Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 20 гадоў таму наш грамадзкі рэдактар, генэрал-лейтэнант у адстаўцы Мечыслаў Грыб быў кінуты на звышадказны ўчастак працы – выявіць маньяка, які цягам амаль паўтара дзясятка гадоў тэрарызаваў жаночае насельніцтва Віцебскай вобласьці.


У 1985 годзе Мечыслаў Грыб прызначаецца начальнікам Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, пасьля чаго ўзначаліў апэратыўна-сьледчую групу ў пошуку злачынцы, які нападаў, гвалціў і забіваў жанчын. У працэсе спэцгрупа выявіліся жахлівыя факты: апроч таго, што былі забітыя больш за 40 жанчын, незаконна пакараныя за нязьдзейсьненыя злачынствы 13 чалавек, адзін расстраляны. Якія ўрокі віцебскай справы могуць узяць на ўзбраеньне сучасныя пінкэртоны, кінутыя на выяўленьне злачынстваў, узятых пад кантроль першай асобы ў дзяржаве? Гэта і нядаўні выбух у Менску, і выбухі трохгадовай даўнасьці ў Віцебску. Спадар Грыб лічыць, што паралелі ў гэтых гісторыях самыя непасрэдныя – усё можа сапсаваць неадэкватны імпэт вышэйшага кіраўніка краіны:

“Нам удалося праз 9 месяцаў затрымаць злачынцу, ім аказаўся Міхасевіч Генадзь Мадэставіч. Але калі мы пачалі праводзіць сьледзтва, то высьветлілася, што ён зьдзейсьніў яшчэ 13 злачынстваў, за якія ўжо былі затрыманыя і незаконна асуджаныя да вельмі працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі – 10-15 гадоў -- ажно 13 чалавек. Адзін зь іх Цярэня, на прысуд Віцебскага абласнога суду быў расстраляны.

Калі пачалі разьбірацца – чаму так здарылася, што за гэтым стаяла, прыйшлі да несуцяшальнай высновы. Зразумела, што злачынствы гэта былі цяжкія. Тагачаснае кіраўніцтва – партыйнае, савецкае, кіраўніцтва па лініі грамадзкага парадку, МУС патрабавалі раскрыцьця гэтага злачынства як мага хутчэй. І відавочна, што асобныя супрацоўнікі перастараліся -- затрымаўшы ня тых людзей, якія мелі дачыненьне да зьдзейсьненых злачынстваў.

Зразумела, што сярод затрыманых былі не самыя законапаслухмяныя людзі, яны былі з рознымі хібамі, судзімыя неаднаразова. Але галоўнае, што злачынстваў, якія ім прыпісалі, яны не рабілі. Тое адкрыцьцё было вельмі страшнае. ЦК тады пачало рабіць тэрміновыя захады, у кіраўніцтве шмат каго паздымалі, крымінальную справу вялі ў гэтым накірунку. І я перакананы, што тая справа можа быць прыкладам для сёньняшніх дзён, для сёньняшніх супрацоўнікаў.

Тое, што здаецца лёгкім, што можна нібыта хутка злачынства раскрыць, на самой справе можа быць зусім ня так, як мы жадаем. Ніколі праваахоўныя, сьледчыя органы ня будуць застрахаваныя ад памылак. Гэтыя памылкі могуць быць заўсёды. Але каб іх не было, трэба, каб не было вялікага ўціску на сьледчыя, апэратыўныя органы. Ня трэба ставіць ім тэрмін – раскрыць гэтае злачынства на працягу трох дзён ці трох месяцаў. Кроў з носу, але ўсё гэта трэба зрабіць. Зразумела, патрэбна пэўная пасьпешнасьць, каб пакараць злачынства. Але трэба вельмі ўзважліва да ўсяго падыходзіць. Ня трэба сядзець на плячах у тых людзей, якія займаюцца вельмі адказнай справай. І ня трэба ім дыктаваць сваю волю. Тады і прыкрых памылак будзе менш. А галоўнае, каб гэтыя людзі выконвалі закон – нават той закон, які сёньня ёсьць нас у Беларусі. Калі яны будуць строга выконваць гэты закон, а не імкнуцца падабацца свайму начальству, то ў нас гэтых памылак ня будзе”.

Мечыслаў Грыб нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы Дзятлаўскага раёну на Гарадзеншчыне. Закончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню і юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсытэту.

Пачынаў у органах унутраных справаў на Віцебшчыне. У 1981 годзе – начальнік Ўпраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР. У 1985-м прызначаны кіраўніком Упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму, узначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын на тэрыторыі вобласьці.

У 1993 годзе Мечыслаў Грыб першы ў Беларусі быў прадстаўлены да званьня “генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

З 1990-га – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ сліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у штабе тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG