Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: напад на апазыцыянэра Барыса Хамайду


Невядомы хуліган кінуўся біцца з 60-гадовым апазыцыянэрам. Спадар Хамайда лічыць гэты напад правакацыяй з боку праваахоўных органаў.

Сёньня Барыс Хамайда, як і звычайна, выйшаў да так званага “сіняга дому” – дому №28 па вуліцы Леніна, каб распаўсюджваць незалежную прэсу. Амаль адразу да яго падышоў незнаёмы мужчына год пад 40 і заявіў, што апазыцыянэр нібыта вінны яму грошы. Патым незнаёмы пачаў пагражаць апазыцыянэру і ўрэшце некалькі разоў штурхнуў спадара Хамайду, паваліўшы яго на зямлю.

За разьвіцьцём сытуацыі назіралі міліцыянты ў цывільным. Яны не заступіліся за апазыцыянэра, але выклікалі службовую машыну і затрымалі абодвух удзельнікаў канфлікту. У Чыгуначным РАУСе Барыс Хамайда напісаў заяву пра тое, што на яго быў зьдзейсьнены напад, і запатрабаваў накіраваньне на судмедэкспртызу, каб засьведчыць цялесныя пашкоджаньні.

Апазыцыянэр пэўны, што супраць яго ўчынілі правакацыю. Ён спасылаецца на тое, што неаднаразова атрымліваў папярэджаньні ад супрацоўнікаў міліцыі пра тое, што ягонае знаходжаньне на цэнтральнай вуліцы гораду падчас “Славянскага базару” непажаданае. За тры мінулыя дні міліцыянты яго тройчы забіралі ў пастарунак, аднак праз колькі гадзін адпускалі, не знайшоўшы падставаў для затрыманьня на больш працяглы час. Сёньня ў Віцебску чакаюць Аляксандра Лукашэнку, і спадар Хамайда лічыць, што хулігана маглі знарок падаслаць міліцыянты – каб справакаваць на бойку або проста займець любую падставу, каб вывезьці распаўсюдніка недзяржаўнага друку з цэнтру гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG