Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень “Славянскага базару”: затрыманьні і забароны <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёлетні фэстываль адрозьніваецца ад мінулых надзвычайнай колькасьцю міліцыянтаў. На сёньняшняе адкрыцьцё “Славянскага базару” чакаюць Аляксандра Лукашэнку, таму супрацоўнікі міліцыі асабліва пільныя.

Першым пад іхную ўвагу трапіў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які ўраньні выйшаў у цэнтар гораду распаўсюджваць незалежную прэсу.

Паводле апазыцыянэра, да яго падышоў незнаёмы мужчына гадоў пад 40 і паспрабаваў справакаваць на бойку. Як высьветлілася, за разьвіцьцём гэтага канфлікту назіраў міліцыянт у цывільным, які выклікаў службовую машыну. У пастарунку ён пасьведчыў, што 60-гадовы апазыцыянэр першы пачаў нецэнзурна выказвацца на адрас беспрацоўнага мужчыны 1971 году нараджэньня. І Барыса Хамайду, замест таго, каб засьведчыць нанесеныя крыўдзіцелем цялесныя пашкоджаньні, павезьлі ў Чыгуначны раённы суд.

Віцебская актывістка Алена Залеская прыйшла на працэс, каб падтрымаць сябра, які пацярпеў ад хулігана. Аднак даведалася, што той ужо стаў абвінавачаным.

“Я рот ад зьдзіўленьня адкрыла, калі мне сказалі: “А яго ўжо зараз павязуць”. Як павязуць? Куды павязуць? Падыходжу да міліцэйскай машыны, Барыс сядзіць унутры, тэлефон у яго адабралі. Таго, хто на яго накінуўся, ужо адпусьцілі, а Барыса арыштавалі на трое сутак”, — распавяла Алена Залеская.

Аляксандар Лукашэнка, да прыезду якога “зачышчалі” горад, у першай палове дня наведаў адрамантаваны віцебскі радзільны дом. Выступаючы перад прысутнымі, ён зазначыў, што за пяць гадоў усе мэдычныя ўстановы Беларусі неабходна прывесьці ў ідэальны стан — прыкладна так, як гэта зрабілі да ягонага прыезду ў Віцебск.



З праграмай візыту Аляксандра Лукашэнкі жыхароў Віцебску не знаёмілі, таму патрапіць на сустрэчу зь ім маглі толькі адмыслова запрошаныя асобы.

На вечаровым адкрыцьці фэстывалю з удзелам прэзыдэнта будуць яшчэ стражэйшыя захады кантролю: да прыкладу, журналістам загадана зьявіцца за дзьве гадзіны да пачатку, каб прайсьці асабісты дагляд перад уваходам у летні амфітэатар.



Шараговыя віцебскія мінакі пасьля 16-й дня могуць трапіць у цэнтар гораду толькі праз адмысловыя кантрольна-прапускныя пункты, абсталяваныя мэталашукальнікамі. Міліцыянтам-кантралёрам загадана не прапускаць тых, хто нясе з сабой сок у пакетах або іншыя напоі ў непразрыстых бутэльках. Гэткія меры перасьцярогі ўведзеныя пасьля надзвычайнага здарэньня — выбуху 4 ліпеня ў Менску. Таму ў Віцебску побач з фэстывальнымі афішамі вельмі часта можна сустрэць пісьмовыя папярэджаньні пра тое, што тэрыторыя кантралюецца камэрамі відэаназіраньня, або заклікі быць уважлівымі і не дакранацца да падазроных прадметаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG