Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты заселі за падручнікі


У навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа пачалася летняя сэсія.

Цягам апошніх гадоў яна ўжо традыцыйна адбываецца ў Польшчы. Гэтым разам паўтарамесяцовы навучальны курс будзе разьбіты на тры двухтыднёвыя кавалкі кожны – у Варшаве, Шклярска-Парэмбе і Гданьску. Адметнасьць гэтага году – у ліцэйскую сям’ю ўліліся дзеці многіх вядомых у Беларусі людзей.

У адсутнасьць спрыяльных умоваў для навучаньня ў Беларусі адміністрацыя Коласаўскага ліцэю змушаная шукаць варыянты выязных сэсій за межамі краіны. Нагадаю, што ў 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі дзяржаўная ўстанова “Беларускі гуманітарны ліцэй” была зачыненая. Аднак калектыў не зьмірыўся з такой радыкальнай высновай і вырашыў працягнуць працу ў напаўпадпольных умовах.

У апошнія гады дае плён супрацоўніцтва з польскімі калегамі, якія на час летніх вакацый дзяцей у Польшчы даюць магчымасьць беларускім навучэнцам займацца ў абсталяваных клясах і лябараторыях.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас кажа, што праграма знаходжаньня ў Польшчы насычаная літаральна ад першага дня. Але апроч чатырох параў заняткаў штодня, таксама заплянаваная вялікая культурна-адукацыйная праграма:

“Калі было ўрачыстае адкрыцьцё нашай летняй школы, нас наведаў віцэ-мэр Варшавы Ўладзімер Шпачынскі, а таксама загадчыца гарадзкога аддзелу адукацыі. Была сустрэча з кіраўніцтвам амбасады Нідэрляндаў, дзьвюма групамі мы туды хадзілі, а таксама сустрэчы ў канцылярыі прэм’ер-міністра Дональда Туска і ў Сэйме. У Варшаўскім музэі на катэдры фізыкі была лекцыя. Таксама заплянаваная экскурсія ў Асьвэнцым і паход у археалягічны музэй”.

Адметнасьцю новага навучальнага сэзону, які для ліцэістаў фактычна ўжо стартаваў, – гэта прыём у свае шэрагі дзяцей вядомых у Беларусі людзей. Свае сілы пад дахам ліцэю імя Якуба Коласа паспрабуе дачка трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, дачка мастака Артура Клінава, сын скульптара, аўтара плэнэраў “Легенды з пяску” Геніка Лойкі ды іншыя.

Артур Клінаў кажа, што задаволены выбарам сваёй дачкі Марты, які, удакладняе мастак, яна зрабіла сьвядома:

“Я, шчыра кажучы, ніяк дачку на гэта не настройваў. Гэта яе асабістае рашэньне, прычым рашэньне абсалютна сьвядомае. І я лічу, што ў 14 гадоў яна ўжо дастаткова дарослая, каб прымаць такія адказныя рашэньні. Яна так захацела, а я, натуральна, ніяк не адгаворваў. Наадварот, мяне ўзрадавала, што ёсьць такая мажлівасьць вучыцца ў ліцэі. Тым больш, што ліцэй мне абсалютна сымпатычны – і складам вучняў, і складам цудоўных пэдагогаў, настаўнікаў. І ўвогуле ўсёй аўрай, атмасфэрай, якая вакол яго існуе. Таму, думаю, гэта вельмі добрае рашэньне зь яе боку”.

Карэспандэнт: “А тое, што адразу такое выпрабаваньне – на 1,5 месяца фактычна ў дарослае жыцьцё?”

“А гэта якраз добра. Няхай з раньніх гадоў шукае свой шлях самастойны ў жыцьці. Так што гэта якраз нармалёва”.

16 жніўня навучэнцы і выкладчыкі Коласаўскага ліцэю пераяжджаюць з Варшавы ў курортны гарадок Шклярска-Парэмба. А адтуль праз два тыдні – у Гданьск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG