упраўленьня арганізацыйна-кадравай работы Леанід Лермантовіч сказаў мне, што пакуль нічога ня ведае, прапанаваў патэлефанаваць пазьней, але пазьней ізноў ён нічога ня ведаў. Я зрабіў выснову, што ніхто нас не дапусьціць нават да назіраньня за фармаваньнем камісій, як гэта было і на ранейшых выбарах”.
XS
SM
MD
LG