Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мірон” патрабуе, каб арганізатараў выбухаў знайшлі і пакаралі


Мінулай ноччу над Віцебскам ізноў лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.


Ён быў замацаваны на даху жылога чатырохпавярховага дому па вуліцы імя газэты “Праўда” і правісеў некалькі гадзін, пакуль яго не заўважылі міліцыянты.

Паводле віцебкага апазыцыянэра Барыса Хамайды, да сьцяга была прымацавана цыдулка, якую мусілі прачытаць ахоўнікі правапарадку. Спадар Хамайда працытаваў яе, спаслаўшыся на вартыя даверу крыніцы: “Выбухі са шматлікімі ахвярамі у 2005 годзе ў Віцебску і 3 ліпеня ў Менску – гэта злачынствы супраць беларускага народу. Кім бы гэтыя злачынцы не былі і колькі б часу ні мінула, яны не пазьбегнуць пакараньня. Няхай ні ў кога на гэты конт ня будзе ніякіх сумненьняў. Мірон”.

Барыя Хамайда нагадаў, што вінаватых у віцебскіх выбухах амаль трохгадовай даўніны дагэтуль так і не знайшлі. Ён мяркуе, што сьледзтва ідзе памылковым шляхам, калі праводзіць ператрусы ў апазыцыянэраў і дэмакратычных актывістаў. Падобныя ператрусы праводзіліся і ў Віцебску пасьля выбухаў 14 і 22 верасьня 2005 году, падчас якіх былі канфіскаваныя сотні ўзораў друкаванай прадукцыі і дзесяткі бел-чырвон-белых сьцягоў, але датычнасьць прадстаўнікоў апазыцыі да злачынстваў не была пацьверджаная.

Старэйшы віцебскі апазыцыянэр таксама пэўны, што 3 ліпеня менская міліцыя недастаткова пільна ахоўвала бясьпеку грамадзян. Цяпер у Віцебску, дзе сёньня распачынаецца фестываль “Славянскі базар”, ўведзеныя беспрэцэндэнтныя меры па захаваньню бясьпекі і правапарадку: трапіць у цэнтр горада можна толькі пасьля асабістага дагляду і праверкі металашукальнікам, вуліцы патрулююцца “амонаўцамі” ды “спэцназаўцамі”, іншы раз з сабакамі. Аднак няўлоўнаму “Мірону” удалося зьдзейсьніць сваю акцыю, нягледзячы на ўсе гэтыя захады.
XS
SM
MD
LG