Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўчанка Алеся Ясюк заявіла пра зьдзек і катаваньні з боку міліцыі. Чаму міліцыянты ўжываюць катаваньні супраць актывістаў апазыцыі?





Міліцыянты пацьвердзілі факт затрыманьня барысаўскай актывісткі дэмакратычнага руху Алесі Ясюк. Жанчына абвінавачвае супрацоўнікаў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску ў зьдзеках і катаваньнях.

6 ліпеня яе затрымалі на вуліцы Максіма Багдановіча з наклейкамі, на якіх было напісана “Байкот”. Алесю завезьлі ў дзяжурную частку, дзе трымалі 6 гадзінаў. Жанчыну разьдзявалі дагала і здымалі гэта на відэакамэру. Яна лічыць, што гэта было зроблена наўмысна, каб прынізіць яе годнасьць.

Г. Паганяйла: “КДБ спрабаваў толькі аспрэчыць выпадак зь Віньнікавай”

Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што дзеяньні міліцыі адносна Алесі Ясюк былі незаконнымі:

“Для такога надгляду з разьдзяваньнем дагала патрэбныя падставы, і агляд жанчыны павінен праводзіцца толькі ў прысутнасьці жанчын. І таму гэта можна ацэньваць як катаваньні”.

Гары Паганяйла ўдзельнічаў у маніторынгу “Катаваньні ў Беларусі”. Праваабаронцы падрыхтавалі даклад, які быў накіраваны ў пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных справаў. Таксама ён быў прадстаўлены ў Камітэце па катаваньнях Рады Эўропы.

“Дарэчы, нашыя ўлады не аспрэчылі практычна ніводнага выпадку ўжыцьця катаваньняў, – гаворыць Паганяйла. – Толькі КДБ спрабаваў аспрэчыць выпадак з Тамарай Віньнікавай, што яна насамрэч бязь цёплага адзеньня, практычна ў адных калготках была зьмешчаная ў халодную камэру. Але ўсё астатняе зьелі, і ніякіх пярэчаньняў не было. Хаця дзяржава ня любіць такой інфармацыі, бо катаваньні – гэта рэч сур’ёзная, і стаўленьне міжнароднай супольнасьці да гэтага вельмі жорсткае”.

Спадар Паганяйла таксама зьвяртае ўвагу на факты неадэкватнага ўжываньня сілы да дэманстрантаў, іх зьбіцьцё ў аддзяленьнях міліцыі і пры транспартаваньні ў пастарункі:

“Гэта паўсядзённая практыка сілавых структураў”.


М.Статкевіч: “Спэктаклі з разьдзяваньнем ставіць адзін рэжысэр”

Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч нядаўна сам перанёс такія ж зьдзекі, які і Алеся Ясюк. Яго некалькі разоў разьдзявалі дагала ў турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня за акцыю 1 траўня ў Менску.


В.Сіліверст: “Міліцыянты клалі мяне на сьнег тры ці чатыры разы”

Актывіста АГП, чарнобыльскага ліквідатара з Калінкавічаў Васіля Сіліверста шмат разоў перасьледавалі спэцслужбы і міліцыя, прычым нярэдка з ужываньнем сілы. І ня толькі ў Калінкавічах, але і ў Ельску, дзе жыве маці актывіста, і ў Рэчыцы падчас агульнабеларускіх “Дажынак”:

“Ой, шмат разоў! Гэта і ў Калінкавічах, калі была прэзыдэнцкая выбарчая кампанія і калі мяне клалі на сьнег тры ці чатыры разы. У Ельску прымянялі сілу беспадстаўна. Ну і ў Рэчыцы падчас “Дажынак” таксама паклалі на асфальт. Кажуць: “Якога чорта ты тут, ды яшчэ бяз пашпарта?” – хаця ў мяне было пасьведчаньне. Пасьля гэтага я ў Рэчыцы ў рэанімацыю патрапіў.

Цяпер на мяне такі ж самы ціск. Устаноўлены негалосны нагляд за маімі перамяшчэньнямі. Я папрасіў патлумачыць абласную пракуратуру й начальніка ельскай міліцыі, навошта гэта робіцца. А мне начальнік ельскай міліцыі Анатоль Якімец адказаў: “Гэта з-за вашай палітычнай дзейнасьці”. “Дык што, — пытаюся, — міліцыя займаецца палітычным вышукам? На якіх падставах, калі я больш у шпіталі ляжу, чым хаджу?” Відаць, павесілі ярлык усім тым, хто праяўляе актыўнасьць”.


А. Гулак: “Дзеяньні міліцыянтаў прыводзяць нават да сьмерці людзей”

У тэчках Беларускага Хэльсінскага камітэту шмат скаргаў грамадзян на грубае і бесчалавечнае абыходжаньне зь імі супрацоўнікаў міліцыі,-- паведаміў Свабодзе старшыня БХК Алег Гулак.



  • Крысьціна Шацікава распавяла, як пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным сілком адвезьлі яе ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь. Яе распытвалі пра кантакты зь сябрамі “Маладога фронту” і пра плянаваны ўдзел у акцыі 25 сакавіка 2007 году. Паводле Крысьціны Шацікавай, выкліканыя санітары паспрабавалі яе распрануць, пастрыгчы і памыць. Калі актывістка стала адбівацца, яе занесьлі ў аддзяленьне, прывязалі да ложка і ўкалолі сэбазон.
  • Моладзевага актывіста з Воршы Сяргея Гумінскага, якога абвінавацілі ў датычнасьці да палітычнага графіці, у часе допыту ў мясцовым пастарунку зьбілі міліцыянты, патрабуючы гаварыць па-расейску. Супраць Сяржука была заведзеная крымінальная справа, але пасьля зачыненая.
  • Моладзевы актывіст Сяргей Клюеў пад час арышту трапіў у інфэкцыйны шпіталь. Супрацоўнікі праваахоўных органаў прыкавалі яго кайданкамі да ложку на ўсю ноч. Пракуратура Савецкага раёну прызнала гэта абгрунтаваным.

    Моладзевая актывіста Тацяна Цішкевіч апавяла, што была зьбіта міліцыянтамі 10 студзеня 2008 года пад час затрыманьня.

    «Супрацоўнік міліцыі, які зацягнуў мяне ў машыну загадаў паўсьці ў канец МАЗа і не падымаць галаву. Там ляжалі на падлозе некалькі затрыманых, нікому не дазвалялі ўставаць. садзіцца, паднімаць галаву. Калі машына паехала, нас пэрыядычна білі дубінкамі па галовах, абражалі. Потым нас адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Я папрасіла выклікаць майго адваката і на гэта пачула нецэнзурную лаянку. Супрацоўнікі міліцыі адвезьлі мяне ў нейкі пакой і пачалі зьбіваць па твары і па галаве. Потым штурхнулі мяне на крэсла і пачалі вырываць заплечнік. Калі я находзілася ў пакоі для затрыманых мне сказалі, каб я нагнулася і дастала шнуркі. Я была ў спадніцы. Адзін з супрацоўнікаў схапіў за нагу і паклаў на стол. Потым падбег яшчэ адзін міліцыянт тое ж самае зрабіў з другой нагой. Яны садралі зь мяне чаравікі і выцягнулі шнуркі, а чаравікі кінулі ў твар і жывот. На судзе я казала, што супрацоўнікі міліцыі мяне зьбівалі, паказвала куртку ў крыві».

    Тацяна Цішкевіч апавяла, што пра ўсё гэта паведаміла ў скарзе ў пракуратуру, аднак там узялі паказаньні ў міліцыянтаў і адмовілі ва ўзбуджэньні справы.

    Падсудныя ў міліцэйскіх пагонах


    Ці часта скаргі на дзеяньні міліцыянтаў, якія злоўжываюць службовым становішчам, даходзяць да суду? Ці могуць людзі абараніць сябе ад праяваў агрэсіі і зьнявагі з боку супрацоўнікаў міліцыі? Якая доля спраў заводзіцца супраць прадстаўнікоў улады?

    “Міліцыянты служаць не народу, а ўладзе”

    Праваабарончы цэнтар “Вясна” мае зьвесткі пра дзясяткі скаргаў грамадзкіх актывістаў з рэгіёнаў на дзеяньні міліцыі. Некаторыя зь іх дайшлі да суду.
XS
SM
MD
LG