Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць небясьпека, што злачынца будзе прызначаны


Гучныя адстаўкі ва ўладных структурах сьведчаць пра тое, што выбух можа зрабіць значны ўплыў на грамадзка-палітычныя працэсы. Ці ёсьць нейкая зразумелая тактыка паводзінаў уладаў? Наколькі эфэктыўныя дзеяньні сілавых структураў? Ці можа выбух стаць штуршком для сур’ёзных палітычных зьменаў?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”

Удзельнікі: намесьнік старшыны Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Тактыка ўладаў

Валер Карбалевіч: Выбух падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці нанёс моцны ўдар па ідэалягічнай канцэпцыі стабільнасьці, па іміджы кіраўніка дзяржавы як гаранта гэтай самай стабільнасьці. Улады гэта разумеюць і спачатку паспрабавалі мінімізаваць грамадзкі рэзананс ад выбуху. У першыя суткі дзяржаўныя мэдыі спрабавалі паказаць яго як “невялікі інцыдэнт”, “хуліганскі ўчынак”. Але потым, убачыўшы сапраўдны рэзананс, зразумелі памылковасьць такой тактыкі і памянялі яе. Адсюль незвычайная для Беларусі галоснасьць пры асьвятленьні гэтай падзеі, публічная “разборка” Лукашэнкі зь сілавікамі, гучныя адстаўкі. У чым сэнс новай тактыкі, што імкнуцца ўлады давесьці грамадзтву?

Валер Карбалевіч


Віктар Івашкевіч: Вышэйшае кіраўніцтва цяпер разгубленае і ня ведае, як выкручвацца з гэтай сытуацыі. Рэакцыя не сыстэматызаваная, а хаатычная. Ідуць то намёкі на апазыцыю (на ток-шоў “Выбар” гледачы быццам бы прагаласавалі, што ў выбуху вінаватыя беларускія экстрэмісты), то на хуліганаў, то ладзяць праверку хімічных лябараторыяў.

Аляксандар Класкоўскі: Найперш хачу падкрэсьліць, што ўся гэтая галоснасьць змушаная. Каб можна было ўтаіць, як у савецкія часы, то гэта б зрабілі. Але так не атрымалася. Бо на месцы выбуху было каля паўмільёна людзей, блогеры ў інтэрнэт адразу ўкінулі інфармацыю.

Таму, як сказаў на тэлеканале адзін ідэалягічны начальнік, Лукашэнка адразу загадаў мэдыям: “Кажыце людзям праўду”. Асобнае пытаньне ўзьнікае: а калі б не загадаў, то хлусілі б?

Але ўлады выявілі пэўную гнуткасьць. Убачыўшы вялікі рэзананс, яны зразумелі, што замоўчваньне будзе найгоршай тактыкай. Хоць кіраўнік дзяржавы і быў шакаваны, але ён хутка пераарыентаваўся і пачаў з гэтай сытуацыі выціскаць піяр. Адбылося клясычнае пазыцыянаваньне: ёсьць мудры кіраўнік, які ўсё ведае лепш за ўсіх, і недарэкі-выканаўцы. Таму адбыўся “разбор палётаў” з крутымі высновамі. Натуральна, Лукашэнка выступае абаронцам народу.

Наколькі эфэктыўныя дзеяньні сілавых структураў?

Карбалевіч: Мусіць, цяпер для іх галоўнае, каб грамадзяне ўбачылі, што ўлада ня сьпіць, а дзейнічае рашуча. Улада ня можа паказаць сваю бездапаможнасьць. Пасьля нарады ў Лукашэнкі ў панядзелак сілавыя структуры пачалі хапаць людзей без разбору, каб засьведчыць сваю актыўнасьць. Паколькі кіраўнікі спэцслужбаў разумеюць, што Лукашэнка не даруе ім безвыніковасьці расьсьледаваньня, то ёсьць небясьпека, што злачынца будзе “прызначаны”. Могуць знайсьці небараку (і не аднаго), які “прызнаецца” ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства, а суд зробяць закрытым. Наколькі верагодны такі сцэнар?

Івашкевіч: Такі сцэнар цалкам верагодны. Гэта звычайныя мэтады Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) яшчэ з савецкіх часоў. Узгадаем “віцебскую справу”, калі расстралялі некалькі невінаватых людзей.

Віктар Івашкевіч

Усе апошнія гады супрацоўнікі МУС паводзяць сябе безадказна. Яны выстаўляюць жывыя шчыты зь людзей перад аўтамабілямі, зьбіваюць людзей на мітынгах апазыцыі. Там яны героі.

Хачу паставіць пытаньні. Дзе быў міністар МУС падчас гэтых драматычных падзеяў? Дзе быў старшыня КДБ? І Лукашэнка сказаў, што ён ня бачыў сілавых міністраў побач з сабой у гэты час. Калі зімой каля 500 прадпрымальнікаў выйшлі на акцыю пратэсту, то міністар МУС Навумаў асабіста кіраваў разгонам. А тут сабралася каля 500 тысяч чалавек, а яго няма.

Пытаньне другое. Калі школьнік з хуліганскіх матываў патэлефануе, што ў школе падкладзена бомба, то ўсіх выставяць са школьнага памяшканьня, будуць шукаць бомбу. У любой інструкцыі напісана, што калі выявілі адно выбуховае прыстасаваньне, то трэба абавязкова шукаць іншыя.

А тут на канцэрце за дзьве гадзіны да выбуху знайшлі бомбу — і нічога не зрабілі. Кажуць, што баяліся панікі. Але ўсё можна было зрабіць прафэсійна і эфэктыўна. Навучыліся ж спэцназаўцы расьсякаць мітынгі апазыцыі. Так і тут можна было паставіць шчыты і хадзіць зь мінашукальнікам.

Чаму адправілі ў адстаўку Шэймана і Нявыгласа? Пры чым тут яны? Іхнія адстаўкі — гэта вынік кланавых разборак. А за ахову афіцыйнага масавага мерапрыемства адказвае МУС, КДБ і іх кіраўнікі.

У сувязі з такой сытуацыяй я буду ініцыяваць перад кіраўніцтвам Партыі БНФ стварэньне грамадзкай камісіі па расьсьледаваньні дзейнасьці МУС і КДБ . Ці гэта разгільдзяйства, ці злосны намер?

Рэпрэсіўная машына дзейнічае на аўтамаце

Класкоўскі: Вялікага аптымізму адносна пошуку злачынцы няма. Бо апошнімі гадамі адбылося падзеньне прафэсіяналізму ва ўсіх сілавых структурах. Бо на кіраўнічыя пасады прызначаюцца ня столькі прафэсіяналы, колькі асабіста адданыя кіраўніку дзяржавы людзі. Але нават прафэсіяналаў арыентуюць найперш на змаганьне з апазыцыяй. Ім няма калі лавіць злачынцаў, бо трэба разганяць акцыі пратэсту.

Аляксандар Класкоўскі


Акрамя таго дзейнічае саўковы прынцып: хутчэй адрапартаваць аб раскрыцьці злачынства. З гэтай прычыны шмат было выпадкаў, калі трушчыліся людзкія лёсы.

І нарэшце, існуе парадыгма — шукаць ворагаў у асяродзьдзі апазыцыі. Пад гэтай маркай ператрасуць усю апазыцыю. Прычым, думаю, няма такой каманды зьверху, а рэпрэсіўная машына дзейнічае на аўтамаце”.

Карбалевіч: Так, я таксама думаю, што даецца агульная каманда праверыць усіх падазроных. А з гледзішча мясцовых начальнікаў галоўныя падазроныя — гэта апазыцыянэр.

Каму выгадна?

Карбалевіч: З аднаго боку, выбух стаў моцным ударам па рэпутацыі Лукашэнкі, стварыў для яго шэраг праблем. Але, зь іншага боку, ён дае яму і новыя магчымасьці зьдзейсьніць тое, пра што ён тайна марыў, але не наважыўся, бо не было падставы, не было штуршка. Напрыклад, канчаткова зьнішчыць апазыцыю. Альбо наадварот, адстаўка Шэймана дае падставу пачаць гульню з Захадам з чыстага аркуша. Альбо нешта іншае, напрыклад, радыкальныя кадравыя зьмены.

Івашкевіч: Узьнікае банальнае пытаньне: каму выгадна? 3 ліпеня выйшаў нумар газэты “Комсомольская правда” з інтэрвію Лукашэнкі, дзе ён казаў пра магчымы выбух. І ноччу ён адбыўся. На маю думку, такі выбух для Лукашэнкі стаў нечаканым. Хтосьці злавіў за язык і арганізаваў выбух.

Гэта выгадна таму, хто зацікаўлены навесьці стрэлкі і на Лукашэнку, і на апазыцыю. І няхай яны абвінавачваюць адзін аднаго і змагаюцца паміж сабой. Думаю, гэта выгадна расейскаму ФСБ. Да таго ж выбух можа сарваць крэн кіраўніцтва Беларусі ў бок Эўропы. І Лукашэнка, знаходзячыся ў канфрантацыі з Захадам і з дэмакратычнай апазыцыяй, становіцца кантраляванай пэрсонай, ім можна маніпуляваць праз цэны на энэргарэсурсы.

Паколькі МУС і КДБ паводзілі сябе падчас гэтага выбуху вельмі дзіўна, то ў мяне ёсьць падазрэньні, што ў гэтых структурах, акрамя патрыётаў-прафэсіяналаў, ёсьць прайдзісьветы і палітыканы, якія могуць удзельнічаць у такіх інтрыгах.

Карбалевіч: Хачу запярэчыць. Калі прыняць такую вэрсію, то ёсьць вялікая рызыка атрымаць адваротны вынік. Не заўсёды тэрарыстычны акт прыводзіць да дэстабілізацыі палітычнага рэжыму. Шмат прыкладаў, калі, наадварот, такія здарэньні прыводзілі да ўмацаваньня рэжыму, кансалідацыі ўлады.

Зь іншага боку, выбух можа стаць штуршком для процілеглага геапалітычнага павароту. Напрыклад, можна адправіць у адстаўку Шэймана і іншых людзей з дрэннай рэпутацыяй і павярнуць на Захад. У выніку Расея можа ня выйграць, а прайграць.

Івашкевіч: Наступствы выбуху могуць быць і такія, і адваротныя. Але мы маем факт: выбух стварыў такую праблему для Лукашэнкі. Калі б выбуху не было, то не было б і праблемы”.

Ці можа выбух стаць штуршком для сур’ёзных палітычных зьменаў?

Класкоўскі: “У пляне дыялектыкі можна сказаць, што любы крызыс дае і новыя магчымасьці. Але бачна, што цяпер улада ня можа скарыстаць сытуацыю, каб выйсьці на нейкі якасна новы ўзровень, пайсьці на тое, каб зрабіць сыстэмныя зрухі. Усё зьвялося да кланавых разборак.

Прыкра, што ўлада не скарыстала шанец для кансалідацыі грамадзтва. Яна не ўстрымалася ад спакусы празрыста намякнуць на датычнасьць апазыцыі да выбуху.

Лукашэнка ж мог заявіць, што нягледзячы на тое, каму які дзень даражэйшы для сьвяткаваньня Незалежнасьці — 3 ліпеня, 27 ліпеня ці 25 сакавіка, — ёсьць мы, беларусы, ёсьць нацыя, і ёсьць злачынцы, якія ўчынілі выбух. Давайце разам супрацьстаяць пагрозе, адкуль бы яна ні паходзіла. Але такой заявы не прагучала.

Цяпер што тычыцца гульні з Захадам. Калі з уладнай шахматнай дошкі здымаюць пару фігур, то заходнія палітыкі не такія наіўныя, каб не разумець, што прынцыпы беларускай палітыкі застаюцца тыя ж.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG