Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крэслах Шэймана і Нявыгласа пакуль іх намесьнікі


У сераду да выкананьня абавязкаў Дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі прыступіў Юры Крывашэеў, які быў намесьнікам звольненага ўчора Віктара Шэймана. На чале адміністрацыі прэзыдэнта ад сёньняшняга дня — Анатоль Рубінаў, які мае статус першага намесьніка звольненага ўчора кіраўніка адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.


У сакратарыяце Рады бясьпекі Свабодзе паведамілі, што звольнены з пасады дзяржаўнага сакратара Віктар Шэйман сёньня раніцай пабываў у сваім былым кабінэце. Ён рыхтаваў справы для перадачы. Аднак каму — пакуль невядома. На гэты момант апаратам Рады бясьпекі кіруе ягоны намесьнік Юры Крывашэеў.

Кіраўнік прэсавай службы А. Лукашэнкі Павал Лёгкі паведаміў Свабодзе, што на чале прэзыдэнцкай адміністрацыі цяпер — першы намесьнік кіраўніка Анатоль Рубінаў. Калі будуць зробленыя прызначэньні на гэтыя пасады і ці ёсьць нейкія абмежаваньні па часе для прыняцьця адпаведных указаў, Павал Лёгкі не сказаў.

“Я ня буду тут будаваць нейкія дапушчэньні. Як толькі будуць ухваленыя рашэньні, дык усе адразу пра гэта даведаюцца”.

Між тым дзяржаўныя газэты, у прыватнасьці “Советская Белоруссия” і “Звязда”, у сёньняшніх нумарах ніяк не камэнтуюць адстаўкі Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа: яны толькі публікуюць адпаведныя ўказы А. Лукашэнкі. Гэтаксама дзейнічаюць дзяржаўныя тэлеканалы і агенцтва БелТА.

А вось “Комсомольская правда в Беларуси” напісала, што верагодным пераемнікам Віктара Шэймана на пасадзе дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі стане іншы Віктар — старэйшы сын А. Лукашэнкі. Цяпер ён дарадца бацькі па нацыянальнай бясьпецы.

На гэтую публікацыю ў Радзе бясьпекі неафіцыйна адрэагавалі наступным чынам:

“Вы ведаеце, што рашэньне прымае прэзыдэнт. Абмяркоўваць могуць усё што заўгодна, але рашэньне ўхваліць менавіта ён”.

Адстаўка Віктара Шэймана асабліва не адбілася на працы апарату Рады бясьпекі, мяркуе чыноўнік:

“Вы ж бачыце, што выканаўца абавязкаў прызначаны, усё працуе гэтаксама, як і працавала. Тут людзі такія падрыхтаваныя, спраўляюцца, таму незалежна ад кіраўніцтва ўсё наладжана, усё працуе”.

Аляксандар Лукашэнка ўчора звольніў дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана і кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа “ў сувязі зь пераводам на іншую працу”. Раней А. Лукашэнка моцна крытыкаваў абодвух за бязьдзейнасьць, якая прывяла да выбуху на канцэрце да Дня незалежнасьці ў Менску.
XS
SM
MD
LG