Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уплываюць аўторкавыя кадравыя рашэньні на ацэнку вэрсіяў выбуху 4 ліпеня? Ці ўтвараецца новая канфігурацыя ўлады пасьля адстаўкі Віктара Шэймана? Ці можна сказаць, што ў калідорах улады пануе разгубленасьць, якая можа прывесьці да неадэкватных дзеяньняў у дачыненьні да апазыцыі?


Гэтыя ды іншыя пытаньні ў “Экспэртызе “Свабоды” абмяркоўваюць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валер Булгакаў.

Цыганкоў
: За 4 дні пасьля выбуху было вылучана дастаткова вэрсіяў, каму гэта выгадна, што гэта было і якія наступствы нясе. Але сёньняшнія кадравыя зьмены прымушаюць па-новаму паглядзець на гэтае здарэньне, расставіць новыя акцэнты. Анатоль, ваша вэрсія: чаму Аляксандар Лукашэнка звольніў Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа?

“Людзі, якія ўчынілі выбух, могуць трыюмфаваць”

Лябедзька
: Выбух, які здарыўся 4 ліпеня, здэтанаваў і прывёў да палітычнага выбуху. Што за гэтым стаіць? Па-першае, Лукашэнка сваім рашэньнем фактычна пацьвердзіў, што гэта ўсё ж быў тэрарыстычны акт. Разам з тым можна сказаць, што ў супрацьстаяньні паміж маладой камандай, што гуртуецца вакол Віктара Лукашэнкі, і “старой гвардыяй”, якую прадстаўляе Віктар Шэйман, перамагае Віктар Лукашэнка. Незалежна ад таго, ці гэта была сплянаваная і вытанчаная апэрацыя, ці проста гэтак склаліся абставіны. Калі хто сёньня і п’е шампанскае, то менавіта група Віктара Лукашэнкі.

Але і Аляксандар Лукашэнка можа выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб накіраваць нейкае пасланьне ў эўрапейскія сталіцы, што перазагружаецца галоўны кадравы кампутар краіны, зьнікаюць тыя людзі, за якімі цягнецца шлейф “эскадронаў сьмерці”. Ад гэтага можна адмежавацца і паспрабаваць сьпісаць у архіў.

Цыганкоў: Але ці не вынікае з вашых разважаньняў, што Лукашэнка пайшоў на повадзе ў “групы Віктара Лукашэнкі” і зрабіў нешта, што выгадна толькі ім? Здаецца, кіраўнік дзяржавы зрабіў тое, што патрэбна найперш яму самому, а ня нейкай групоўцы... Чаму ён прыняў гэтае рашэньне, у чым тут рацыя для Аляксандра Лукашэнкі?

Лябедзька: Адну прычыну я назваў — гэта можа быць пасланьне на Захад пра кадравыя зьмены, прыбіраньне адыёзных людзей. А па-другое, цень, які падаў на беларускія ўлады, што выбух быў зьвязаны зь сілавымі структурамі. І калі Лукашэнка выганяе генэралаў, то гэта нейкае алібі для самога Лукашэнкі.

Булгакаў
: Відаць, Лукашэнка “пайшоў на повадзе” ў тэрарыстаў, якія ўзарвалі гэтую бомбу. Бо, на мой погляд, гэты выбух быў скіраваны ня супраць тых выпадковых людзей, што пацярпелі — бомба была скіраваная супраць пэўных эшалёнаў беларускай найвышэйшай улады. У пэўнай ступені людзі, якія ўчынілі гэтую тэрарыстычную атаку, могуць трыюмфаваць. Бо яны дасягнулі пэўнай дэстабілізацыі таго палітычнага парадку, які дэ-факта склаўся ў беларускай дзяржаве.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на паведамленьне БелТА, згодна зь якім Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў зоне паражэньня шрубамі і гайкамі, якімі была нашпігаваная міна. Гэта значыць, што Лукашэнка, магчыма, адчуў гэтую атаку не як абстрактную акцыю, а ўспрыняў гэта як замах на сваю ўласную асобу. А ў такім выпадку рашучасьць ягоных дзеяньняў ня трэба асабліва аналізаваць.

Хачу зьвярнуць увагу, што менавіта такую трактоўку апошніх падзеяў падагравалі некаторыя расейскія аналітыкі. На маё зьдзіўленьне, напрыклад, Канстанцін Затулін, досыць адыёзны расейскі палітык, дырэктар Інстытуту краінаў СНД, заўважыў адразу па гарачых сьлядох пасьля выбуху, што, на ягоную думку, гэтая атака была накіраваная супраць асобы Лукашэнкі. І тут, калі прыняць гэтую лінію тлумачэньняў, можна спадзявацца далейшага закручваньня гаек. Ня тонкай дыпляматычнай гульні з заходнімі структурамі, а наадварот, нагнятаньня гістэрыі і псыхозу, пагромных настрояў.

Нейкім знакам таго, што ў калідорах Адміністрацыі прэзыдэнта пануе сумятня і разгубленасьць, што можа перарасьці ў пагромныя настроі ў дачыненьні да апазыцыі, зьяўляецца пагромная перадавіца ў “Советской Белоруссии”, якая зьявілася ў суботу. Там — нападкі на “лакействующих” апазыцыйных журналістаў і палітыкаў, якія, маўляў, усё робяць для таго, каб узарваць беларускае грамадзтва. Ну і, нарэшце, апошнія падзеі, якія разгарнуліся ўжо сёньня — я маю на ўвазе ператрусы ў кватэрах незалежных актывістаў, выклікі на допыты і падобныя акцыі. У цэлым, як мне здаецца, рабіць канчатковыя высновы яшчэ нясвоечасова.

“Я толькі ня сьпісваў бы Віктара Шэймана”

Цыганкоў: Такім чынам, прагучалі два адрозныя меркаваньні, што апошнія падзеі могуць прывесьці ці да “сыгналу Захаду”, як адзначыў Анатоль Лябедзька, ці да пагромных настрояў ва ўладзе, як сказаў Валер Булгакаў. Як гэта можа спалучацца?

Лябедзька: Нельга выключаць, што Лукашэнка будзе спалучаць і першае, і другое. А праз дыпляматычныя каналы да тых людзей, якія складаюць мяккае пралукашэнкаўскае лобі на Захадзе, пойдзе інфармацыя, што адыходзіць старая гвардыя, якая не хацела пераменаў, на падыходзе новыя маладыя людзі, імёны, у якіх чыстая біяграфія, і гэтак далей. А паралельна ўнутры краіны той крыжовы паход, ад спакусы якога мы заклікалі ўлады ўстрымацца, будзе разгортвацца, і рэпрэсіі могуць узрастаць.

Я толькі ня сьпісваў бы Віктара Шэймана. Такія людзі, як Шэйман, якія ёсьць носьбітамі вялізарнай інфармацыі, яны часам “раптоўна” паміраюць ад таго, што сэрца раптам спынілася. Але іх не выкідаюць, пакуль машына рухаецца.

Шэйман, відавочна, чалавек стомлены быць там, дзе прымаюцца важныя рашэньні. Але разам з тым яго ня сьпішуць, у яго ня будзе выбару — ісьці ў апазыцыю альбо ехаць за мяжу. Хутчэй за ўсё, яму і Нявыгласу будуць прапанаваныя пасады, які задаволяць іхнія матэрыяльныя патрэбы і не дадуць выпасьці з гэтай сыстэмы, на якую і першы, і другі павінны маліцца, бо толькі ў такой сыстэме яны маглі зрабіць такую кар’еру.

Цыганкоў: Валер, патлумачце свой тэзіс. Навошта ўладзе зараз пачынаць новы крыжовы паход супраць апазыцыі, якая ў гэтым лягічная неабходнасьць? Ідуць выбары, існуе задача замірэньня з Захадам — навошта пхаць ня самую моцную апазыцыю?

“Мяне зьдзіўляе больш-менш цьвярозая пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, які пакуль што сьвядома не нагнятае псыхозу”

Булгакаў: Бачыце, тут мы ўваходзім у сфэру ірацыянальных матываў. Цяпер улада сапраўды сутыкнулася з адным з наймацнейшых шокаў у палітычнай гісторыі лукашэнкаўскага рэжыму. Яна мае дачыненьне зь беспрэцэдэнтным актам, які, як мы бачым, пахіснуў асновы рэжыму. Паляцелі галовы на самым версе, і, магчыма, гэты галавапад яшчэ толькі пачынаецца.

Калі мы глянем на прэзэнтацыю беларускага рэжыму ў мэдыях, то апазыцыя дэ-факта становіцца “ахвярным казлом”. Патас перадавіцы ў “СБ” зводзіцца да таго, што беларуская апазыцыя і журналісты, якія прыслужваюць ёй, імкнуцца да таго, каб узарваць беларускае грамадзтва, і іхняй стратэгічнай мэтай ёсьць выбух. Відавочна, гэты артыкул належыць пяру галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча, і там ён нават выказваецца наконт таго, хто мог гэта ўчыніць. Там фігуруе “оголтелый националист” альбо “фашиствующий скинхед”. Гэта значыць, фактычна нацыянальная апазыцыя, для якой важныя нацыянальныя каштоўнасьці, атаесамляецца з сацыяльным дном беларускага грамадзтва. Такім чынам, людзі, якія стаяць на вяршынях палітычнай вэртыкалі, шукаюць ахвярнага казла ў сфэрах, да якіх усе мы маем беспасярэдняе дачыненьне.

І тут, ведаеце, мяне зьдзіўляе больш-менш цьвярозая пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, які пакуль што сьвядома не нагнятае псыхозу. Пакуль ягоныя паслугачы ці паплечнікі пачынаюць без усялякіх падставаў абвінавачваць апазыцыю ці нацыянальныя сілы ў грахах, якіх тыя не ўчынялі і ўчыняць не зьбіраюцца, то самому Лукашэнку, здаецца, інтуіцыя не падказвае адназначнага рашэньня. Вельмі красамоўны факт, які шырока камэнтуецца, што ён падзякаваў ЗША за прапанову ўдзельнічаць у расьсьледаваньні гэтага інцыдэнту. Гэта значыць, што ў яго сьвядомасьці рэзкага развароту супраць Захаду не адбылося.

Лябедзька: Чаму магчымыя рэпрэсіі? Бо працуе канвэер, адладжаны, які перазагрузіць вельмі складана. Таму, нават незалежна ад пазыцыі самога Лукашэнкі, працуе сыстэма. Я ня думаю, што недзе ў Астраўцы Лукашэнка даваў загад участковаму прыходзіць да мясцовага актывіста і пытацца ў яго, што той рабіў у ноч на 4 ліпеня.

Сыстэма робіць тое, што ўмее рабіць і на што яна наладжаная. Каб гэта спыніць, патрэбныя моцная палітычная воля і іншыя выканаўцы ў вэртыкалі. Гэтага хутка Лукашэнка ня можа зьмяніць, нават калі ў яго будзе на гэта палітычная воля.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG