Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хоча ўлада пайсьці на імітацыю дэмакратычных выбараў?


Наколькі заявы Лукашэнкі аб жаданьні правесьці дэмакратычную выбарчую кампанію супадаюць з рэальнымі дзеяньнямі ўладаў?


10 ліпеня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду у пытаньні правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. “Усім кандыдатам варта забясьпечыць роўны доступ да СМІ, каб нас потым не папракалі, што мы адным стварылі спрыяльныя ўмовы, і іншым – неспрыяльныя” – заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле афіцыйных крыніцаў, прэзыдэнт чарговы раз падкрэсьліў сваё патрабаваньне, што выбарчая кампанія павінна быць максымальна адчыненай, дэмакратычнай і цалкам празрыстай. Можна адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка ды іншыя прадстаўнікі ўлады ўжо ня першы раз заяўляюць, што выбары павінны стаць ледзь не ўзорам для ўсяго сьвету. Пра што сьведчаць гэтыя заявы?

Паўлюк Быкоўскі: “Зарэгіструюць больш апазыцыйных кандыдатаў, каб падняць “цану” выбараў”

Аглядальнік газэты "Белорусы и рынок" Паўлюк Быкоўскі лічыць, што гэтыя выбары ўлады паспрабуюць выкарыстаць напоўніцу дзеля паляпшэньня адносінаў з Захадам, але на прынцыповыя зьмены ня пойдуць

Быкоўскі
: “Цана выбараў павышаецца тым, што Захад успрымае іх я нейкую праверку на магчымасьць адбудовы дыялёгу з Беларусьсю. Ня выключана, што ўлады нават пойдуць на некаторыя саступкі, каб хаця б па форме выканаць некаторыя патрабаваньні працэдуры выбараў. Напрыклад, усе кандыдаты могуць атрымаць аднолькавы час для выступаў у СМІ, але, як мы ведаем, гэты час ня вельмі цікавы для аўдыторыі, і гэта ня будзе мець прынцыповага значэньня.

З аднаго боку, гэтыя выбары ўлады паспрабуюць выкарыстаць напоўніцу дзеля паляпшэньня адносінаў з Захадам. Але прынцыповых зьменаў чакаць ня трэба. Моцным кандыдатам будуць ставіць падножкі, слабым перашкаджаць ня будуць. Магчыма, зарэгіструюць больш апазыцыйных кандыдатаў, каб падняць “цану” выбараў, цікавасьць да ўдзелу ў іх. Да таго ж гэты крок будзе выглядаць як пэўная “саступка” Захаду”.

Аляксей Кароль: “Як бы не была слабая апазыцыя, улады яе баяцца”

Галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль не выключае, што на гэты раз можа быць зарэгістравана больш апазыцыйных кандыдатаў

Кароль:
Апошнім часам улада сапраўды дэманструе павышанае жаданьне засьведчыць перад сьветам дэмакратычнасьць выбараў у Беларусі. Аднак, я мяркую, што агульная мадэль і агульная мэта кампаніі ня зьменіцца. Мэта ўсё тая ж – забясьпечыць той склад Палаты Прадстаўнікоў, які будзе абсалютна падпарадкоўвацца і выконваць пажаданьні выканаўчай улады.

Ідзе фармаваньне двух мадэляў выбараў – на ўнутраны і зьнешні рынак. Магчымасьць захаваць кантроль над Палатай адначасова з імітацыяй дэмакратычных выбараў выкарыстоўваюцца як раней. Унутры нічога не мяняецца -- галоўная ўстаноўка ў тым, што апазыцыянэры не павінны мець магчымасьці заявіць пра сабе і рэальна змагацца за месца ў парлямэнце.

Цыганкоў: “А вы не дапускаеце, што зьверху можа пайсьці ўстаноўка “не перашкаджаць”? Маўляў, хай апазыцыянэры самі праваляцца, пра што і кажа Лукашэнка?”

Кароль: “Ня думаю, што будзе спушчаная такая ўстаноўка. Хаця і не выключаю, што на гэты раз больш зарэгістравана больш апазыцыйных кандыдатаў, чым заўсёды. Гэта той знак, які можа ісьці на Захад і можа быць там успрыняты.

Але заўважце, што напярэдадні выбараў у уладаў быў пэўны час, каб рабіць рэальныя крокі па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Усе такі прапановы былі праігнараваныя. Бо як бы не была слабая апазыцыя, улады баяцца, што пры пэўных зьменах настрояў у грамадзтве, пры пэўных магчымасьцях выказаць сваё меркаваньне адкрыта і не быць за гэта пакараным, сытуацыя можа хутка зьмяніцца".

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што на выбарах улада максымальна ўключыць “сыстэму бясьпекі”.

Чавусаў: “Улады максымальна ўключаць “сыстэму бясьпекі”

Чавусаў:
“Гаворка ідзе пра тыя захады, якія будуць прыгожа выглядаць, але рэальна не ўплываць на ход выбарчага працэсу. Уключэньне прадстаўнікоў АДС у склад акруговых выбарчых камісіяў — гэта, на мой погляд, магчыма. Пытаньне рэгістрацыі кандыдатаў, я думаю, застанецца на старым узроўні. Будзе некалькі фільтрацыйных бар'ераў. Дзейнае заканадаўства дазваляе зьняць кандыдатаў ужо падчас галасаваньня. Так што я думаю, што ўлады максымальна ўключаць “сыстэму бясьпекі”, але адначасова для зьнешніх актораў будуць рабіць піяр-захады. Сотні разоў паўтараць — “рэпрэсіяў ня будзе, выбары будуць дэмакратычнымі”. А сутнасна ўсё застанецца на старым узроўні”.

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што ўлада асьцерагаецца невысокай яўкі выбарнікаў і хоча падтрымаць цікавасьць да гэтага працэсу.

Лагвінец:
“Калі сёньня паглядзець, якім чынам зачышчаецца вельмі кволае палітычнае поле і палітычная альтэрнатыва, то відавочна, што ніякіх дэмакратычных выбараў не даводзіцца чакаць. Дэмакратыя — гэта ня гучныя заявы кіраўнікоў, гэта практыка, гэта тое, што адчуваюць людзі. Адна з прыкметаў дэмакратычных выбараў — гэта калі апазыцыя пасьля іх заканчэньня ня кажа, што на іх былі фальсыфікацыі.

Улада перасьцерагаецца, што будзе ня вельмі высокая яўка, што многія беларусы ведаюць, як у нас адбываюцца выбары. І такімі заявамі яна імкнецца падтрымаць інтарэс да гэтага, цалкам падкантрольнага, працэсу”

Наколькі Захад гатовы паверыць заявам беларускіх уладаў пра дэмакратычнасьць выбараў? Меркаваньне экспэрта ў міжнародных стасунках Андрэя Фёдарава.

Фёдараў:
“Зыходзячы з папярэдніх беларускіх электаральных кампаніяў, я мяркую, што заяваў будзе малавата. Трэба нейкія крокі. Што да крокаў, то такія асноўныя паказьнікі, як допуск кандыдатаў апазыцыі да СМІ, уключэньне іх у выбарчыя камісіі і спыненьне перасьледу актывістаў — гэта будзе адсочвацца”.

Наколькі заявы ўладаў ад правядзеньні дэмакратычнай кампаніі супадаюць з іхнімі рэальнымі дзеяньнямі? Вось некаторыя факты:

Пасьля абвяшчэньня правабаронцамі намеру праводзіць маніторынг парлямэнцкіх выбараў, пачалася іх актыўная дыскрэдытацыя з боку дзяржаўных СМІ (сюжэт на "Першым канале" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі). Адначасова пачалася дэталёвая праверка падатковай гісторыі праваабаронцаў. Кіраўнік кобрынскай суполкі Партыі БНФ, актывіст Руху “За Свабоду” Аляксандр Мех, які зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Кобрынскай выбарчай акрузе, быў звольнены з пасады інжынэра Упраўленьня магістральных газаправодаў ТАА “Белтрансгаз”.

Кандыдатаў апазыцыі правяраюць яшчэ да выбараў

“Па тэлебачаньні нам распавядаюць, што выбары будуць дэмакратычнымі і транспарэнтнымі, а ў гэты ж час садзяць актывістаў выбарчых кампаній, штабоў".

В.Папоў: ад апазыцыі ў парлямэнце толькі шум ды трэск
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG