Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сапраўдных тэрарыстаў наша міліцыя лавіць ня ўмее...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 ліпеня 2008 году


Драматычныя падзеі ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня, падчас наладжаных уладамі шматлюдных сьвяткаваньняў — адна з галоўных тэмаў апошняга тыдня, на якую мы атрымліваем у гэтыя дні шмат водгукаў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў, які даслаў наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Слухач піша:

“Шукаць вінаватых у шэрагах апазыцыі — тое ж самае, што падазраваць у тэракце губэрнатара Гавайскіх выспаў. За гады незалежнасьці апазыцыя ні ў чым падобным заўважаная не была. Адкрыта пашумець на несанкцыянаваным мітынгу, вывесіць нацыянальны сьцяг на высакавольтных правадах, распаўсюдзіць налепкі — іншая справа.

Правакацыя спэцслужбаў з мэтай дыскрэдытаваць апазыцыю перад выбарамі? Ня думаю. Наступствы маглі быць непрадказальныя. Дый навошта? І так амаль усе незалежныя СМІ і апазыцыйныя партыі, лічы, задушаныя, а тыя, што яшчэ пакуль існуюць, вельмі істотна на вынікі выбараў не паўплываюць. Да таго ж улада дасканала валодае правераным і гуманным спосабам дасягненьня патрэбнага працэнту на выбарах
”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль выказвае ўласную вэрсію здарэньня:

“Мне думаецца, што гэта зьдзейсьнілі тыя самыя хлопцы-малойцы, якія з году ў год руйнуюць Курапаты, — піша слухач. — Для іх словы “незалежнасьць Беларусі” — як чырвоная ануча для быка. І няважна, 25 сакавіка адзначаецца сьвята ці 3 ліпеня. А паколькі дагэтуль іх ніводнага разу не знайшлі, то ня выключана, што яны карыстаюцца пэўнай падтрымкай даволі высокіх чыноў са спэцслужбаў ці міліцыі (у прыватным, так бы мовіць, парадку).

Што тычыцца дзейнасьці міліцыі ў дадзенай сытуацыі (дый ня толькі ў дадзенай), то яна ня вартая ламанага гроша і нічога ня дасьць, сапраўдных злачынцаў ня знойдуць. Чаму? Па-першае, міліцыя разбэшчаная працай на выдуманым матар’яле — я маю на ўвазе, напрыклад, усе гэтыя затрыманьні маладзёнаў за “нецензурно выражался”, лоўля па начах грамадзян бяз флікераў і да таго падобнае. Па-другое, яны служаць не народу, а пэрсаналіям. Народ для іх — быдла (успомніце хаця б сумнавядомы “жывы шчыт”). Па-трэцяе — пасьпяхова яны працуюць, фактычна, толькі на “падставах”: пафарбуюць грошы нябачнай фарбай, арганізуюць дачу хабару, а тады наляцяць з аўтаматамі, кайданкі — ахвяры на рукі, здымуць усё на відэа — вось і ўся праца. Вось таму доўгія гады не маглі злавіць ні “пажарнікаў”, ні сэрыйнага забойцу Міхасевіча. Я не кажу ўжо пра вандалізм у Курапатах ці на могілках.

Праца міліцыянтаў, якія яшчэ так-сяк нешта спрабуюць зрабіць, у значнай ступені заблякаваная накіраванасьцю ў бюракратычнае рэчышча — маю на ўвазе ўсе гэтыя паказьнікі кшталту “раскрываемость”, якія вымушаюць іх адмаўляцца заводзіць вельмі многа справаў, забіраюць каштоўны час на непрадукцыйную папяровую працу. Я сам тройчы быў ахвярай злодзеяў, а калі зьвяртаўся ў міліцыю, то яны (маю на ўвазе міліцыянтаў) як маглі выкручваліся, каб не заводзіць справы. Бачыш, замкі ў мяне былі дрэнныя, а значыць, я сам вінаваты.

Таму лічу, як бы там Рыгоравіч ні патрабаваў, сапраўдныя тэрарысты наўрад ці будуць злоўленыя.Нават справы па факце тэрарызму заводзіць ня сталі. Бачыш, гэта — звычайнае хуліганства!”
—— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Адметна, што ў першы дзень пасьля здарэньня кіраўнікі міліцыі ды спэцслужбаў праз афіцыйныя мэдыі спрабавалі паказаць свае дзеяньні як прафэсійныя ды зладжаныя, а маштабы тэракту — прыменшыць. Зрабіць ім гэта, аднак, не ўдалося. Мяркуючы па публічным разносе, які наладзіў прэзыдэнт Лукашэнка ўсім сілавікам (і асабліва кіраўніку Рады бясьпекі Віктару Шэйману), высновы будуць для міліцэйскіх генэралаў несуцяшальныя. Адстаўкі Шэймана і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі — таму сьведчаньне. Зрэшты, зусім магчыма, што якраз такога выніку і дамагаліся невядомыя злачынцы. А ўвогуле, пра самыя разнастайныя вэрсіі драматычных падзеяў мы падрабязна распавядалі ў сваім эфіры і на сайце Беларускай Свабоды.

3 ліпеня маштабныя сьвяткаваньні былі наладжаныя ня толькі ў Менску, але і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Аўтар наступнага ліста — Аляксандар Корж з Гомеля — распавядае пра тое, як адзначалі афіцыйнае сьвята незалежнасьці ў Добрушы. Слухач піша:

”Ідэалягічныя хваласьпевы працягваліся цэлы дзень і паступова перайшлі на імправізаваную сцэну на цэнтральную плошчу. Выступы малавядомых самадзейных калектываў былі цікавыя, напэўна, толькі ім самім ды сябрам мясцовай арганізацыі БРСМ. Людзі ішлі на плошчу галоўным чынам дзеля абяцанага грандыёзнага фаервэрку.

Але самы цікавы момант — гэта калектыўнае выкананьне дзяржаўнага гімну. Дзеля гэтага ўсталявалі адмысловы вялікі манітор. Над усёй плошчай загучалі акорды гімну. І раптам — што гэта? Усе аслупянелі: на экране буйным плянам паказваюць… дыялёг Іосіфа Сталіна і Лаўрэнція Бэрыі.

Здарылася тэхнічная накладка. Справа ў тым, што ў той самы час на канале ОНТ паказвалі працяг мастацкага фільму “У жніўні 44-га...”. Арганізатары канцэрту проста зацягнулі сваю праграму. А калі ўся краіна ўжо выканала гімн, вырашылі зрабіць гэта наўздагон. Атрымалася, як заўсёды. Выпадак, відаць, надоўга запомніцца жыхарам Добрушу як відавочная і неверагодная падзея мясцовага маштабу. На наступны дзень неаднаразова давялося чуць з гэтай нагоды іранічныя камэнтары пра тое, што наш Добруш чарговы раз загубіў самыя добрыя ініцыятывы Менску”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Гомеля.

Напэўна, камусьці гэтая недарэчнасьць падалася пэўным сымбалем, поўным глыбокага сэнсу. Хоць наўрад ці большасьць людзей аддалі гэтаму тэхнічнаму збою надта вялікую ўвагу: напэўна ж, пасьмяяліся ды разышліся. Куды больш значныя і сапраўды драматычныя падзеі адбываліся якраз у гэты момант (неўзабаве пасьля калектыўнага выкананьня афіцыйнага гімну) у цэнтры Менску, на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава ды Пераможцаў.

На тэму хуткіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі — фрагмэнт зь ліста Барыса Руцько зь Менску. Слухач піша:

“Удзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбудуцца ўвосень, гэтай апазыцыі ды іхным аднадумцам нельга. Усё роўна ніхто зь іх у парлямэнт ня трапіць. Яны хочуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі толькі дзеля таго, каб атрымаць грошы з-за межаў Беларусі. І гэтыя грошы асядуць у іхных кішэнях. Ня зь іхнай палітыкай ісьці ў народ. Патрэбна іншая, новая палітычная сіла, за якой бы пайшло грамадзтва”, — гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.

Вы, спадар Руцько, агучылі афіцыйную вэрсію таго, чаму ў беларускім парлямэнце няма прадстаўнікоў апазыцыі, а ўсе дэпутаты аднагалосна (ці амаль аднагалосна) падтрымліваюць любыя рашэньні прэзыдэнцкай адміністрацыі. Маўляў, гэтая апазыцыя — прадажная, лядашчая, а вось калі б была канструктыўная, за яе людзі прагаласавалі б. Пры гэтым больш за дзесяць год такая прагрэсіўная апазыцыя чамусьці так і не зьявілася: даводзіцца выканаўчай уладзе самой запаўняць усе крэслы ў парлямэнце. Вам не здаецца, спадар Руцько, што для кагосьці гэта проста зручнае апраўданьне, каб не выпускаць з рук уладу і не дзяліцца ёй ні з кім? Пры гэтым ніякага аднадумства ў беларускім грамадзтве няма. Але з тых, хто не падтрымлівае дзейную ўладу, сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце і саветах усіх узроўняў ніхто ня мае. З прынцыпамі дэмакратыі такое становішча мае мала супольнага.

На заканчэньне — ліст ад Сафіі Мятлушкі з Мазыра, якая зьвяртаецца на адрас “Свабоды” з шэрагам заўваг і прапаноў. Слухачка піша:

“Пастаянна слухаю вашу перадачу. Дзякуй, што апошнім часам наладзілі трансьляцыю — чутнасьць цяпер добрая, практычна без перашкодаў. Але ў мяне вялікая просьба: абвясьціце тым, хто тэлефануе вам на радыё, каб гаварылі ў слухаўку гучна і разборліва, каб не глыталі канчаткаў і стараліся выразна вымаўляць кожнае слова. А то слухаеш часам “Званкі на Свабоду” — і толькі нэрвуесься, бо цяжка разабраць, што там яны мармычуць.

Прапаную ўключыць у праграму навіны нашай мэдыцыны. Чаму лекі ў Беларусі такія дарагія? Добрых імпартных прэпаратаў цяпер не дакупісься. Асабліва мяне цікавіць наступнае пытаньне. Вось гіпэртанічная хвароба — невылечная, як і дыябэт. Ад дыябэту лекі — бясплатныя. А вось гіпэртонікі трацяць на свае лекі калясальныя грошы. А лекі гэтыя часта — як вапна, крывянога ціску ніколькі не зьніжаюць”,
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Сафія Мятлушка з Мазыра.

Спадзяюся, спадарыня Мятлушка, нашы актыўныя слухачы, якія тэлефануюць на “Свабоду” і чые галасы часта гучаць у аглядах званкоў, пачуюць вашы зусім слушныя заўвагі.

Што да ільготных коштаў на лекі, а таксама якасьці мэдычных прэпаратаў. І адной, і другой тэме мы ў свой час аддавалі нямала месца ў сваіх праграмах. Колькасьць ільготнікаў у Беларусі ўлада за апошні год скараціла ў некалькі разоў, і мае намер і надалей працягваць гэты працэс. Такі падыход, увогуле, зусім рынкавы і эканамічна абгрунтаваны, але пры адной умове: калі заробкі і пэнсіі ў краіне дазваляюць людзям набываць неабходныя лекі. Ці выконваецца гэтая ўмова ў Беларусі — мяркуйце самі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG