Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітык Мікола Статкевіч мяркуе, што праваахоўныя органы далей будуць пашыраць ціск на апазыцыю ў сувязі з выбухам 4 ліпеня, затрымліваць большую колькасьць апазыцыянэраў, у тым ліку у рэгіёнах.

“Я ўяўляю, якому ціску зараз падвяргаюцца тыя людзі, якіх ужо затрымалі па гэтай справе, у месцах іх зьняволеньня. Я не выключаю, што іх катуюць, не толькі псыхалягічна, але, магчыма, што і фізычна. Яны будуць імкнуцца зламаць, каб нехта агаварыў сябе, і тады ўсё будзе гатова для іх: вось злачынца, які належыць да апазыцыі. І ўлада, ведаючы, што гэта няпраўда, выдасьць вэрсію за сапраўдную. І ёсьць судзьдзі, якія гатовыя выканаць любы загад”.

Паводле Міколы Статкевіча, улады цяпер нагадваюць чалавека, які, згубіўшы ў цёмным лесе кашалёк, шукае яго пад ліхтаром, таму што там сьвятлей.

Працаваць па справах аб тэрарызьме яны проста ня ўмеюць
“Менскі выбух – гэта правал КДБ, і найперш управы, якая займаецца барацьбой па ахове канстытуцыйнага ладу і барацьбой з тэрарызмам. Усю сваю дзейнасьць гэтая ўправа скіравала на тое, каб сачыць за школьнікамі, якія наклейваюць налепкі “Люблю Беларусь”. І калі яны 10 такіх школьнікаў дзе-небудзь на лецішчы адлавілі, то гэта ўжо нагода сьвідраваць дзіркі пад зоркі на пагонах і атрымоўваць прэміі. А самыя складаныя для іх апэрацыі, – гэта пракалоць колы ў машыне апазыцыйнага палітыка.

І вось гэтыя “прафэсіяналы”, якія дыскваліфікаваліся цалкам, апынуліся ў сытуацыі рэальнага тэракту. Дзе яны пачынаюць шукаць? Дзе прывыклі. Паводле прафэсіяналізму беларускія спэцслужбы на вельмі нізкім узроўні... Працаваць па справах аб тэрарызьме яны проста ня ўмеюць”.

Мікола Статкевіч, былы кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, у якое ўваходзіў і адзін з затрыманых па справе аб выбуху 4 ліпеня Сяргей Чыслаў, нагадаў, што ў 1993 годзе урад Кебіча спрабаваў абвінаваціць БЗВ у арганізацыі выбуху на Плошчы незалежнасьці, але беспасьпяхова. Тады бомба спрацавала ў сьметніцы, ніхто не пацярпеў.
XS
SM
MD
LG