Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: затрыманых у справе выбуху “толькі правяраюць”


Прынамсі аднаму з затрыманых былых актывістаў “Белага легіёну” працягнулі затрыманьне да 10 сутак. У КДБ пры гэтым кажуць, што “вядзецца праверка”.

У другой палове дня 10 ліпеня жонка затрыманага Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская наведала менскі ізалятар на вуліцы Акрэсьціна, дзе даведалася, што яе мужу працягнулі затрыманьне:

“Стала дакладна вядома наконт аднаго з затрыманых, Міраслава Лазоўскага, што яму працягнулі затрыманьне да 10 сутак. Зьвесткі пра іншых трох — гэта, нагадаю, Андрэй Корсак, Сяржук Чыслаў і Віктар Ляшчынскі, — яшчэ высьвятляем. У сувязі зь незаконным затрыманьнем мы, сваякі, заўтра плянуем правесьці прэсавую канфэрэнцыю”.
Паводле Ніны Шыдлоўскай, новы тэрмін затрыманьня яе мужа санкцыянаваў пракурор, які спаслаўся на тое, што закон дазваляе праверкі ня толькі цягам 3, але пры неабходнасьці і 10 дзён. “Перадачу для Міраслава прынялі без праблем”, — сказала Ніна Шыдлоўская.

Тады ж у ізалятары на Акрэсьціна прынялі перадачу і для Сержука Чыслава, якую перадала яго маці Галіна Чыслава.

Супрацоўніца КДБ па Менску і Менскай вобласьці паведаміла, што затрыманых у сувязі з выбухам нібыта толькі правяраюць на магчымую датычнасьць да “дэструктыўных арганізацый”, але абвінавачаньняў ім ня выставілі:

“Вядуцца пэўныя дзеяньні, пэўныя праверачныя мерапрыемствы, але пакуль ніякіх заяў адносна іх ніхто ня робіць”.

У міністэрстве ўнутраных спраў, дзе вядзецца сьледзтва паводле артыкулу пра “злоснае хуліганства”, увогуле не даюць камэнтароў пра затрыманьні былых актывістаў “Белага легіёну”. Паводле кіраўніка прэсавай службы Канстанціна Шалькевіча, мэдыі неправамерна засяродзілі ўвагу толькі на гэтых асобах, між тым як праверкі вядуцца і зь іншымі людзьмі:

“Зь першых дзён такія ішлі праверкі і зь іншымі. Не магу сказаць, ці былі яны затрыманыя. Для вас, калі восем гадзінаў вядзецца размова, гэта затрыманьне ці не?”

Супрацоўнік прэсавай службы МУС не адказаў на пытаньне, ці ёсьць у справе пра выбух яшчэ зьмешчаныя ў ізалятар, акрамя былых актывістаў “Белага легіёну”.

Адвакат Павал Сапелка, які будзе абараняць затрыманага Міраслава Лазоўскага, устрымаўся ад камэнтару адносна справы свайго падабароннага.

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, у справе выбуху ў розных рэгіёнах краіны ўжо апытана болей за 10 актывістаў апазыцыі. На думку праваабаронцы, сьледзтва ўжо выявіла тэндэнцыйнасьць, уласьцівую дзейнай уладзе:

“Зараз выявілася, што актывістаў апазыцыі запісалі ў “дэструктыўныя элемэнты” і таму зь імі першымі праводзяць розныя размовы і праверкі. Таму, безумоўна, гэта пэўны ціск на гэтых людзей”.
XS
SM
MD
LG