Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя вылучыла ў камісіі каля 150 кандыдатаў


Сёньня — апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі публічна абвясьцілі сваю мэту — прапанаваць свайго кандыдата ў кожную са 110 камісіяў

Прэсавы сакратар АДС Юры Пацёмкін сказаў “Свабодзе”, што абсалютна дакладную лічбу вылучэнцаў назваць нельга. Ахвотных працаваць у акруговых камісіях прапаноўвалі ня толькі палітычныя партыі, але і грамадзкія арганізацыі. Да таго ж знайшліся актывісты, якія самастойна зьбіралі подпісы, каб балятавацца ў акруговыя камісіі, — удакладняе спадар Пацёмкін:

“І калі гэта ўсё абагульніць, дык мы атрымаем лічбу дзесьці ў памерах 140—150 кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў”.

Юры Пацёмкін параўноўвае сытуацыю з той, якая была чатыры гады таму, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах. Тады вылучэнцаў ад апазыцыі было пад дзьве сотні. Але цяпер адбор вёўся больш уважліва і старанна, падкрэсьлівае прэсавы сакратар АДС:

“Ёсьць адрозьненьні, якія найперш зьвязаныя з тым, што зараз апазыцыя стала больш зьяднанай. І больш сыстэматызаваная праца ідзе. Таму і зьявіліся адзіныя сьпісы і тых, хто балятуецца ў акруговыя камісіі, і тых, хто зьбіраецца стаць дэпутатамі.
Апазыцыя стала больш зьяднанай. І больш сыстэматызаваная праца ідзе.

Чатыры гады таму кожная партыя вылучала столькі кандыдатаў, колькі хацела. Не было адзінага каардынацыйнага цэнтру, які б адбіраў самых падрыхтаваных для працы ў акруговых камісіях кандыдатаў. І таму, мне падаецца, тады лік ішоў дзесьці пад дзьве сотні кандыдатаў”.

Сустаршыня АДС Анатоль Ляўковіч кажа, што кандыдаты ў акруговыя камісіі ад апазыцыі гэтым разам падрыхтаваныя як ніколі добра. Усё пытаньне — ці ўключаць іх у склад камісіяў? Учорашнія заклікі Аляксандра Лукашэнкі стварыць усім прэтэндэнтам роўныя ўмовы павінны быць пацьверджаныя рэальнымі справамі, канстатуе спадар Ляўковіч:

“Канечне, гэта — гульня на публіку. Рэжым можа існаваць толькі тады, калі электарат замбаваны, калі зь ім ня могуць сустракацца людзі іншых поглядаў, асабліва прадстаўнікі іншых партыяў, іншых ідэалёгіяў. Таму — чаго тут строіць ілюзіі?”

Згодна з выбарчым заканадаўствам фармуюць акруговыя камісіі прэзыдыюмы абласных і менскага гарадзкога саветаў і выканкамаў. На гэта даецца тры дні. Такім чынам, да аўторка, 15 ліпеня, склад усіх 110 камісіяў павінен быць вызначаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG