Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Славянскі базар” забаронена прыходзіць з пакетамі соку


Ад сёньняшняга дня цэнтар горада абвешчаны “рэжымнай зонай”: трапіць туды можна толькі праз кантрольна-прапускны пункт, абсталяваны металашукальнікамі.

Адмысловыя меры бясьпекі ўведзеныя з нагоды фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, які распачнецца заўтра ўвечары і будзе працягвацца да 18 ліпеня.

Праз абласныя газэты жыхароў і гасьцей Віцебска папярэдзілі, што кожны, хто кіруецца ў раён летняга амфітэатру і іншых канцэртных пляцовак пасьля 16-й дня, мусіць прайсьці асабісты кантроль. Яго будуць ажыцьцяўляць міліцыянты ў 5-ці спецыяльна абсталяваных КПП.

Не прапусьцяць мінакоў зь вялікімі сумкамі, а таксама з любога кшталту прадметамі, падобнымі да зброі – да прыкладу, з цацачнымі дзіцячымі аўтаматамі ці сувэнірнымі запальнічкамі, стылізаванымі пад пісталет. На тэрыторыі рэжымнай зоны забаронена ўжываць сокі ў пакетах і любыя іншыя напоі ў непразрыстых бутэльках. За межы фестывальнага цэнтру вынесеныя ўсе транспартныя прыпынкі, не змогуць трапіць сюды і прыватныя аўтамашыны.

Пасьля выбуху ў Менску ў мясцовым грамадзкім транспарце расклеілі абвесткі, у якіх рэкамэндавана зьвяртаць увагу на ўсе падазроныя прадметы – пакінутыя без нагляду сумкі, скрынкі, асабліва калі яны маюць “нехарактэрныя элемент”, да прыкладу, калі да іх прымацаваны дрот або элемент электрычнага сілкаваньня. Выклікаць у падобных выпадках міліцыю раяць таксама ў вусных абвестках на віцебскіх вакзалах і кірмашах. Грамадзянам абяцаюць, што супрацоўнікі міліцыі зьявяцца цягам сямі хвілін.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG