Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў часе нарады аб ходзе расьсьледаваньня выбуху 4 ліпеня ў Менску заявіў, што дзяржсакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман не павінен заставацца на сваёй пасадзе пасьля гэтага выпадку. З пагрозамі звальненьня ён выступіў і адносна кіраўнікоў сілавых структур, якія вядуць сьледзтва.

У параўнаньні з заявамі, якія гучалі 6 ліпеня, танальнасьць выказваньняў А. Лукашэнкі наконт менскага выбуху кардынальна памянялася. Калі 6 ліпеня на "Лініі Сталіна" ён казаў, што сытуацыя ў краіне застаецца пад кантролем, і хваліў праваахоўныя органы і мэдыкаў за ўдалую працу, то сёньня зь ягоных вуснаў гучала жорсткая крытыка.

Аб'ектам нумар адзін гэтай крытыкі стаўся ягоны бліжэйшы паплечнік дзяржсакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман, які, паводле словаў Лукашэнкі, не павінен заставацца на пасадзе:

«Я ня думаю, Віктар Уладзімеравіч, што вы павінны застацца на гэтай пасадзе пасьля гэтага інцыдэнту. Вы вінаватыя перш за ўсё. Вы паводле даручэньня прэзыдэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізоўвалі падобныя мерапрыемствы. І нічога не зрабілі! Вы і кіраўнік адміністрацыі – а ён адказвае за палітычны бок, а вы за бясьпеку – вы ні чорта, прабачце мяне, да гэтага не зрабілі. Вы пішаце мне рапарты аб тым, што там адбылося. Я больш за вас ведаю, што там адбылося, а дзяржаўнага сакратара няма на мерапрыемстве і ў полі зроку ня бачна».

Калі паўторыцца сытуацыя зь віцебскім выбухам, і вінаватых у арганізацыі выбуху таксама ня знойдуць, «на вашых пасадах будуць працаваць іншыя»,-- заявіў А. Лукашэнка, зьвяртаючыся да іншых кіраўнікоў сілавых ведамстваў.

Акрамя таго, ён загадаў аказаць матэрыяльную падтрымку ўсім пацярпелым, паколькі менавіта адпаведныя службы не змаглі забясьпечыць іх бясьпеку, хоць гэта можна было зрабіць элемэнтарна.

Паводле словаў А. Лукашэнкі, выпадак адбыўся ў месцы, дзе, як яму дакладвалі, Служба бясьпекі, міліцыя, КДБ поўзалі па-пластунску, якія былі ўзятыя пад асаблівую ахову. «Як жа гэта адбылося? Як жа вы поўзалі, як ахоўвалі?»-- спытаў А. Лукашэнка сілавікоў.

А. Лукашэнка ў часе нарады з кіраўнікамі праваахоўных органаў таксама заявіў, што ў часе інцыдэнту 4 ліпеня і праваахоўныя органы, і службы выратаваньня спрацавалі неапэратыўна.

«Мне часта задаюць пытаньне, чаму я туды палез? Я б гэтага не зрабіў, калі б ня ўбачыў, што вы сабралі там, Генадзь Мікалевіч з Касінцом, дзясяткі карэт хуткай дапамогі, і яны тапталіся на месцы зь мігалкамі, пакуль я туды не прыйшоў. Навошта вы зьбіралі там гэтыя мігалкі і стварылі дадатковую дыскатэку? Вы што, не разумееце, што гэта прыцягвала ўвагу людзей і туды альбо адтуль маглі рынуцца людзі? І вось вам вынік панікі».

А. Лукашэнка выказаў недаўменьне, чаму не была створаная спэцыяльная брыгада, якая б дапамагала людзям на месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG