Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня думаў, што ў нас такое можа быць....” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


На сёмы дзень пасьля выбуху на канцэрце да Дня незалежнасьці ў шпіталях Менску і Віцебску застаюцца 37 чалавек.

Стан двух пацярпелых мэдыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасьці, адзін — у шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі — застаецца ў цяжкім стане. Яны маюць раненьні жывата і грудной клеткі. Найбольш параненых — 22 — у 6-м менскім шпіталі. Тут цэлыя палаты з параненых — па чатыры чалавекі. Сярод іх 67-гадовы Ўладзімер Галаўко. Ён апавядае пра свае раны:

“Тут адкрыты пералом правай нагі і галёнкі. Гаек многа. А там скразныя ці не скразныя гайкі. Трэшчыны, там усё ў гіпсе”.

Пасьля таго, што здарылася, Уладзімер Галаўко не жадае больш хадзіць на такія імпрэзы.

“Жаданьня няма, тым больш у маім узросьце. Адвучаць, напэўна. Пажадана не хадзіць на гэтыя мерапрыемствы. Жаданьне ўжо адпадзе, а то будзеш ляжаць паўгода”.



Спадар Галаўко кажа, што падчас канцэрту было шмат міліцыі:

“Ачэплена было, і сумкі правяралі. А ўжо потым пасьля салюту, то ўжо і гэтыя шлягбаўмы расставілі, і меней было кантролю. Там, дзе сядзелі, гулялі, пілі, жанчыны сьмецьце зьбіралі. А там міліцыянты ўжо не глядзелі, калі ішлі да канцэрту”.

Пацярпелы мінак Юры Вайніла згадвае:

“Як загучала Павалій, то адразу ўсе і паваліліся. Пачуўся такі глухі, моцны выбух. І хваля паветра па назе. Паглядзеў, усе пачалі валіцца з ног. Адна скразная рана, праляцела ці то гайка, ці то шарык. І адна гайка засела менавіта ў галёнцы”.

На будучыню спадар Вайніла кажа, што будзе асьцерагацца і назіраць за такімі масавымі мерапрыемствамі толькі здаля, і там, дзе няма якіх-небудзь елак.

“На ўваходзе туды адразу стаяў кардон. Адразу глядзелі наконт сьпіртовых напояў. Усюды хадзілі курсанты і міліцыя. То бок такая бачная бясьпека была. А вось тое, што нябачна, пра гэта я нават не задумваўся. Ня думаў, што ў нас такое можа быць.Колькі я хаджу на канцэрты, увесь час было добра. І салюты, і фаервэркі. Ну хто ведаў, што сёлета будзе такое г...”

Пацярпелыя кажуць, што іх наведвалі сьледчыя. Забралі ўсё адзеньне ад курткі да шкарпэтак, кроў, абразалі пазногці, здымалі адбіткі пальцаў.

29-гадовы Аляксандар Дзяркач, які мае скразное раненьне нагі, сказаў, што пасьля выбуху ўпаў.

“Падскочылі супрацоўнікі, пасадзілі мяне на асфальт. Сказалі, сядзі на асфальце. Гляджу — там мігалкі, хуткія. Я думаю, чаго я буду сядзець, пайду туды. Я спрабаваў сам скакаць. Адчуў, што кроў ліецца. Потым мяне падхапілі два курсанты і падцягнулі да хуткай. Канечне ж, хуткія не чакалі, што будзе такі наплыў”.

Што Аляксандар хоча пажадаць тым, хто наведвае такія масавыя імпрэзы:

“Найперш хачу сказаць бацькам, якія водзяць дзяцей на такія мерапрыемствы. Я лічу, што гэта няправільна, бо гэта маленькія дзеці і яны павінны знаходзіцца дома. Бо невядома, што можа быць, асабліва пасьля гэтага выпадку. Я буду старацца пазьбягаць такіх шумных кампаній, масавых збораў”.

Параненая ў плячо Крысьціна кажа, што больш ня пойдзе на такія імпрэзы:

“У верасьні будзе дзень гораду, я не пайду. Бо страшна ўсё ж такі ісьці”.

Ірына Ляўковіч кажа, што больш ня пойдзе на такія імпрэзы: “Трэба яшчэ дзякаваць Богу, што засталіся толькі з такімі раненьнямі. Навошта яшчэ раз выпрабоўваць лёс? Мы ад такога ніколі не застрахуемся”.


Уладзімер Галаўко папрасіў даслаць яму фотаздымак зь лякарні.








Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG