Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хельга Шмідт – начальнік аддзелу палітыкі Генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу, кантактная асоба Генсэка Хавіера Саляны ў пытаньнях узаемадзеяньняў з Рэспублікай Беларусь -- сёньня наведала Цэнтравыбаркам Беларусі

Падчас гутаркі з старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай спадарыня Шмідт, а таксама супрацоўніца аддзелу палітыкі Пірка Тапіёла задавалі шмат канкрэтных пытаньняў, якія тычацца правядзеньня восеньню выбараў у Нацыянальны сход. Прынамсі, іх цікавіла, як ствараюцца выбарчыя камісіі розных узроўняў, хто мае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты і г.д.

У прадстаўнікоў Эўразьвязу заплянаваныя таксама сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта і міністэрстве замежных справаў.

Лідэры Аб’яднаных дэмсілаў падчас размовы з гасьцямі з Брусэлю распавялі пра тое, як пачалася выбарчая кампанія. Апазыцыя нагадала, што зрабіла тры канкрэтныя прапановы ўладам, скіраваныя на тое, каб выбары ў Беларусі адпавядалі эўрапейскім стандартам. Пакуль на іх атрыманыя адмоўныя адказы.

Сустаршыні АДС выказалі меркаваньне, што ўдзел апазыцыі ў выбарах будзе залежаць ад рэгістрацыі яе прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх роўняў і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ад АДС. “Магчыма, нам прыйдзецца ў апошні момант зьняць сваіх кандыдатаў” – папярэдзілі Брусэль лідэры апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG