Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка выступіў з крытыкай камэнтару С. Калякіна, які зазначыў Свабодзе, што не выключае, што выбух у Менску мог быць правакацыяй уладаў.

Тэкст апублікаванага на сайце Свабоды камэнтару С. Калякіна ад 4 ліпеня, на які нэгатыўна адрэавагаваў Лукашэнка:

“Ёсьць небясьпека канешне, у мяне ўвогуле ёсьць, на жаль, пэўныя сумненьні на гэты конт. А можа, камусьці ва ўладных структурах было выгадна зрабіць такую правакацыю перад парлямэнцкімі выбарамі, каб узбудзіць чарговую хвалю псыхозу, паспрабаваць абвінаваціць апазыцыю і пачаць закручваць гайкі па ўсіх кірунках. Калі такое будзе адбывацца з боку ўлады, то ў мяне будуць усё большыя сумненьні наконт таго, а ці не маюць дачыненьне да гэтага ўладныя структуры”.

Заява Аляксандра Лукашэнкі ад 6 ліпеня ў адказ гэты камэнтар Сяргея Калякіна:

“Я параўноўваю два крайніх крыла так званай нашай апазыцыі: камуністаў-калякінцаў і Партыю БНФ. Раней жа біліся! А цяпер у адным лягеры. І паглядзіце іх ацэнкі. Што мяне ўразіла – БНФ выказаў шкадаваньне, спачуваньне, ну і зьвяртаецца традыцыйна да ўладаў разабрацца і гэтак далей. А што заявіў лідэр камуністаў? Я прачытаў: аказваецца, гэта была правакацыя, не выключаецца, што гэта была правакацыя ўладаў. Нібыта ўлады супраць сябе зрабілі правакацыю. Ну гэта ж фашыстоўская ідэалёгія. З тых часоў, калі Рэйхстаг спалілі для таго, каб разграміць у вядомай краіне камуністаў. Дык розьніца ж у тым, што я гэтых апазыцыйных калякінскіх камуністаў ва ўпор ня бачу. Разумееце? Каб недзе штосьці узрываць і паліць, каб разабрацца зь нейкімі там няўгоднымі. Ну вы паглядзіце, якая ў іх фашысцкая ідэалёгія? Куды скаціліся гэтыя так званыя ПКБэшнікі?!”

Сяргей Калякін 7 ліпеня гэтак адрэагаваў на гэтыя выказваньні А. Лукашэнкі:

“Калі я даваў інтэрвію Свабодзе, то я казаў, што наступнае разьвіцьцё падзеяў і іх інтэрпрэтацыя будуць пацьвярджаць тыя ці іншыя вэрсіі ці падазрэньні аб тым, што адбывалася. У сваім інтэрвію, я, на жаль, пасьпяшаўся, высока ацаніўшы працу праваахоўных і мэдыцынскіх службаў. Сёньня, маючы больш поўную інфармацыю, якую нам паведамілі, што было два выбуховых прыстасаваньня, і адно зь іх знайшлі за паўтары гадзіны да выбуху... А потым адбыўся выбух і не было прадпрынята захадаў, каб папярэдзіць магчымую катастрофу... Хто ведаў, што там магло быць і два, і тры, і пяць прыстасаваньняў. Тое, што праваахоўныя органы і людзі ва ўрадзе, якія за гэта адказвалі, не спынілі гэтае мерапрыемства, і вывесьці людзей зь небясьпечнай зоны. Гэта гаворыць як мінімум аб непрафэсыяналізме дзеяньняў.

Альбо гэта можна было рабіць толькі тады, калі людзі былі ўпэўненыя, што гэтых выбуховых прыстасаваньняў толькі два. Але гэта маглі ведаць толькі тыя, хто іх закладваў. І тады можна было свабодна працягваць канцэрт, не хвалюючыся ні за лёс кіраўніка дзяржавы, ні за лёс тых, хто там знаходзіўся...

А другая сытуацыя зьвязаная з тым, што пацьвярджаецца мой прагноз, што ўлады спрабуюць выкарыстаць гэтыя трагічныя падзеі ў палітычных мэтах. У прыватнасьці выступ і камэнтар Лукашэнкі з нагоды часткі майго інтэрвію,-- гэта палітызаваная заява крайне нізкай якасьці. Таму што выкарыстоўваць у нашай краіне абвінавачваньне ў прыхільнасьці фашыстоўскай ідэалёгіі – гэта яўна ўдар ніжэй пояса і без правілаў, тым больш неадпаведны рэчаіснасьці. І гэтыя блытаныя тлумачэньні наконт Рэйхстагу і камуністаў мяне заблыталі канчаткова, што хацеў сказаць Лукашэнка...

Але, на жаль, тое, што гэта хутка разьвіваецца ў кірунку палітызацыі і спробы зьвядзеньня рахункаў з нязгоднымі і апазыцыяй, гэта наводзіць на трывожныя думкі і больш умацоўвае мяне ў сумненьнях, а ці не маюць дачыненьня да гэтага людзі, што знаходзяцца ва ўладзе?”


Паколькі 4 ліпеня Свабода ў матэрыяле аб рэакцыі апазыцыі на менскі выбух выкарыстала ня ўвесь камэнтар Сяргея Калякіна, па просьбе апошняга публікуем яго цалкам.

Камэнтар Сяргея Калякіна Свабодзе ад 4 ліпеня:

“Я не хацеў бы рабіць заўчасных заключэньняў, як улада будзе выкарыстоўваць гэты выпадак... Перш за ўсё я хацеў бы зазначыць, што гэта вельмі трагічны і сумны выпадак, і хто б яго не арганізоўваў, у гэтых людзей адсутнічае і сумленьне і міласэрнасьць, спагада...

Нічога гэтым актам яны не вырашылі ні для Беларусі, ні для сябе. Пацярпелі дзесяткі ні ў чым не павінных людзей, гэта чалавечная трагедыя... Тут вельмі дарэчы слова “адмарозкі” у дачыненьні да арганізатараў і выканаўцаў.

З пункту гледжаньня таго, хто б мог арганізаваць, паводле інфармацыі, якую я аналізаваў, то гэта было праведзена такім чынам і ў такім месцы, што разглядаць гэта як тэракт ці спробу тэракту няма падставаў. Гэта было далёка ад таго месца, дзе быў цэнтар падзеяў, дзе знаходзілася кіраўніцтва рэспублікі.

Ёсьць небясьпека канешне, у мяне ўвогуле ёсьць, на жаль, пэўныя сумненьні на гэты конт. А можа, камусьці ва ўладных структурах было выгадна зрабіць такую правакацыю перад парлямэнцкімі выбарамі, каб узбудзіць чарговую хвалю псыхозу, паспрабаваць абвінаваціць апазыцыю і пачаць закручваць гайкі па ўсіх кірунках. Калі такое будзе адбывацца з боку ўлады, то ў мяне будуць усё большыя сумненьні наконт таго, а ці не маюць дачыненьне да гэтага ўладныя структуры.

Але яшчэ раз скажу, што пакуль рана рабіць вывады. Усё гэта вельмі сумна і трагічна. Тут у Беларусі людзей, якія выйгралі ад гэтага проста не існуе Я лічу, што ўсе мы апынуліся ў новай сытуацыі і тое, што заўсёды казалі пра тое, што ў нас усё ціха і ў нас нічога не выбухае, нічога не адбывае, аказваецца і ў нас можа адбывацца.

Думаю, што дзеяньні праваахоўных органаў былі даволі адэкватнымі і прафэсійнымі, і тое, што ім удалося не дапусьціць панікі і такой трагедыі, якую мы нядаўна перажылі на Нямізе, на што быў разьлік тых, хто ўчыніў гэты выбух, то праваахоўныя органы гэта зрабілі, лакалізавалі гэтае месца, каб не пайшла панічная інфармацыя. І мэдыкі спрацавалі апэратыўна.

Тое ж, што ў грамадзтве адбываюцца нейкія нездаровыя працэсы, што такія праявы здараюцца з хуліганскіх ці іншых матываў,-- вось гэта вельмі сумна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG