Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сыходу дыктатараў або аўтарытарных лідэраў з палітычнай сцэны лёс іх паплечнікаў і памагатых складаецца па-рознаму. Некаму ўдаецца пазьбегчы адказнасьці, іншыя трапляюць пад суд. Вось некалькі характэрных прыкладаў за апошні год.

2007 год

У Багдадзе былі асуджаныя і пакараныя сьмерцю былыя паплечнікі Садама Хусэйна: былы віцэ-прэзыдэнт Іраку Таха Ясін Рамадан, былы старшыня вярхоўнага рэвалюцыйнага трыбуналу Іраку Авад Бандар і зводны брат Садама Хусэйна Барзан ІбрагІм ат-Тыкрыці.

2007 год

Паліцыя Камбоджы арыштавала так званага “палпотаўскага Гебэльса” Нуон Чеа, які ў гады кіраваньня “чырвоных кхмераў” узначальваў ідэалягічны аддзел Камуністычнай партыі Камбоджы. Міжнародны трыбунал у справе злачынстваў у Камбоджы выставіў яму абвінавачаньне ў генацыдзе, забойствах і катаваньнях. Раней у тым жа годзе Міжнародны трыбунал прызнаў іншага паплечніка Пал Пота, былога начальніка палітычнай турмы “чырвоных кхмераў” Гуека Канга вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасьці.

2008 год

Ваенны трыбунал Спэцыяльнага суду для Сьера-Леонэ ў Гаазе пачаў працэс над былым дыктатарам гэтай краіны Чарльзам Тэйларам. Сярод сьведак і абвінавачаных – былы памагаты Тэйлара Джозэф Марзах, які на загад дыктатара забіваў і еў палітычных канкурэнтаў.

2008 год

У траўні завяршыўся 13-гадовы судовы працэс над экс-дыктатарам Эфіопіі Мэнгісту Хайле Марыямам і 18 яго паплечнікамі. Усім ім вынесены сьмяротны прысуд. Яшчэ 58 былых чыноўнікаў атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

2008 год

Вярхоўны суд Чылі завёў крымінальныя справы супраць 98 супрацоўнікаў тайнай паліцыі часоў кіраваньня Піначэта. Чакаецца, што судовы працэс адкрые праўду пра апэрацыю “Калёмба”, праведзеную тайнай паліцыяй у 1975 годзе. У выніку яе зьніклі бязь вестак 120 праціўнікаў дыктатуры. Ваенная хунта сьцьвярджала, што гэтыя людзі пакінулі краіну або загінулі ў сутыкненьнях з крымінальнымі групоўкамі.
XS
SM
MD
LG