Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інжынэр, вайсковец, каваль


Штрыхі да біяграфіі першых затрыманых у справе выбуху

Міраславу Лазоўскаму сёньня споўнілася 35 гадоў. У 1995 годзе ён скончыў Радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці робататэхніка. Міраслаў зь дзяцінства захапляўся вайсковай гісторыяй. Асабліва яго цікавіла эпоха напалеонаўскіх войнаў, а таксама атрыбутыка францускай і расейскай арміі.
У “Белым легіёне” займаўся распаўсюджваньнем улётак. Удзельнічаў у вулічных акцыях апазыцыі.

Сяргею Чыславу 41 год. Ён скончыў менскую фізыка-матэматычную школу № 50. Потым паступіў у Вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню і скончыў яе. Пасьля распаду Савецкага Саюзу падаў заяву на звальненьне з войска. Працаваў спачатку ў менскіх прыватных фірмах, а потым, з-за немагчымасьці займацца бізнэсам у Беларусі, паўтара года таму зьехаў працаваць у Маскву.

У 1996 годзе Сержука Чыслава арыштавалі за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. У тым жа годзе яго пад Слуцкам моцна зьбілі людзі ў цывільным. Празь некалькі дзён у “Народнай газэце” быў надрукаваны артыкул, у якім сяброў арганізацыі “Белы легіён” абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.

Ігару Корсаку 34 гады. Ён скончыў мастацкую вучэльню і цяпер завочна вучыцца ва ўнівэрсытэце культуры на трэцім курсе факультэту выяўленчага мастацтва. Працуе Ігар Корсак на беларускай чыгунцы кавалём.

Дзесяць гадоў таму ён быў сябрам моладзевай арганізацыі “Белы легіён”. 31 жніўня 1998 г. суд Ленінскага раёну г. Мінску вынес прысуд па справе Ігара Корсака і Паўла Сілівончыка . Міліцэйскі патруль затрымаў абодвух 2 чэрвеня а 5 гадзіне раніцы. Яны расклейвалі ў менскім мікрараёне Серабранка ўлёткі і малявалі фарбай сымбаль “спарыш” (эмблема нефармальнай арганізацыі “Белы легіён”, шырока выкарыстоўваецца ў беларускіх нацыянальных арнамэнтах).

Пасьля затрыманьня на кватэрах актывістаў правялі ператрусы. Міліцыянты знайшлі ўлёткі, клей і трафарэт са “знакам складанай канфігурацыі” (геамэтрычны малюнак “спарыша”). Супраць Корсака і Сілівончыка распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 201 — “хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і дзёрзкасьцю”. Абодвух аштрафавалі на 100 мінімальных заробкаў (2,5 мільёна беларускіх рублёў).
XS
SM
MD
LG