Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя палітычных зьніклых на сцэне “Свабоднага тэатру” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Менску адбыўся прэм’ерны паказ спэктаклю “Свабоднага тэатру” пад назвай “Спасьцігаючы каханьне”.

Гэта першая частка дылёгіі, якая зьявілася праз два гады пасьля ўжо вядомага гледачам “Пакаленьня джынс”. Аўтары п’есы – Мікалай Халезін і Натальля Каляда – кажуць, што аповед цалкам грунтуецца на дакумэнтальнай гісторыі, якая вядзецца ад імя Ірыны Красоўскай – жонкі зьніклага ў верасьні 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром грамадзкага дзеяча, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Першымі гледачамі спэктаклю “Спасьцігаючы каханьне” сталі паўсотні вядомых у Беларусі асобаў, не абыякавых да тэмы гвалтоўных зьнікненьняў. Паказ адбываўся ў закінутым доме, пераабсталяваным пад сцэнічную пляцоўку – “Свабодны тэатар” ня мае ў Беларусі ні стацыянарнай сцэны, ні легальнага статусу, ні фінансаваньня. Гледачы дэмакратычна занялі месца на падлозе, у літаральным сэнсе на адных квадратных мэтрах з артыстамі.

Як кажа кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін, у спэктаклі няма ніводнага слова выдумкі – гэта гісторыя жыцьця, расказаная Ірынай Красоўскай. Тут успаміны пра сваякоў, раскулачаных у часы бальшавізму, пра суседзяў-габрэяў, пра бабулю, якая расказвала неверагодныя гісторыі, дзе суіснавалі злодзеі-партызаны і нацысты, якія дапамагалі мірным жыхарам (і тут жа гісторыя з дакладнасьцю наадварот), пра бацьку, якога бачыла толькі тройчы. І кульмінацыя жыцьця – Анатоль Красоўскі:

“Калі я ўпершыню ўбачыла Толю, яму было 20. Усё абарвалася ўнутры. Я зразумела, што такіх людзей яшчэ не сустракала ў сваім жыцьці. Ён быў не такім, як усе людзі навокал. Ён быў ня “нашым”: атлетычна складзены, бліскучая паходка. У той час ён займаўся боксам, і ў яго быў крыху прыплюшчаны нос. Вельмі прыстойна апрануты – ягоны брат жыў у Нямеччыне і прывозіў адтуль рэчы. Ён быў не такі, як усе людзі навокал, ён быў прышэльцам...”

Анатоль Красоўскі выкладаў у школе фізыку і астраномію. Пакуль Ірына была школьніцай, натуральна, што паміж імі нічога такога не было. Але калі дзяўчына не паступіла ў Менскі мэдычны інстытут і вярнулася ў Валожын, завязалася сяброўства, якое перарасло ў вялікае каханьне. Неўзабаве яны пажаніліся. Ірыне было 19. Астатнія 19 гадоў ужо ў Менску былі пражытыя ў рэжыме жорсткага ашчадаваньня – іхныя супольныя прыбыткі былі зусім сьціплыя. І толькі здаровыя амбіцыі Анатоля прывялі да лягічнай разьвязкі – напачатку 1990-х ягоная фірма “Красіка” стала адной з самых пасьпяховых у краіне.
У нас гэта было блізка, гэта была наша гісторыя, з многіх сцэнаў мы проста выкрэсьлівалі сваё жыцьцё, бо таксама былі ў гэтым.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Красоўскі стаў адным з фундатараў апазыцыі. Яго занесьлі ў “чорны сьпіс”. У верасьні 1999-га Анатоля Красоўскага і ягонага сябра Віктара Ганчара скралі. Сёньня 8 гадоў, як зьнік Зьміцер Завадзкі. У сьпісе зьніклых Юры Захаранка. Колькасьць палітычных зьніклых у сьвеце вымяраецца тысячамі.

Мікалай Халезін кажа, што вельмі складана пасьля такой працы нават у самых нязначных праявах дрэнна ставіцца да родных, якіх у нейкі момант можаш больш ніколі ня ўбачыць:

“Калі не была яшчэ напісаная нават п’еса, нас ужо прасілі: дайце відэа, дзе пабачыць, каб узяць для фэстывалю і г.д. Таму што гэта тэма, да якой тэатры ня ведаюць нават як падыходзіць. Калі людзей крадуць ды забіваюць у іншых краінах, магчыма, не ва ўсіх ёсьць сябры, якія займаюцца тэатрам. А нават калі няма тых сяброў, то невядома, як узяцца за саму тэму. У нас гэта было блізка, гэта была наша гісторыя, што з многіх сцэнаў мы проста выкрэсьлівалі сваё жыцьцё, бо таксама былі ў гэтым.

Нам было лёгка над гэтым працаваць тэхналягічна. Але гэта было вельмі цяжка эмацыйна. Наташа працавала над інтэрвію, іх было вельмі шмат, гадзінамі размаўлялі зь Ірынай, са Сьветай Завадзкай. Я праходжу побач з пакоем і бачу, што яна плача. Кажу, ня плач, трэба дыстанцыявацца ад гэтага, каб ня біла так эмацыйна, бо немагчыма так працаваць. А потым яна аддае мне гатовы тэкст на рэдактуру. І вось я сяджу, і цякуць сьлёзы. Іду памыцца, а яна кажа: а чаго ты не дыстанцыюесься? Немагчыма, бо гэта наша жыцьцё. Бо гэта нават яшчэ не гісторыя, а гэта фрагмэнты нашага жыцьця”.

Сярод гледачоў спэктаклю Ірыны Красоўскай не было. Яна ўжо некалькі гадоў не жыве ў Беларусі, прыехаць пакуль не дазваляюць справы. Адміністрацыя “Свабоднага тэатру” цяпер вырашае, якім чынам падладкавацца пад прыезд сваёй гераіні ў Менск. Пакуль яе словы агучвае артыстка Ганна Саламянская – як адзначаюць гледачы, у чымсьці падобная на Ірыну Красоўскую нават вонкава:
16 верасьня 1999 г. разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром Анатоль Красоўскі быў скрадзены... Гэтымі словамі я пачынаю кожны свой публічны выступ

“16 верасьня 1999 году разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром Анатоль Красоўскі быў скрадзены...” Гэтымі словамі я пачынаю кожны свой публічны выступ на працягу амаль ужо дзевяці гадоў. Маё жыцьцё зьмянілася. Мама перажывае трагедыю нашай сям’і, перанесла інсульт, цяпер яна практычна не размаўляе. Мае дочкі вырасьлі. У мяне нарадзілася ўнучка Марта, якая, на жаль, ніколі ня ўбачыць свайго дзеда. Я сустрэла чалавека, які мяне вельмі моцна любіць, ён дапамагае мне даведацца праўду пра сьмерць Толі. Я павінна гэта зрабіць, дзеля яго памяці. Дзеля памяці чалавека, які адкрыў для мяне, што такое каханьне”.

У прэм’ерным выглядзе спэктакль існаваць больш ня будзе. Адзін з эпізодаў будзе зьменены. Цягам месяца, пакуль ішлі рэпэтыцыі, акторы прамаўлялі малітву за ўратаваньне нявінна забітых Ежы Папялушкі – польскага сьвятара, напачатку 1980-х скрадзенага і забітага спэцслужбамі камуністычнай Польшчы. А за два дні да прэм’еры была вызваленая з палону былая кандыдатка ў прэзыдэнты Калюмбіі Інгрыд Бэтанкур, якая 6 гадоў была закладніцай калюмбійскіх паўстанцаў. Артысты адчуваюць пэўную далучанасьць да добрай навіны, і замест Бэтанкур цяпер будзе гісторыя іншага чалавека, якому можа дапамагчы агульная малітва.

Якраз напярэдадні паказу “Свабодны тэатар” атрымаў ліст з Кааліцыі гвалтоўных зьнікненьняў. Цягам 20 гадоў далучаныя да гэтай бяды людзі “прабіваюць” адзін дакумэнт – Канвэнцыю па гвалтоўным зьнікненьні. У Беларусі “Свабодны тэатар” стаў першым творчым калектывам, які падтрымаў гэтую канвэнцыю. У тым ліку і таму, што Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, дзе існуе такі перажытак сярэднявечча.

“Бабуля расказвала неверагодныя гісторыі...”
“Пакуты за сям’ю і краіну...”
Гісторыя каханьня з сумным фіналам
“А потым мяне забілі...”
XS
SM
MD
LG